24.03.2020 / 17:44

У чым галоўныя праблемы хуткай дапамогі? Маналог загадчыка станцыі ў адным з райцэнтраў 7

Пакуль увага грамадства прыцягнутая да працы медыкаў у сувязі з каранавірусам, кіраўнік адной з раённых службаў хуткай дапамогі связаўся з «Нашай Нівай» праз тэлеграм і расказаў пра рэаліі работы.

Гэты доктар хоча звярнуць публічную ўвагу на праблемы сферы, каб даць імпульс іх вырашэнню. 

Мы публікуем яго словы ў фармаце маналогу. 

У чым галоўная праблема хуткай? 

Служба хуткай дапамогі ў Беларусі падпарадкоўваецца тэрытарыяльным медыцынскім установам, калі не браць горад Мінск.

Вось тут, я лічу, у нас і пачынаюцца ўсе праблемы. У сярэднестатыстычным раёне хуткая дапамога — гэта падраздзяленне раённай бальніцы.

Чаму гэта кепска? Каля 70% выклікаў у нас — тыя, на якія хуткая не павінна выязджаць увогуле: гэта галаўны боль, некрытычныя павышэнні ціску, іншыя непагрозлівыя станы.

Ёсць людзі, якія цягам некалькіх гадоў кожны дзень выклікаюць сабе хуткую зрабіць укол, «каб не балела галава», ёсць выклікі, калі ў чалавека нешта не там засвярбела — я не жартую.

Хуткая, па сутнасці, падмяняе работу паліклінік і ўчастковай службы, бо яны тое не могуць выканаць па сваіх арганізацыйных прычынах.

Наш галоўны планавы паказчык — гэта колькасць выклікаў на тысячу насельніцтва ў год, ад яго залежаць прэміі і гэтак далей. 

І рэальная колькасць выклікаў прыкладна ў 2-2,5 разу большая за даведзены план.

Калі паказаць рэальную колькасць выездаў, то акажацца, што тэрытарыяльная медыцынская служба аховы здароўя не працуе, таму нас змушаюць ісці на розныя хітрыкі, каб схаваць гэта: так, дзённыя выклікі запісваюцца асобна і не ўключаюцца ў выніковую статыстыку, яны ідуць як неадкладныя выклікі, якія нібыта абслугоўваюць паліклінічныя работнікі.

Кіраўніку раённай ці гарадской бальніцы выгадны такі стан рэчаў, бо па паперах атрымліваецца, што выканана больш работы за меншы бюджэт, таму ён — эфектыўны менеджар, хаця і я, і ён ведаем, хто працаваў насамрэч. 

І тыя грошы, якія тэрытарыяльная медыцына выдаткоўвае на хуткую дапамогу! Кіраўнікі слаба ўяўляюць сабе патрэбы, фінансаванне ідзе не зусім, як хацелася б, хаця ў краіне ўжо ёсць прыклады, калі грошы ідуць без трэціх рук наўпрост з абласнога бюджэту. 

А галоўны доктар, як правіла, перадусім звяртае ўвагу на тую сферу, з якой сам выйшаў: хірург — на хірургію, тэрапеўт — на тэрапеўтаў і гэтак далей.

Агульны прынцып кіравання ў тым, каб тушыць пажары — звяртаць на нешта ўвагу і вырашаць толькі тады, калі яно загарэлася. А ў хуткай, здаецца, не гарыць: тэхнічная ўкамплектаванасць нармальная, але не на ўзроўні магчымасцяў 2020 года. Таму грошы на ўсё трэба выпрошваць. 

Раённая прывязка робіць немагчымым аптымізацыю выклікаў. Гэта казкі, што калі вам стане кепска на краі аднаго раёна, то да вас прыедзе брыгада з суседняга — на практыцы такое бывае вельмі рэдка і патрабуе цёплых адносін між кіраўнікамі бальніц. 

І тут не трэба вынаходзіць ровара ці круціць колы ў іншы бок — дастаткова зірнуць, як усё арганізавана хаця б у прыбалтаў, і скасаваць тэрытарыльны прынцып падпарадкавання. 

Заробкі і побыт:

Паглядзіце на пажарнікаў, ці ўбачыце вы, каб там людзі былі ў рознай форме ці прыязджалі ў сваім? Рытарычна.

У нас жа такое пастаянна — у кагосьці штаны форменныя, у кагосьці свае, нехта ў чырвоным, нехта ў сінім, кашулі ва ўсіх свае, прынамсі ў нас.

Гэта вынікі непрамога фінансавання і тактыкі тушэння пажараў, я лічу. 

Заробак маладога фельчара, які ўжо не мае статусу маладога спецыяліста, — 600 рублёў чыстымі на адну стаўку.

Гэтага мала, дый людзей заўсёды не хапае — бальнічныя, адпачынкі. Таму ўсе працуюць на паўтары, дзве стаўкі. 

Паўтары — гэта 800 рублёў чыстымі, але вельмі шмат работы. 

Кіроўца зарабляе прыблізна на 100 рублёў менш.

Канечне, фельчарам крыўдна, яны на рабоце днямі і начамі, а атрымліваюць менш за медсястру ў рэанімацыі.

У дактароў будзе 750 рублёў на рукі на стаўку, у загадчыка хуткай — 1000 рублёў чыстымі. 

Людзі сыходзяць па дзвюх прычынах: або на пенсію, або праз грошы і побыт. У хуткай дапамозе, як правіла, працуюць фанаты, якія гатовыя адмаўляцца ад лепшых прапаноў.

Напрыклад, заробак касіра ў рытэйле большы за заробак санітаркі ў хуткай, да таго ж яшчэ і адпачываеш уначы. Фельчару выгадней пайсці ў пункт здароўя на прадпрыемства, кіроўцу — у дальнабойшчыкі.

Але да нейкага часу не ідуць. Ці не сыходзяць зусім і працуюць, нізкі ім паклон за гэта.

Моладзь сутыкаецца з праблемай жылля. Яна ад самага пачатку, у прынцыпе, бо ў Мінздароўя няма сваіх нейкіх інтэрнатаў, прынамсі ў нас.

Я хаджу па іншых арганізацыях і выпрошваю пакойчык у інтэрнаце. Але прыходзіць момант, калі чалавек больш не хоча жыць у пакоі, а хоча ў кватэры. І яму гэтую кватэру трэба купляць, на што трэба грошы — ён ідзе працаваць у іншае месца.

Вялікая праблема таксама — прафесійнае выгаранне. Гэта калі пры павелічэнні інтэнсіўнасці работы падае яе якасць.

Сітуацыя такая: ужо пад сярэдзіну года ў сярэднім раёне тыя 900 гадзін, якія можна працаваць звыш стаўкі, ужо выпрацаваныя. Пішуцца загады, выдумляюцца хітрыкі, каб гэта абысці юрыдычна.

Людзі мала бываюць дома і там толькі адсыпаюцца, арганізаваць адпачынак на рабоце няма як: не вядзецца гаворкі пра нейкія зоны адпачынку з гульнявой прыстаўкай ці тэнісным сталом, бо заўсёды ёсць куды ўкласці грошы, калі яны ёсць. 

Як выгаранне праяўляецца на практыцы? З таго, што заўважаў я, — звышдасведчаны чалавек у нейкіх сітуацыях, у якіх ён цудоўна ведае, як дзейнічаць, робіць няправільна і потым сам не можа гэта патлумачыць: «Я не ведаю, пераклін нейкі», — кажа. 

І ты яго нават не пакараеш, бо ясна, ад чаго гэта. Тады яго трэба проста на адпачынак адпраўляць. 

У кіруючага складу выгаранне праяўляецца ў нейкім маніякальным разуменні работы: аддача мільярда незразумелых загадаў і фармальнае разуменне абавязкаў.

Падрыхтоўка работнікаў: 

Я трымаюся думкі, што ў нашых універсітэтах кафедр экстраннай дапамогі як такіх няма. Можа быць, недзе ёсць, але ў нашым абласным універсітэце няма.

У маім ідэальным разуменні любы выпускнік мусіць умець аказваць экстранную дапамогу пры пагрозлівых станах. Але большасць нашых хірургаў і тэрапеўтаў экстранную дапамогу аказваць не ўмеюць — гэта тое, што я бачыў.

Але гэта нашы ўнутраныя прэтэнзіі, калі глядзець больш шырока: наша насельніцтва не разумее абсалютна нічога ў сваім здароўі, а першая дапамога заўсёды аказваецца тым, хто аказаўся побач. 

І не толькі дапамога, людзі элементарна не ведаюць, калі трэба выклікаць хуткую, а калі трэба адкрыць аптэчку. Калі трэба самому ляцець у бальніцу, а калі дастаткова заўтра пайсці ў паліклініку. 

Таму я б неяк вучыў людзей, ладзіў нейкія прымусовыя курсы на прадпрыемствах, курс у школах, каб людзі самі ведалі, як сябе паводзіць. Не адзін раз паказаць, як ціснуць на грудзі, а замацаваць гэтыя веды, ясна і дакладана, бо самі людзі маглі б выратаваць шмат жыццяў, якія не паспеем выратаваць мы. 

І з нашай колькасцю руцінных выездаў, як мне здаецца, у дактароў і фельчараў губляецца навык дзеянняў у крытычных сітуацыях. Адна справа, калі ты прыехаў на панос да нейкага спажывецкага тэрарыста, і другая — рэальная бяда: кроў, мяса, калі трэба дзейнічаць хутка і беспамылкова.

Такая распыленасць функцый хуткай можа быць небяспечнай, калі мы сутыкнёмся з сапраўды шокавай і маштабнай сітуацыяй. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Арцём Гарбацэвіч

0
Туш / Адказаць
24.03.2020 / 18:06
Для мяне праблема, гэта медыцынскі аўтатранспарт на раёнах. Гэтыя савецкія буханкі, абсалютна непрыдатныя для перавозкі пацыентаў, асабліва цяжка хворых і мед. брыгады. Усё гудзіць, грахоча, трасецца, машына калыхаецца і падскоквае на кожнай яміне. Буханка не прыдатная для мед. абслугі, яна маральна састарэла. Часам, гэта проста здзек нейкі, асабліва калі з вёскі вязуць якую-небудзь цяжкахворую бабцю. Ад скокаў машыны там немагчыма прымяніць меры ў дарозе. У сталіцы дык машыны нічога , а на раёнах зусім кепска. Трэба нармальныя машыны, з добрай сучаснай падвескай, а не драндулеты эпохі Хрушчова.
0
Туш / Адказаць
24.03.2020 / 18:08
Дарэчы, і рэанемабілі трэба. Прынамсі адзін на раён, бо ў раёнах іх няма.
1
Свободный / Адказаць
24.03.2020 / 19:50
Даа и опять нет денег, да так и есть фельдшер учится мечтает как будет спасать жизни как будет хорошо жить все таки занимается серьезной уважаемой работой, а на деле пришел на работу выдали форму иногда и 10 летней давности в конце месяца зп чисто на еду и идешь и понимаешь ты гавно, девушкам многим до тебя и дела нет а что кто ты такой этими 800р не Сводишь их никуда и машины как у сына бизнесмЭна БМВ нету и в Турцию не свозишь, идешь домой сонный ноги подкашиваются от усталости о сегодня зарплата ну хоть схожу в евроопт куплю что вкусное, сходил так на кредит все надо экономить до аванса, ожидая маршрутку на остановке видя проезжающие внедорожники со счастливыми молодыми людьми вспоминаешь как ночью в 3.10 спасал человека завозил в реанимацию на последних секундах жизни и вроде бы чувствовал себя достойным человеком, но вот беда 8 день после ЗП и ты идешь уставший в кармане денег на маршрутку и кильку и ты идешь смотришь подработки в Минске нашел и на следующий день в грязной одежде выносишь мусор моешь стены ну или копаешь траншеи за 40р день а на следующий день на работу, года идут и ты не понимаешь что ты сделал не так ты вроде и занимаешься делом серьезным откачиваешь людей ночами на страже здоровья людей не спишь питаешься как попало спатевший от работы, идешь домой в магазине думаешь какую кильку выбрать ведь до зп еще 6 дней а твои друзья кто в бизнесе кто в чем хоть живут как люди. Ты бы и готов податься но жалеешь скол отдал времени на учебу на работу и работа интересна для тебя ведь не каждый может видеть кровь раны рвоты и не брезгливо делать дело но быт тебя съедает с каждым днем года идут и ты уже не молодой специалист а имеешь то с чем пришел на работу года три назад... .ċ Фельдшер скорой очерки из жизни.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру