26.03.2009 / 11:32

З Брэста ў Мінск прыехалі карціны «генія, якога праваронілі» 5

Выстава берасцейца Мікалая Чурабы адкрылася ў Палацы мастацтваў да 95-годдзя мастака.

Выстава берасцейца Мікалая Чурабы адкрылася ў Палацы мастацтва да 95-годдзя мастака. Некаторыя называюць яго адных з найлепшых беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя.

Майстар вачыма інжынера Несцера…

Брэстаўчанін Юрый Несцер асабіста ведаў майстра, бываў у гасцях у сям’і Чурабаў да смерці мастака:

– У яго ёсць цудоўны шматсэнсавы аўтапартрэт 1986 года на фоне руін Берасцейскай крэпасці, — у час супрацьстаяння дзвюх сістэмаў. Ён трымае пэндзаль трохперсцем, як бы перахрышчвае некага. Любую справу ён пачынаў з малітвы, з малітваю і заканчваў.

Са сваёй жонкай, расказвае спадар Несцер, трыццацігадовы Чураба пазнаёміўся ў Пружанах у 1943 годзе. Дзевяцідзённая жалоба фашыстаў пасля Сталінграду затрымала ў Пружанах гастрольную группу, якая рабіла спеўныя аб’езды Беласточчыны. Вось, дарэчы, тэма для гісторыкаў, кажа Юрый Несцер. Убачыў трыццацігадовы Мікалай дзевятнаццацігадовую Таню – і стала яна яму на ўсё жыццё Танюленькай.

Да гэтага Мікалай Чураба паспеў паездзіць болей на ўсход ад роднага Мінска: вучыўся ў слынным сваімі мастакамі Віцебску, потым перад самай вайной закончыў Маскоўскі мастацкі інстытут. Там вучыўся ў Фаворскага, Бруні.

…і архітэктара ды мастака Калодзіча

У вайну і апасля неяк абмінула ліха. Чураба жыў з сям’ёй у Брэсце, выкладаў графіку і пісаў карціны. Тут ён стварыў у 1959 годзе ілюстрацыі да паэмы Коласа «Новая Зямля». Ягоны вучань, а потым калега па працы ў будаўнічым інстытуце Канстанцін Калодзіч сведчыць:

– Ён і сапраўды хадзіў спяваць у царкоўным хоры. Меў вельмі добры голас, тэнар, разбіраўся ў музыцы. А маглі ж на планёрцы сказаць: што такое, дацэнт ходзіць спяваць на клірас, маглі на той час унізіць, прынізіць, выгнаць з працы.

Спадар Калодзіч член Саюзу мастакоў Беларусі. Так ён дацаняе наробак майстра:

– Алей, акварэль, гуаш, тэмпера – усё гэта ён умеў. Едзе ў тралейбусе – дастае раптам блакноцік і робіць эскіз нейкі. Ён не мог жыць без алоўка.

Мастак Калодзіч падкрэслівае рэдкае спалучэнне ў Чурабе малявальшчыка і жывапісца:

– Ён грунтаваўся менавіта на пленэрнасці. Яго вытокі гэта барбізонцы. Ён захапляўся Каро, казаў, які Каро выбітны мастак, і плюс імпрэсіяністы. Але ён не сышоў у чысты імпрэсіянізм, растворанасць, быў чалавекам формы, матэрыяльнасці. Рушчыц, Бялыніцкі‑Біруля і Чураба гэта адзін план, роўныя па сіле мастакі.

Мікалай Чураба не быў прыдворны мастак, браў толькі працай, кажа спадар Калодзіч. Хто жыў у сталіцы, каму спрыялі ўсялякія Машэравы ды Слюньковы, сталі народнымі мастакамі. А Чурабу беларусы праваронілі. Дык няхай бы цяпер, праз дзесяць гадоў пасля смерці, школу мастацкую назвалі яго іменем альбо залу Чурабы адчынілі ў музеі, кажа спадар Калодзіч.

Напрыканцы ён паказвае ў каталогу яркі пейзаж: поле з макамі. Вось, кажа, хіба можна паверыць, што чалавек намаляваў такое ў 84 гады.

Менчукі, збірайцеся на сустрэчу з Чурабам

У глухія сямідзясятыя з плямай жыцця пад акупацыяй і спеваў на клірасе Мікалай Чураба падпісвае свае карціны па‑беларуску. Яшчэ адна рысачка самадастатковасці і непрыдворнасці.

Многія мае знаёмыя, хто ведаў нядаўна‑такі памерлага Майстра, помняць яго за працай: на Белым возеры за эскізамі, у Брэсцкай крэпасці альбо ў маляўнічых ваколіцах Берасьця на пленэры. Намаляваныя сотні карцінаў, часткай яны разышліся па прыватных зборах і фондах скрозь па свеце, нейкую частку трое дзяцей Чурабы, якія лучныя з мастацтвам прафесійна і пакліканнем, трымаюць у полі зроку і могуць сабраць дзеля такога выпадка, як выстава.

На выставе ў Брэсце былі прадстаўленыя каля сотні палотнаў, эстампаў, малюнкаў. Ад 18 сакавіка частка іх выстаўленая ў Палацы мастацтваў на вуліцы Казлова, 7. Не прамінеце наведаць!

Танюленька.

Аўтапартрэт на фоне крэпасці.

Аўтапартрэт з дачкой.

Эцюд для абразу Ісус Хрыстос

Яўген Бяласін, Берасце

0
з Берасця / Адказаць
26.03.2009 / 13:24
Добра, што Бяласін пачаў пісаць у НН
0
І.Л. / Адказаць
26.03.2009 / 15:07
Цудоўна, сп. Яўген! Вітаю і віншую з гэтым матэрыялам...Я навучалася у Мікалая Дзімітравіча у студэнцкія гады, сябравала з Таццянай Уладзіміраўнай і маім настаўнікам да канца іхняга жыцця. Памятую Мікалая Дзмітраевіча ужо цяжка хворага, калі ён ўжо амаль не уставаў з ложку. Але і тады ён не выпускаў з рук алоўка. Упэўнена, што вялікім скарбам для Беларусі ёсць "падарожныя кніжкі" М.Д. Чураба...Ён маляваў ўвесь час: калі размаўляў, калі слухаў, калі вымушаны быў ўдзельнічаць у нейкіх паседжаннях...Уменне гэта можа ратавала яго ад бурлівай рэакцыі на знешнія раздражняльнікі... Заўжды ціхі, лагодны, нават калі выпраўляў студэнцкія "ляпы"-не тлумачыў словамі, а попрасту браў пэмзэль і паказываў, як найлепей... Упэўнена, што мінчукі атрымаюць вялікую асалоду ад сустрэчы з гэтым Мастаком!
0
І.Л. / Адказаць
26.03.2009 / 15:18
Адна толькі заўвага да артыкула-"партрэт Хрыста". Мастак ніколі так гэты абраз не называў...для яго, шчырага верніка такое было б немагчымым... "Партрэт", звычайна прывязываецца да канкрэтнай асобы, якая пазуе Мастаку....А так калі "партрэт" дык тут - зяця(наколькі памятую), а ле найбольш адпавядае подпіс: " Эцюд для абразу Ісус Хрыстос"..
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру