24.03.2020 / 15:46

СААЗ запусціла сусветныя выпрабаванні чатырох перспектыўных прэпаратаў ад каранавіруса

У пятніцу, 20 сакавіка, Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла пра пачатак глабальных выпрабаванняў «Салідарнасць», закліканых знайсці лекі ад захворвання, выкліканага каранавірусам. У тэстах возьмуць удзел тысячы пацыентаў з дзясятка краін — раней такога не было нідзе і ніколі. Пра гэта са спасылкай Science піша TUT.BY.

Што за выпрабаванні

Прэпараты, задзейнічаныя ў «Салідарнасці», не прыйдзецца распрацоўваць з нуля: яны ўжо адобраны для лячэння іншых захворванняў або пратэставаны для лячэння іншых каранавірусаў (SARS і MERS) на жывёлах.

У выпадку поспеху прэпараты змогуць не толькі выратаваць жыццё цяжкахворым, але і паслужыць прафілактычнымі сродкамі для таго, каб засцерагчы групы рызыкі і медработнікаў. Усяго СААЗ адабрала чатыры віды лекаў з дзесяткаў прапанаваных:

  • эксперыментальны супрацьвірусны прэпарат «Рэмдэсівір»,
  • лекі ад малярыі «Хларахін» і «Гідрвксіхларахін»,
  • камбінаваны прэпарат супраць ВІЧ «Лапінавір» і «Рытанавір»,
  • тыя ж самыя «Лапінавір» і «Рытанавір», але ў камбінацыі з інтэрферонам-бэта (інфармацыйная РНК імуннай сістэмы).

Як будуць праводзіцца тэсты

Пасля таго як пацыент з каранавірусам пройдзе адбор, лекар ўводзіць яго даныя на сайце СААЗ, уключаючы анамнез, здольны паўплываць на цячэнне «асноўнай хваробы», напрыклад: ВІЧ або дыябет. Пацыент падпісвае згоду на адпраўку інфармацыі пра сябе ў СААЗ. Затым лекар паведамляе, якія лекі ёсць у яго бальніцы, і хвораму прызначаюцца адны з іх.

Затым пацыент праходзіць курс лячэння. Лекар адзначае дзень, калі хворы выпісаўся або памёр, колькі ён быў у шпіталі і ці патрабавалася яму штучная вентыляцыя лёгкіх або кісларод. Ніякіх іншых вымярэнняў або дакументацыі не патрабуецца.

Методыка ўразлівая ў тым плане, што не выкарыстоўвае двайны сляпы метад і можа суправаджацца эфектам плацэба: хворыя ведаюць, што атрымліваюць перспектыўны прэпарат. Аднак навуковай строгасцю прыйшлося ахвяраваць — аператыўнасць важнейшая.

Вось кароткае апісанне ўсіх задзейнічаных у даследаваннях прэпаратаў

«Рэмдэсівір»

Лекі былі распрацаваны для барацьбы з ліхаманкай Эбола і падобнымі вірусамі. «Рэмдэсівір» спыняе рэплікацыю віруса, душачы РНК-палімеразу, якая з'яўляецца ключавым вірусным ферментам. Падчас успышкі Эболы ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга яго выпрабоўвалі разам з іншымі прэпаратамі, і ён аказаўся неэфектыўны, аднак «Рэмдэсівір» накіраваны на фермент, характэрны для каранавірусаў і таму можа быць эфектыўны тут. Некалькі пацыентаў з ЗША, уключаючы самага першага захварэлага ў краіне, ужо вылечыліся ад каранавіруса, ужываючы менавіта гэты сродак.

«Хларахін» і «Гідраксіхларахін»

Гэтыя супрацьмалярыйныя прэпараты назваў «кардынальным пераломам» у барацьбе з хваробай Дональд Трамп. Першапачаткова ў СААЗ хацелі выключыць іх са спісу, але потым перадумалі. Лекі працуюць за кошт зніжэння кіслотнасці ў эндасомах, якія дазваляюць вірусам пранікаць у клеткі. Аднак у SARS-Cov-2 ёсць і іншыя шляхі апынуцца ўнутры клетак, выкарыстоўваючы так званы шыпападобны бялок. Тым не менш «Хларахін» і «Гідраксіхларахін» праяўляюць да каранавіруса некаторую актыўнасць, але ў вялікіх дозах прэпараты таксічныя і маюць пабочныя эфекты.

«Лапінавір» / «Рытанавір»

Камбінаваны прэпарат быў першапачаткова зроблены для барацьбы з ВІЧ-інфекцыяй і распрацаваны для падаўлення пратэазы ВІЧ. Пры гэтым «Лапінавір» расшчапляецца ў арганізме чалавека яго ўласнымі пратэазамі, і для ўстойлівасці яго прымаюць разам з «Рытанавірам».

Лекі могуць душыць пратэазу і іншыя вірусы, уключаючы каранавірусы. Так, сцвярджаецца, што доследы на малпах з MERS і пацыентах з SARS далі некаторы вынік. Зрэшты, першыя вынікі працы прэпарату супраць COVID-19 асабліва не абнадзейваюць. Лекары з Ухані ўзялі 199 пацыентаў, падзялілі на дзве групы і давалі адной з іх па дзве таблеткі «Лапінавіру» / «Рытанавіру», а астатнім пацыентам прапісалі стандартнае лячэнне. Аднак, як паведаміў медыцынскі часопіс Новай Англіі 15 сакавіка, асаблівай розніцы паміж групамі не выяўлена. Але пацыенты былі цяжка хворыя, смяротнасць склала каля 20%, так што з лячэннем, магчыма, проста запазніліся.

«Лапінавір» / «Рытанавір» + інтэрферон-бэта

Інтэрферон-бэта кантралюе запаленчыя працэсы ў арганізме і таксама можа быць эфектыўным у спалучэнні з вышэйапісанымі лекамі. Сцвярджаецца, што прэпараты ў комплексе далі эфект на малпах з MERS, а цяпер праводзяцца тэсты на пацыентах з MERS у Саудаўскай Аравіі — гэта першае рандамізаванае кантраляванае даследаванне па гэтым каранавірусе. Аднак прэпарат не падыходзіць для лячэння цяжка хворых.

Для надзейнасці вынікаў, бо адсутнічае двайны сляпы метад, спатрэбіцца не менш за некалькі тысяч пацыентаў: ужо ўдзельнічаюць медустановы Аргенціны, Ірана, Паўднёвай Афрыкі і іншых нееўрапейскіх краін. Па той жа схеме СААЗ, магчыма, правядзе выпрабаванні для абароны ад віруса работнікаў аховы здароўя.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру