Шпіталізацыя пацыента ў Мінску. Фота vk.com/chp_minska

Шпіталізацыя пацыента ў Мінску. Фота vk.com/chp_minska

Праўда. Але гэта — пры найгоршым сцэнары, імавернасць якога невысокая. Гэта не значыць, што можна не мыць рук.

У СМІ прайшла інфармацыя, што Брытанія, Францыя і Германія дапускаюць варыянт, пры якім у кожнай з іх каранавірусам заразіцца ад 50 да 80 працэнтаў насельніцтва. Пры гэтым прыкладна 1% ад носьбітаў інфекцыі можа памерці, а 15% інфікаваным, можа, спатрэбіцца шпіталізацыя.

Такія прагнозы навукоўцаў сапраўды былі складзеныя для ўрадаў гэтых краін — прычым паралельна, незалежна рознымі камандамі эпідэміёлагаў. Ім можна давяраць, яны грунтуюцца на матэматычных мадэлях.

Пры такім сцэнары, напрыклад, у Брытаніі з яе 68-мільённым насельніцтвам заразілася б больш за 40 мільёнаў, паўмільёна з іх страцілі б жыццё.

Але гаворка пра «найгоршы сцэнар». Так пандэмія развівалася б, калі б не было каранцінных абмежаванняў, калі б з заразай не змагаліся. Тады лік ахвяр у свеце, сапраўды, цягам некалькіх месяцаў пайшоў бы на дзясяткі мільёнаў.

Існуюць яшчэ і «сярэдні», і «найлепшы» сцэнары. Пры іх дзяржавам удасца паспяхова мінімізаваць удары эпідэміі да таго моманту, калі навукоўцы здолеюць вынайсці лекі і вакцыны. Гэтая справа можа заняць месяцы, год, а не доўгія гады. 

«Найгоршы сцэнар» малаімаверны ва ўмовах Еўропы. Ёсць спадзяванне, што ўжо праз 7-10 дзён абмежавальныя меры пачнуць даваць эфект нават у найгоршых агмянях заразы. 

Ніхто не можа прадказаць, калі пандэмія дасягне свайго піку, бо чалавецтва ніколі раней з такім выклікам не сутыкалася. Аптымізму надае той факт, што і горад Ухань у Кітаі, і Паўднёвая Карэя заразу змаглі спыніць даволі хутка. Пік эпідэміі ў Кітаі быў пройдзены прыкладна праз 5 тыдняў пасля выяўлення першых выпадкаў. 

Чытайце таксама: База адрасоў хворых у публічным доступе і татальны кантроль. Як Сінгапуру ўдалося стрымаць Covid-19 — расказвае беларуска

Але праекцыі тут не працуюць. У Кітаі эпідэмію прыгасілі, кінуўшы на гэта гіганцкія людскія і матэрыяльныя рэсурсы, або якіх у большасці краін няма, або якія немагчыма таталітарна мабілізаваць. У Карэі колькасць выпадкаў была ўсё ж не настолькі вялікая, як у некаторых еўрапейскіх краінах, дзе алей ужо разліты моцна-моцна.

У гэтых еўрапейскіх краінах крывая можа аказацца вышэйшай, чым у Кітаі. У гэтым і ёсць і роля клімату, і роля культурных традыцый, і доля выпадковасці.

Італія аказалася свайго роду «выпрабаваўчым палігонам» эпідэміі ў Еўропе.

Пакуль колькасць заражэнняў і смерцяў на Апенінах расце. Эпідэміёлагі чакаюць, што абмежавальныя меры, уведзеныя ў Італіі на мінулым тыдні, пачнуць даваць свой эфект у найбліжэйшы час.

Той факт, што песімістычны сцэнар малаймаверны, не азначае, што на небяспеку можна пляваць. Наадварот, адказныя паводзіны і датрыманне гігіены і ёсць тым бар'ерам, які толькі і можа спыніць вірус і абараніць жыцці старых людзей.

Чытайце таксама: Не ўсё так проста! Як правільна мыць рукі, дэзынфікаваць гаджэты, трымацца за поручні. Правілы адказных паводзін падчас эпідэміі. ВІДЭАінструкцыя ад доктара Салошкіна

Варта ўлічваць, што пандэмія будзе працягвацца і пасля сканчэння «першай хвалі». 

Што да Беларусі, то пакуль што немагчыма прадказаць, як у нас будуць развівацца падзеі. Тое, што ў звычайным жыцці было мінусам, пры форс-мажоры стала нашым плюсам: наша краіна ляжыць трохі ўбаку ад асноўных пасажырскіх шляхоў з Кітая ў Еўропу і на перыферыі міжнароднага гандлю, якія і прынеслі Covid-19 у Стары Свет. Зусім як калісьці чуму — яе таксама прынеслі з Кітая генуэзскія купцы.

Магчыма, вірус у Беларусі ўдасца стрымаць кропкавымі метадамі, як гэта спрабуюць рабіць цяпер. Калі ж ён усё ж распаўсюдзіцца, то тады многае будзе залежаць ад здольнасці ўтрымаць першую хвалю, бо, як паказвае досвед і Уханя, і Ламбардыі, працэнт смяротных выпадкаў рэзка расце, як толькі сістэма аховы здароўя перапаўняецца.

Па стане на сёння ў Беларусі зрабілі 16 тысяч тэстаў на каранавірус. Для параўнання: у Брытаніі, якая апярэджвае нас па тэмпе распаўсюду віруса, — толькі 40 тысяч, або ў 3 разы менш у пераліку на душу насельніцтва. З другога боку, маем прыклад Нямеччыны, якая ў тэрміновым парадку нарасціла магчымасці і цяпер можа выконваць 12 тысяч тэстаў за дзень. Здаецца, менавіта дзякуючы стараннай ранняй ідэнтыфікацыі выпадкаў і вычарпальнага інфармавання грамадства пра небяспекі немцы маюць меншую колькасць заражэнняў і зусім малую смяротнасць адносна суседніх краін Заходняй Еўропы.

Чытайце таксама: Улады Расіі хаваюць інфармацыю пра маштабы эпідэміі? Лукашэнка: «Як учора сказаў прэм'ер Расіі, у іх пажар: не ўсё ў СМІ давалі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?