Тыдзень таму ў Газеце ARCHE з’явіўся артыкул мовазнаўцы Юрыя Пацюпы пад назвай «Ермаловіч як заснавальнік нацыянальнай парадыгмы гісторыі». Ім аўтар адрэагаваў на дыскусіі ў СМІ і сацыяльных сетках, навеяныя 20-й гадавінай смерці Міколы Ермаловіча.

Працы гэтага гісторыка-самавука, прысвечаныя найранейшым перыядам нашай гісторыі, у часы гарбачоўскай перабудовы і першых гадоў незалежнасці Беларусі нямала спрычыніліся да ажыўлення гістарычнай памяці беларусаў, да ўзнікнення ў іх цікавасці да ўласнай мінуўшчыны.

Але за дзесяцігоддзі, што прамінулі ад тых падзей, калісьці захопленае стаўленне да ермаловіцкай творчасці ў многіх эвалюцыянавала да больш крытычнага.

Сёння ён успрымаецца ўжо не толькі як разбуральнік колішніх міфаў, але і як стваральнік новых.

Пацюпа ў сваім артыкуле імкнецца давесці, што творчасць Ермаловіча і цяпер для нас актуальная, хай сабе да палажэнняў ягоных прац навукоўцы і маюць абгрунтаваныя прэтэнзіі. Але гэта не відавочна.

Бо Ермаловіч і ягоныя працы — прадукт свайго спецыфічнага часу, а часы цяпер мяняюцца так імкліва, як ніколі раней.

П’едэстал заслужаны, але не навуковы

Пішучы свой артыкул, спадар Пацюпа, на жаль, не патрапіў апанаваць уласныя эмоцыі. А без гэтага немагчыма ацаніць унёсак Міколы Ермаловіча ў беларускую справу з вышыні пражытых нашым грамадствам гадоў і праз прызму атрыманага за гэты час досведу. Рабіць жа гэта абавязкова трэба, бо адэкватна адказваць на выклікі сучаснасці, сутаргава хапаючыся за мінулае, наўрад ці магчыма.

Для мяне асабіста няма сумневу ў тым, што Мікола Ермаловіч усім сваім самаахвярным жыццём цалкам заслужыў сабе высокае месца ў нацыянальным пантэоне. Вось толькі ў пантэоне тым ёсць розныя п’едэсталы, і важна паставіць Ермаловіча на належны яму, а не намагацца насуперак фактам і здароваму сэнсу працягнуць на той, прэтэнзіі на які даволі сумнеўныя.

Карта Літвы па Ермаловічу. Малюнак самога Міколы Ермаловіча

Кажучы карацей, выключнасць ролі Ермаловіча як абуджальніка прыснулага нацыянальнага духу ў той гістарычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі напрыканцы ХХ стагоддзя, несумненная. І менавіта за гэта яму заслужана належыць удзячнасць нашчадкаў.

Але з навуковага пункту гледжання ягоная канцэпцыя аказалася неканкурэнтаздольнай, і тут нічога не зробіш. Найлепш проста прызнаць гэты факт і не спрабаваць шукаць штучныя, а таму і непераканаўчыя аргументы, каб давесці адваротнае.

Быў век, быў час, была эпоха…

Прывяду характэрны прыклад аднаго з такіх штучных аргументаў.

Юры Пацюпа ў сваім тэксце акцэнтуе ўвагу на велізарным эмацыйным уздзеянні, якое аказвала на людзей ягонага пакалення творчасць маладзечанскага падзвіжніка. І ўздыхае, што цяпер усяго таго няма і знаку:

«Ёсць бліскучыя артыкулы, ёсць уражвальныя асобныя навуковыя адкрыцці, ёсць грунтоўныя манаграфіі, але няма адкрыцця сусвету, космасу Беларусі, які мы перажывалі, калі чыталі Ермаловіча».

І хоць наўпрост таго не кажа, але яўна намякае на тое, што справа тут менавіта ў саміх працах і таленце іх аўтара, а не ў тым часе, калі яны сталі даходзіць да мэтавага спажыўца.

Але агульны кантэкст тут важны найперш, і забывацца пра яго не варта, як бы ні кружыла галаву настальгія. Пра працы Міколы Ермаловіча шырэйшае грамадства даведалася ў той «бурапенны» час, калі ў выніку развіцця гарбачоўскай перабудовы раптам адкрыліся шматгадовыя цэнзурныя шлюзы і праз іх проста ў галовы грамадзян імкліва рынула цэлая рака інфармацыі, што раней ці мёртва блакавалася, ці прынамсі абмяжоўвалася.

Тычылася гэта не толькі нашай, беларускай гісторыі: і ў агульнасаюзных маштабах тады ледзь не штодня з’яўляліся публікацыі, якія адкрывалі грамадскасці вочы на штосьці, пра што раней ці не было вядома зусім, ці вядома толькі ў вельмі ўрэзаным і перакручаным выглядзе.

І гэта, сапраўды, прымушала многіх у духоўным сэнсе проста нараджацца наноў, радыкальна пераасэнсоўваючы свой светапогляд. Такі быў час, сапраўды незабыўны для тых, хто тады жыў і мог гэта ўсё самастойна перажываць.

Але час той даўно прайшоў і ўжо ніколі не вернецца, прынамсі за нашым жыццём.

Бо цяпер няма той неабходнай перадумовы, якая зрабіла яго ў прынцыпе магчымым: амаль поўнай немагчымасці цягам дзесяцігоддзяў даследаваць пэўныя тэмы і рабіць па іх публікацыі.

Таму і недарэчная прэтэнзія Пацюпы да сучасных гісторыкаў, што ў іхніх працах няма «адкрыцця сусвету і космасу Беларусі», якія некалі былі ў Ермаловіча. Напісанне і выхад у свет сучасных гістарычных твораў — працэс хутчэй будзённы.

Яны, сапраўды, ужо не ставяць раптоўна ўсё з галавы на ногі, але зусім не таму, што неяк не так, як трэба, напісаныя. Проста айчынная навука цяпер стаіць, як ёй і належыць, на нагах, а не на галаве, таму і перастаўляць нічога патрэбы няма.

Сродак узварушыць балота

А вось трыццаць з лішкам гадоў таму ўсё было зусім інакш. Айчыннай гістарыяграфіі палітычнай гісторыі ВКЛ тады практычна не існавала, а стварыць яе ўвадначас немагчыма. Між тым раптоўна абуджаная да нацыянальнага жыцця частка грамадства мусіла на нешта абапірацца тут і цяпер, даводзячы, кажучы словамі класіка, «што пачаліся мы не ўчора, наш род, культура, мова, быт».

Тут і прыдаліся выцягнутыя з шуфляды ўжо даўно гатовыя тэксты Ермаловіча, балазе яны і так ужо пэўны час хадзілі ў рукапісах.

Немагчыма адмаўляць той факт, што Ермаловіч здабыў тады даволі моцную падтрымку з боку часткі нацыянальна арыентаванай акадэмічнай супольнасці. Пацюпа даволі шмат прысвяціў месца аповеду пра тое, як Ермаловіча ў тыя гады і прыватна, і публічна актыўна падтрымліваў такі аўтарытэт, як Міхась Ткачоў. І тым самым ён як бы закідае каменьчык у агарод навукоўцаў цяперашніх: маўляў, навуковыя зоркі таго пакалення Ермаловіча цанілі і шанавалі, а вось маладзейшыя набраліся пыхі…

Але ці абавязкова падтрымка Ермаловіча з боку Ткачова і іншых сведчыць пра тое, што гэтыя людзі высока ацэньвалі менавіта навуковы ўзровень твораў энтузіяста з Маладзечна? Здаецца ўсё ж, што вырашальнае значэнне ў большасці выпадкаў тут мелі, па-першае, умовы напружанай ідэалагічнай барацьбы, якая тады вялася з кансерватыўнымі, антынацыянальнымі сіламі, а па-другое, біяграфія самога Ермаловіча.

Сам дух часу быў тады такі, што было не да асаблівай крытычнасці і букваедства. Здавалася б, створаная на вякі сістэма ўвачавідкі валілася, а гэта захоплівала і кружыла галаву ўсім, не выключаючы і вядомых навукоўцаў. У той жа час напружаная, сапраўды тытанічная праца, якую паўсляпы чалавек рабіў насуперак неспрыяльным абставінам тры дзесяцігоддзі, не толькі не спадзеючыся атрымаць за гэта нейкія дывідэнды, але і пастаянна сутыкаючыся з ганеннямі, не магла не выклікаць захаплення і павагі. Створаныя коштам такіх высілкаў і ахвяр працы нават дзеля банальнай справядлівасці былі вартыя як мінімум таго, каб быць апублікаванымі і стаць даступнымі шырокай аўдыторыі.

У той жа час, калі пачытаць прадмовы навукоўцаў да першых выданняў кніг Ермаловіча — іх аўтарамі былі Леанід Аляксееў і Міхась Ткачоў, — то можна заўважыць, што яны былі хоць і цёплымі, але дастаткова стрыманымі. Абодва навукоўцы перадусім выказвалі спадзяванне на тое, што пры дапамозе прац Ермаловіча ўдасца абудзіць навуковы пошук і выклікаць дыскусію, каб «пераглядзець застарэлыя ў нашай гістарыяграфіі погляды». А канкрэтнаму зместу асаблівых панегірыкаў не спявалі.

Трэба сказаць, што ў сваіх чаканнях масцітыя навукоўцы, сапраўды, не падмануліся. Ермаловічавы кнігі з’явіліся ў патрэбны час і ў патрэбным месцы: яны зарадзілі цікавасць да нашай старажытнай гісторыі з боку простых людзей і адначасова стымулявалі да навуковай распрацоўкі гэтых тэмаў прафесіяналаў. Тым больш што распачатае нацыянальнае абуджэнне натхніла да прыходу ў айчынную медыевістыку шэраг маладых і таленавітых людзей, якія ў іншых умовах абралі б, магчыма, калі не іншую прафесію, то іншую тэматыку.

«Патрэбна эрудыцыя ўзроўню Лаўмянскага…»

І вось тут адбыўся казус.

Людзі, якія пачыналі прафесійна і сумленна даследаваць старажытную гісторыю Беларусі, мо нават першапачаткова шчыра намерваючыся ісці слядамі Ермаловіча, пры заглыбленні ў тэму разумелі, што зробленыя ім смелыя высновы з навуковага пункту гледжання надта сумнеўныя.

У чым была не так віна аўтара, як ягоная бяда: Ермаловіч не меў ні доступу да многіх важных крыніц, ні належнай кваліфікацыі.

Гэта ў лістах да калег адзначаў яшчэ ў сярэдзіне 1980-х наш вядомы гісторык Мікалай Улашчык, добра знаёмы з працамі маладзечанскага даследчыка.

Увогуле Улашчыку вельмі імпанавалі Ермаловічаў беларускі патрыятызм і яго даследчыцкая апантанасць, але гэта не замінала яму пісаць:

«На маю думку, гэта гіпотэза (зараз ніяк не больш) карысная тым, што ўзбудзіла цікавасць, але каб яе вырашыць, гэта значыць, каб адкінуць погляды, якія складаліся сотні гадоў, патрэбна эрудыцыя ўзроўню Лаўмянскага. Патрэбна навуковае веданне лацінскай і старанямецкай моваў і ўсіх еўрапейскіх моваў. Перш за ўсё, патрэбна правяраць кожнае слова крыніц, лацінскіх і старанямецкіх, значна прасцейшыя матэрыялы летапісаў… У нас пакуль такіх спецыялістаў няма і, відаць, будуць не скора… Калі ў нас будзе спецыяліст такога рангу, тады праблему, узнятую Ермаловічам, можна будзе ставіць на навуковы грунт…»

Не бяруся сцвярджаць, што чалавек узроўню згаданага Улашчыкам Генрыка Лаўмянскага з’явіўся ў беларускай навуцы і сёння. Але тое, што школа айчынных даследчыкаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў Беларусі ў апошнія 30 гадоў такі сфармавалася ды можа пахваліцца пэўнымі дасягненнямі — факт несумненны. Прытым, што важна, наша навуковая супольнасць не існуе ў сваім уласным прыдуманым свеце, а ўключаная ў агульны кантэкст развіцця еўрапейскай і сусветнай медыевістыкі. І ад вынікаў яе даследаванняў не могуць проста так адмахнуцца і іхнія калегі з суседніх краін, паколькі высновы грунтуюцца на аналізе крыніц, апрацаваных з захаваннем прафесійных стандартаў. А высновы тыя, хоць не пацвярджаюць чыста беларускага характару Вялікага Княства, у той жа час не пакідаюць сумневаў, што гэта была дзяржава не толькі продкаў сучасных літоўцаў, але і продкаў сучасных беларусаў. Што, уласна кажучы, і пастуляваў беларускі нацыянальны рух ад самага свайго нараджэння.

Не стваральнік, а прадаўжальнік

І вось тут можна паставіць пад сумнеў выключную ролю Ермаловіча ў змене беларускай навуковай парадыгмы, якую прыпісвае яму Юры Пацюпа.

Пацюпа безапеляцыйна сцвярджае, што менавіта «Ермаловіч давёў, што гістарычная Літва — гэта не чужая нам сіла, што гэта і ёсць сучасная Беларусь».

Але ж няўжо сапраўды да Ермаловіча беларускія патрыёты нават і не задумваліся, каб прэтэндаваць на спадчыну ВКЛ?

Тое, што гэта зусім не так, робіцца відавочным нават пры самым павярхоўным поглядзе на гісторыю беларускага нацыянальнага руху.

Дзіўна, што такі знаўца літаратуры, як Пацюпа, забыўся пра знакамітую фразу Францішка Багушэвіча з ягонай слаўнай прадмовы да «Дудкі беларускай»:

«Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмна; ад Каменьца места аж да Вязьмы — у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь!».

Што гэта, як не сцвярджэнне, што «гістарычная Літва — гэта не чужая нам сіла, што гэта і ёсць сучасная Беларусь»?

І Вацлаў Ластоўскі ў 1910 годзе ў «Кароткай гісторыі Беларусі» пісаў пра пачатковы перыяд існавання ВКЛ, што «такім парадкам мала-памалу з Беларускіх зямель злажылася новае гасударства — княжства Літоўска-Рускае». А ў «Кароткім нарысе гісторыі Беларусі» Усевалада Ігнатоўскага, які ў 1920-я, калі на Койданшчыне падрастаў Мікола Ермаловіч, выконваў функцыю нават школьнага падручніка, адпаведны раздзел называўся «Будаванне Літоўска-Беларускай дзяржавы ў ХІІІ сталецці», і ў ім сцвярджалася, што «такім спосабам Мэндаўг збудаваў гаспадарства, каторае з самага пачатку было не проста літоўскім, а літоўска-беларускім».

Больш за тое, незадоўга да Другой сусветнай вайны ў Заходняй Беларусі былі спробы стварыць нават канцэпцыю, якой беларускі этнічны складнік абвяшчаўся не толькі адным з удзельнікаў утварэння ВКЛ, але і ягоным ініцыятарам. Аўтарам такой ідэі быў Мікола Шкялёнак, а выклаў ён яе ўпершыню ў 1938 годзе ў артыкуле «Падзел гісторыі Беларусі на перыяды». Гэтая ідэя многім спадабалася, а падчас нямецкай акупацыі, якая пачалася праз некалькі гадоў, яна нават прапагандавалася ў школьных падручніках. Працытуем урывак з друкаваных тады ў беларускай прэсе «Расказаў з гісторыі Беларусі для школы і народу» Васіля Будзіловіча (псеўданім ксяндза Адама Станкевіча):

«Ужo ў гэтай дзяржаве, у якую, як бачым, не ўся ўвахoдзіла Беларусь, беларусаў былo без параўнання бoльш, чым ліцвіноў, усюды ў ёй панавалі беларускія парадкі і беларуская мoва. Літоўскім быў тoлькі сам князь Міндoўг. Усе літоўскія князі, якія былі пастаўлены Міндоўгам у беларускіх гарадoх, прымалі хрысціянства, беларускую мoву, жаніліся з беларускамі, ставаліся беларусамі і за Беларусь трымалі. Сам Міндoўг такжа прыняў хрoст у 1250 годзе ў Наваградку».

Такім чынам, і ў справе «беларускай гістарычнай парадыгмы» Ермаловіч зусім не быў піянерам, ён не зрабіў тут нейкага сапраўды глабальнага адкрыцця.

Хутчэй у поглядах на сутнасць Вялікага Княства Літоўскага ён працягваў той шлях, які быў магістральным для беларускага нацыянальнага руху ад самага яго зараджэння і які савецкая ўлада на падкантрольных сабе тэрыторыях (а пасля Другой сусветнай вайны падкантрольнай стала ўся Беларусь) змагла да пары «прыцьміць, загаціць».

Несумненная заслуга Ермаловіча ў тым, што ён сапраўды ці не адзіны ў пасляваеннай БССР спрабаваў працягваць і нават творча далей развіваць гістарыяграфічныя традыцыі, закладзеныя стваральнікамі беларускай ідэі. Але называць яго самога закладальнікам гэтых традыцый будзе ўсё ж такі яўным перабольшаннем.

Генадзь Каханоўскі і Мікола Ермаловіч. 1990-я

Не выпадаць з часу!

Часта пра неардынарных людзей кажуць, што яны апярэдзілі свой час.

Пра Ермаловіча, на жаль, такое сказаць ніяк не выпадае.

Бо ён са сваімі працамі з’явіўся якраз тады, калі гістарычны час падобных рамантычных канцэпцый ужо амаль прайшоў. Але віна і ў гэтым зусім не ягоная асабістая, галоўная праблема тут — гістарычная запозненасць беларускага нацыянальнага руху. Апошні пачаў сур’ёзна развівацца з вялікім спазненнем, тады калі аналагічныя рухі суседніх народаў пайшлі ўжо далёка наперад. Адпаведна са спазненнем, часта і вельмі значным, ён праходзіў і ўсе наступныя этапы, што несумненна паўплывала на спецыфічнасць беларускага нацыянальнага развіцця.

Калі б рамантычная гістарычная канцэпцыя накшталт ермаловіцкай з’явілася ў нас хоць бы ў пачатку ХХ стагоддзя, а лепш увогуле ў ХІХ, то яе лёс быў бы, відаць, іншым. І ролю яна адыграла б яшчэ больш сур’ёзную, і пратрымалася б нашмат даўжэй. Але рэальна кнігі «Па слядах аднаго міфа» і «Старажытная Беларусь» выйшлі ў свет толькі напрыканцы ХХ стагоддзя.

Для хуткай, аднамомантнай гальванізацыі народнага духу яны яшчэ прыдаліся, а вось для сур’ёзнага выкарыстання ў доўгатэрміновай перспектыве — не.

Гэта рэальны факт, які варта прызнаць.

Хоць я, здаецца, разумею логіку тых беларускіх патрыётаў, якія, прызнаючы розумам тое, што канцэпцыя Ермаловіча пабудаваная на хісткім падмурку (той жа Пацюпа піша: «Не скажу, што крытыкі Ермаловіча ўва ўсім несправядлівыя»), на эмацыйным узроўні пакуль не пагаджаюцца з тым, каб прызнаць яе хоць і надзвычай важнай, але ўжо перагорнутай старонкай нашай інтэлектуальнай гісторыі. Відаць, усё ж спадзяюцца, што некалі, на чарговым вітку беларускага нацыянальнага адраджэння, яе можна будзе актуалізаваць паўторна, закруціўшы ўсё па новай.

Але гэтыя спадзяванні марныя, бо нельга ўвайсці ў адну раку двойчы.

Як па мне, то акурат добра, што нашыя гісторыкі апошнія не надта спрыяльныя для нацыянальнага адраджэння дзесяцігоддзі скарысталі не на выштукоўванне шматлікіх падпорак пад патрыятычныя рамантычныя міфы, а на закладанне падмурка сапраўды грунтоўнай і аўтарытэтнай айчыннай гістарычнай навукі.

Бо гэта стварэнне трывалага і надзейнага будынка, а не хісткага часовага будана, гатовага заваліцца пад павевам любога больш-менш моцнага ветру.

Нам трэба думаць, як усё ж такі пераадольваць гістарычнае адставанне, а не свядома кансерваваць яго, мыслячы катэгорыямі даўно прамінулых часоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?