Чытачы tut.by даслалі ў рэдакцыю ліст Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама галоўным урачам устаноў аховы здароўя Мінска. У ім гаворыцца пра тое, што да 6 красавіка 2020 года трэба распачаць некаторыя абмежавальныя меры, каб прадухіліць заражэнне цяжарных жанчын COVID-19.

У лісце гаворыцца, што часова варта адмяніць партнёрскія роды і наведванне ў жаночых кансультацыях лекцый у «Школах для цяжарных». Планавыя візіты цяжарных да ўчастковага акушэра-гінеколага і іншых профільных спецыялістаў будуць скаардынаваныя праз сувязь па тэлефоне з акушэркай і доктарам, таксама па тэлефоне медпрацаўнікамі жаночых кансультацый будзе арганізаваны запіс цяжарных для прэнатальнага скрынінгу ў 2-й радзільні і 1-й гарадской клінічнай бальніцы.

Цяжарных і пацыентак мінскіх гінекалогій медыкі будуць апытваць пра магчымыя кантакты з каранавіруснай інфекцыяй у блізкіх сваякоў і інфармацыю пра гэта будуць занасіць у медыцынскія дакументы. Накіраванне на планавыя аперацыі ў гінекалагічныя аддзяленні таксама будзе часова абмежаванае, а лячэнне цяжарных і гінекалагічных пацыентак у аддзяленнях дзённага знаходжання ў гарадскіх паліклініках прыпыняць. Экстраная дапамога, як і належыць, будзе аказвацца неадкладна і ў поўным аб'ёме.

Аддзяленне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій на базе 2-й радзільні будзе працаваць у ранейшым рэжыме — для яго нічога не змянілася.

Першы намеснік старшыні Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрый Чараднічэнка пацвердзіў, што такі ліст сапраўды падрыхтаваны. Мэта — прафілактыка распаўсюду інфекцыі.

— Мы спрабуем крыху абмежаваць непатрэбныя наведванні паліклінік здаровымі людзьмі і гэтыя наведванні ўпарадкаваць. Жаночыя кансультацыі ў плане запісу на планавыя агляды будуць трымаць сувязь з пацыенткамі дыстанцыйна, і гэта рэальна будзе працаваць. Гэта значыць, што планавыя наведванні будуць па тэлефоне ўзгадняцца з акушэркай або лекарам. Мы папярэдне сабралі нараду з усімі жаночымі кансультацыямі і прагаварылі алгарытм. Цяжарную ў кансультацыі ўжо будуць чакаць да ўзгодненага часу візіту, яна зможа атрымаць дапамогу, не чакаючы ў чарзе. Гэта дапаможа размежаваць патокі такіх пацыентаў з тымі, у каго павышаная тэмпература, сімптомы рэспіраторнай інфекцыі.

Момант з часовым абмежаваннем партнёрскіх родаў мы доўга абмяркоўвалі. Але ўсё-такі цяпер мужчыны, якія плануюць прысутнічаць на партнёрскіх родах, не здаюць мазкі на каранавірус. І мы не можам даць стоадсоткавай гарантыі, што яны не носьбіты віруса, бо вядома, што інфекцыя можа працякаць бессімптомна.

Ці скончыцца дзеянне рэкамендацый камітэта 6 красавіка, пакуль невядома. Медыкі будуць дзейнічаць, зыходзячы з сітуацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0