Некалькі дзён таму «Наша Ніва» распавяла гісторыю сям’і Яршовых з Высокага, дзе 26 лютага 17-гадовы Арцём ледзь не забіў сякерай свайго бацьку Валера.

Чытайце. «Увесь горад падтрымлівае хлопца». Стала вядома, чаму падлетак з Высокага паспрабаваў забіць свайго бацьку

Як высветлілася, знаёмыя сям’і Яршовых, а таксама супрацоўнікі школы, дзе вучыўся Арцём, пазітыўна адгукаюцца пра хлопца і шкадуюць менавіта яго, а не бацьку, які знаходзіцца ў коме ў цяжкім стане.

Маці Арцёма расказвала, што муж часта напіваўся, абражаў і збіваў яе. Наталля мяркуе, што прычынай таго, што падлетак узяўся за сякеру, стаў алкагалізм бацькі. А зараз яе Арцём знаходзіцца ў СІЗА — яму пагражае ад 6 да 15 гадоў калоніі.

«Наша Ніва» вырашыла разабрацца, што пра гэтую сітуацыю думаюць прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы, міліцыі і арганізацыі, якая дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту.

«Па-першае, жанчына загадзя павінна была думаць пра свою бяспеку і сваё здароўе. Калі б яна сапраўды гэта рабіла, не прыйшлося б хлопцу браць у рукі сякеру, — кажа прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін.

— Трэба было звяртацца да міліцыі і сваякоў. Таму гэта яе віна, што такія адносіны і такая сітуацыя наогул сталі магчымыя. Трэба было сысці ад мужа, а не сядзець і чакаць, пакуль цябе заб’юць. Як вынік бяздзейнасці — гэтая сітуацыя з сякерай.

Праваслаўная царква ставіцца да хатняга гвалту як да злачынства і парушэння запаветаў. Права на абарону — гэта святое права кожнага чалавека. Калі бацька пагражаў маці смерцю і не было іншага спосабу яе выратаваць, напэўна, хлопца апраўдаюць. А калі высветліцца, што ён перавысіў меры абароны, то, зразумела, у яго будуць праблемы. Хочацца спадзявацца, што Бог дасць мудрасці суддзям, і сітуацыя вырашыцца згодна з сумленнем і заканадаўствам».

Пра тое, ці панясе 17-гадовы Арцём крымінальную адказнасць за свае дзеянні, разважае былы міліцыянт, старшыня пралукашэнкаўскага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец:

«Калі ўчынак хлопца расцэняць як неабходную абарону, ён не павінен несці крымінальную адказнасць.

Тут не важна, пісала гэтая жанчына заяву ў міліцыю раней ці не. Забіваюць адзін раз. Калі на кагосьці нападаюць на вуліцы, то гэта заўсёды адзін раз, а не пяць.

Іншае пытанне, калі хлопец хацеў здзейсніць наўмыснае забойства, а бацька на самай справе не пагражаў жыццю маці. У хлопца маглі проста «не спрацаваць нервы», ён мог страціць кантроль над сабой. Яму павінны правесці псіхалагічную экспертызу. Але ж хлопец сам патэлефанаваў у міліцыю і прызнаўся ў зробленым — гэта можа скараціць яму тэрмін.

А вось тое, што мужчына абражаў жонку, хлопцу ў гэтай сітуацыі ніяк не дапаможа. Вы можаце назваць чалавека сволаччу, падонкам і прастытуткай, і часцей за ўсё нашы прававеды не расцэняць гэта як абразу».

«Наша Ніва» таксама звярнулася да арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагае жанчынам, што пацярпелі ад хатняга гвалту. На што зараз могуць разлічваць Наталля і яе сын?

«Наталля можа звярнуцца па дапамогу да нас ці на агульнанацыянальную гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту. Чалавеку ў падобнай сітуацыі можа спатрэбіцца псіхалагічная і юрыдычная дапамога ад спецыялістаў, — кажуць у «Радзіславе».

— Мы бачым розныя прыклады адносінаў супрацоўнікаў міліцыі да праблемы хатняга гвалту. Нярэдка чуем ад кліентак пра стаўленне да іх з прафесіяналізмам і чалавечнасцю.

Але адсутнасць спецыялізаванага закона пакідае велізарную колькасць пацярпелых у бездапаможным і безвыходным становішчы.

Таму часта мы бачым нежаданне міліцыянтаў унікаць у сітуацыю і разбірацца, чым гэтая сітуацыя адрозніваецца ад простага канфлікту паміж мужам і жонкай.

Міліцыянты могуць неахвотна прымаць заявы, адгаворваць іх пісаць, казаць: «Вы ж заўтра памірыцеся і самі забераце заяву». Могуць адпускаць заўвагі, якія вінавацяць пацярпелых, перакладаючы на ​​іх віну за дзеянні агрэсара».

Ці змянілася б што-небудзь, калі б жанчына напісала заяву ў міліцыю на свайго мужа?

Магчыма, справа не дайшла б да таго, што сыну давялося заступацца за маці такім чынам, альбо было б прасцей даказаць, што ён дзейнічаў у рамках самаабароны.

На жаль, рэальнасць такая, што мы не ведаем, як было б, калі б Наталля звярнулася ў міліцыю. Жанчына ў такой сітуацыі застаецца адна, без падтрымкі, і яе дзеянні накіраваны на выжыванне.

У Наталлі дазвол на жыхарства, няма ўласнага жылля і падтрымкі сваякоў, ёсць непаўналетняе дзіця. Гэтыя фактары, як правіла, пагаршаюць становішча пацярпелай. Мы ведаем пра сітуацыі, калі гвалт становіцца больш жорсткім ці нават даходзіць да забойства, калі жанчына кажа, што хоча сысці ці звяртаецца ў міліцыю. Гэта значыць, магчыма, яе сітуацыя сапраўды пагоршылася б, калі б яна звярнулася ў міліцыю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?