18.03.2020 / 12:21

Проста космас: у Новай Баравой пабудавалі незвычайную школу на 1020 вучняў

У жылым раёне Новая Баравая скончылася будаўніцтва першай школы — яна пабудавана ў крэатыўнай і нестандартнай стылістыцы, з тэрасамі, празрыстымі класамі, майстэрнямі, антыстрэс-зонамі, навуковымі экспанатамі, газонамі і тэрыторыямі адпачынку на даху, спортзаламі, стадыёнамі і тэніснымі кортамі. А таксама асобным спартыўна-аздараўленчым комплексам. Распрацоўкай праекта, будаўніцтвам і камплектацыяй займалася кампанія «А-100 Дэвелапмент». Праект абыйшоўся забудоўшчыку ў 20 млн даляраў.

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

Школа разлічана на 1020 вучняў, а плошча яе перавышае 14 000 квадратных метраў. Збудаванне складаецца з чатырох карпусоў — блока пачатковай школы, блока сярэдняй школы, адміністрацыйнага корпуса і тэрыторыі грамадскіх прастор (куды ўвайшлі кафэ-сталовая, спартыўная зала, трэнажорная зала, актавая зала, творчыя майстэрні).

Для сярэдняй і пачатковай школ арганізаваны асобныя ўваходы. Кожны з іх абсталяваны зонай рэсэпшн і прапускной сістэмай. Па ўсёй тэрыторыі ўсталявана сістэма відэаназірання.

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

Для малых уладкаваны гардэробы, пакоі для сну, зоны рэкрэацыі і займальныя навуковыя экспанаты. Усе класы абстаўлены мэбляй і ўкамплектаваны неабходнай тэхнікай, а таксама адмысловымі прыборамі. Усе дзверы ў класах празрыстыя — зроблена гэта для стварэння атмасферы даверу і адкрытасці.

Школьныя лабараторыі і майстэрні, а таксама бібліятэка будуць цалкам абсталяваныя кампаніяй «А-100 Дэвелапмент»: у іх усталююць кампутары з ліцэнзійным софтам, станкі, прылады, швейныя машынкі, рэактывы і лабараторны інвентар. Бібліятэку напоўняць кнігамі і падручнікамі.

У школе створана безбар'ернае асяроддзе з сучаснымі ліфтамі, санвузламі і душавымі для людзей з інваліднасцю.

Сярод важных адрозненняў — тэрасы і дах, на які можна патрапіць з чатырох розных месцаў. Свае тэрасы, у прыватнасці, атрымалі кафэ і бібліятэка. Пляцоўкі на даху ўключаюць дарожкі, газон і лаўкі. 

Таксама прадуманыя 13 зон рэкрэацыі, прычым для розных дзяцей — старэйшых і маладзейшых, актыўных і спакойных. На кожным паверсе сабраныя навуковыя экспанаты, якія ў гульнявой форме дэманструюць законы фізікі — ад «правіла рычагу» да распаўсюджвання гукавых хваль і аптычных ілюзій. Для разгрузкі прадугледжаны «куткі цішыні». А для прыхільнікаў музыкі ўсталявана піяніна для грання нагамі.

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

Тэрыторыя школы займае 4,6 гектары. Паганяць мяч можна будзе на двух палях з штучным пакрыццём для юніёрскага футболу і міні-футболу. Побач — пляцоўка з прагумаваным пакрыццём для гульні ў валейбол, баскетбол і тэніс. Ёсць таксама рампа для скейтбордынгу і workout-зоны з трэнажорамі. Паклапаціліся таксама аб арэлях, тэнісных сталах, гульнявых і развіццёвых пляцоўках.

Будынак школы злучаны спецыяльнай галерэяй са спартыўна-аздараўленчым комплексам. У ім размешчана два басейны (адзін даўжынёй 25 метраў, другі — для дзяцей), дзве сауны, паверхні з падагрэвам, трэнажорная зала, танцавальная зала, а таксама кафэ і вялікі хол для наведвальнікаў. Спартыўны цэнтр спраектаваны такім чынам, каб у ім маглі займацца і школьнікі, і жыхары раёна Новая Баравая.

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

З надыходам вясны і спрыяльных умоў надвор'я забудоўшчык пачаў праводзіць работы па азеляненні тэрыторыі школы. Тут будуць высаджаны лісцяныя і хвойныя дрэвы, шматгадовыя дэкаратыўныя травы і павойныя расліны, а таксама шматлікія газоны.

У красавіку 2020 года кампанія «А-100 Дэвелапмент» перадасць «Школу Будучыні» дзяржаве. Заняткі тут пачнуцца ўжо 1 верасня. Усяго ж у Новай Баравой будзе дзейнічаць чатыры школы. Зараз ідзе праектаванне другой школы, дзе будзе рэалізавана экалагічная тэматыка і ўжытыя «зялёныя» рашэнні.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру