Піцер FM (Питер FM)

Расея, 2005, каляровы, 95 хв.

Жанр: мэлядрама.

Адзнака: 3,5 (з 10).

Папулярная ды-джэйка Маша губляе мабільнік. Яго знаходзіць таленавіты архітэктар Максім (па сумяшчальніцтве падмятайла). Два сэрцы, прызначаныя адно аднаму, аніяк ня могуць сустрэцца…

Калісьці амэрыканскае радыё рэклямавала мыла на тле сьлёзавыціскальных драмаў. Душаразьдзіральніцкія пакуты «пад мыла» і атрымалі назву «мыльных опэраў».

Вытокі папулярнага жанру былі забытыя, але рэжысэрка Аксана Бычкова іх узгадала.

Нясуцца над горадам радыйныя й любоўныя дыялёгі (саладжавая банальнасьць якіх ёсьць адметнасьцю «мыла»). У якасьці ж рэклямаванага тавару выступае родны горад Пуціна і расейскі патрыятызм.

У шчасьлівым горадзе нават бамжы мілыя, рок-музыка становіцца лёгкім шчабятаньнем, а самы «дастаеўскі» пэрсанаж – Уладзімер Машкоў у трэніках, які прапануе «сэкс зь незнаёмым мужчынам».

Героі радыйнага Піцеру – родныя сваякі беларускай «Дунечкі». Яны такія ж цукерныя й фальшывыя. Маша (Кацярына Фядулава) – сымпатычная дурнічка, якая доўга вырашае, ад чаго ёй рыдаць. Максім (Яўген Цыганоў) – дворнік-патрыёт, які не прамяняе сваёй радзімы на кантракт у Нямеччыне. (Аднолькавы выраз твару на працягу ўсяе карціны – пазнакі адмысловае ўпартасьці й рамантычнасьці.)

Але, ня ў прыклад «Дунечцы», піцерскае радыё ўзбагачанае песьнямі – ад «Аленяў у тундры» да Грабеншчыкова, а ў штампы ўведзеная замілавальная дваістасьць.

Так бомж носіць аплікацыю зь Мікі Маўсам, міліцыянт хавае «парнушку» ў справе, а гандлярка піражкамі, якой герой падараваў кветкі, мужыкаватая.

Падобнае ажыўленьне сусальнае казкі выклікае ўдзячнасьць аўдыторыі. Заля цалкам набітая рамантычнымі парачкамі, якія ўздыхаюць, сьмяюцца й пляскаюць у ладкі.

Фільм – ідэальнае дзявочае «мыла». Яго крытыка – небясьпечная для здароўя.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0