Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра тое, чаму кожны беларус павінен клапаціцца пра сваё здароўе сам.

Любая сістэма праяўляе сябе напоўніцу толькі ў сітуацыі паўнавартаснага, на мяжы жыцця і смерці людзей, крызісу. Да шмат каго ў свеце цяпер даходзіць, што такое насамрэч дзяржава і ў якой дакладна дзяржаве ім выпаў гонар жыць і быць грамадзянамі.

Я толькі што атрымаў ліст ад сябра са Штатаў, які са здзіўленнем піша, што не мог нават уявіць сабе сітуацыю дэфіцыту туалетнай паперы ў ЗША. Гэтая туалетная папера наогул анекдот, «закупы суднага дня» — нешта вартае п’есы абсурду. Калі таварышы ва ўсім свеце, рыхтуючыся да самазамыкання ў бункерах, чамусь у першую чаргу думаюць пра ўласную сраку і толькі потым — пра ежу ды антыбіётыкі шырокага спектру, адзіную каштоўную рэч у часы апакаліпсісу.

Жыхары Італіі былі відавочна шакаваныя тым, што за нематываваны выхад з кватэры можна атрымаць штраф у 200 еўра. Яны не звыклыя да такога абыходжання з сабой, такімі вольнымі і самаўпэўненымі.

У гэтым сэнсе не трэба падманвацца паспяховым заканчэннем эпідэміі ва Ухані і экстрапаляваць яго на нашыя тэрыторыі. Кітай увёў смяротнае пакаранне за непаведамленне пра хваробу. Смяротнае пакаранне. У нашых шыротах такія меры немагчыма ўявіць, таму і хуткасць распаўсюду, гэтаксама як і стратэгіі сыходу эпідэміі, будзе зусім іншая.

Італьянцы збіраюцца па вечарах на гаўбцах сваіх замкнутых кватэр і разам спяваюць песні. Так яны разам падымаюцца над сітуацыяй, у якую іх паставіла дзяржава.

А што ж з Беларуссю?

Тут таксама цікава. Тут таксама ёсць салідарнасць грамадзян, але ў адваротным кірунку.

Тут дзяржава вырашыла паводзіцца мякка. Сістэма, якая сама сябе называла «моцнай», «стабільнай», раптоўна прыняла рашэнне не лютаваць з каранцінам. Папярэдне гарантаваўшы бяспеку арыстакратам, адмяніўшы прэсавыя канферэнцыі і іншыя выхады да «звычайнай» публікі.

Правільна гэта ці не, я не ведаю, бо, па-першае, я не медык, па-другое, у мяне няма і дзесяці адсоткаў статыстыкі па хуткасці разыходжання віруса і сапраўднай колькасці інфікаваных у Беларусі. Магчыма, усё, што адбываецца цяпер, — пустая паніка, і больш карысці будзе, калі ў Беларусі захаваецца спажывецкі спакой. Застанёмся хаця б з туалетнай паперай і пачуццём уласнай годнасці.

Але адказнасць за прынятую тактыку — на сістэме. І гэтую адказнасць давядзецца несці пасля напоўніцу.

Адказваць за кожную коску, за кожны закід (пра прыём у амбасадзе еўрапейскай дзяржавы, ага!) са скандальных прэс-рэлізаў. Я вельмі не ўпэўнены, што гэты істэрычны енк варта было публікаваць.

І калі каранцін на сістэмным узроўні пазней будзе ўсё ж абвешчаны, параўнанні з СССР часоў Чарнобыля ўжо непазбежныя, бо сітуацыя вельмі падобная.

Бо ўжо запозна.

У гэтым усім у першую чаргу мяне цікавіць менавіта яна.

Адказнасць.

Тое, што я асабіста зрабіў ці не зрабіў, каб не павялічваць патэнцыйную колькасць інфікаваных.

На 19.03 у адной з вельмі прыстойных пляцовак была прызначаная адкрытая лекцыя, якую я збіраўся прачытаць разам з калегамі па гуманітарных навуках. Мерапрыемства планавалася бясплатным, і мы меркавалі, што добрую сотню наведнікаў яно дакладна збярэ. Мы двойчы сустракаліся, каб выбудаваць аргументы і ўзгадніць сцэнар. Зрабілі вельмі крутую афішу. Пазаўчора вырашылі, што анонса не будзе, афішу не публікуем, а мерапрыемства — ужо распрацаванае — адкладзём на той час, калі ўсё скончыцца (калі, калі…).

Бо ёсць шанец, што эпідэміі тут не будзе. Што абыдзецца і не пойдзе па лыжні Нямеччыны, Іспаніі, Францыі, Італіі. Але не хочацца рабіць учынкаў, за якія потым давядзецца несці абарону — не перад сістэмай, бо юрыдычных наступстваў дагэтуль не ўведзена — але перад Богам.

Я тут не гераізую — ні сябе, ні маіх калегаў, ні пляцоўку, якая з разуменнем паставілася да адмены.

Бо мы — адны з усіх.

Выбар цяпер робіць кожны беларус. На сваім, чалавечым, узроўні. Кожны сам вырашае, ці весці дзяцей у школу і садок, ці ісці ва ўнівер, ці карыстацца грамадскім транспартам. Ці насіць маску.

Я яшчэ ніколі не чуў пра народны каранцін.

Такога няма ў Еўропе ці ЗША таму, што там каранцін абвяшчае і захоўвае дзяржава.

Дык вось ён, тут, глядзіце і запамінайце.

Часы наогул насталі такія, што варта весці дзённік.

Занатоўваць усё тое, пра што — як вы цяпер думаеце — ніхто праз год і не згадае. Нарэшце, любая катастрофа, ад падзення фондавага рынку ЗША і да масавых смерцяў у Італіі, — гэта катастрофа адносінаў паміж людзьмі.

Давайце паспрабуем захаваць у сабе чалавечнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?