Асноўная нагрузка — на тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва. У ТЦСАНе Заводскага раёна расказваюць, што апроч рэкламы ў СМІ, яны самі абзвоньваюць пажылых. Кантакты тых, хто не мае блізкіх родных ці жыве адзін, ёсць у спецыяльнай базе. Дапамогу прапануюць нават тым, чые дзеці жывуць у іншым раёне горада.

«Некаторыя дзеці такіх бацькоў самі тэлефануюць нам, каб разведаць абстаноўку. Заявак няшмат, таму спраўляемся пакуль сіламі сацыяльных работнікаў. Многіх пажылых мы і так абслугоўваем на рэгулярнай аснове. Калі чалавек тэлефануе нам, удакладняем, як хутка яму патрэбна дапамога — у гэты ж дзень ці на наступны. Ёсць пэўныя правілы: мы ходзім толькі ў бліжэйшыя крамы і аптэкі, каб эканоміць час», — кажа загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме Алена Іванова.

З усімі пажылымі сацработнікі складаюць распіску: хто, колькі грошай узялі, колькі патрацілі. Бяруць толькі наяўныя, пасля пакупак прыкладаюць усе чэкі.

«Падумалі, што так людзям спакайней будзе, усё ж такі чужы чалавек да іх прыходзіць», — тлумачыць Алена Іванова.

Сёння ў цэнтра толькі адна заяўка. Разам з сацыяльнай супрацоўніцай Вольга Кісялёвай ідзём да бабулі, якой патрэбны прадукты і таблеткі.

Перад уваходам у кватэру Вольга надзявае медыцынскую маску і насоўвае бахілы. Рукі апрацоўвае антысептыкам.

Дзверы адчыняе Ганна Якаўлеўна. Яна ўжо падрыхтавала спіс: малако, кефір, запалкі, смятана, печыва, сардэлькі, курыны супавы набор. У пакеціку перадае грошы. Расказвае, што звычайна сама замаўляе «Е-дастаўку», але цяпер там такі наплыў ахвотных, што не спраўляюцца. Ганна Якаўлеўна ў свае 78 наогул жанчына сучасная: умее карыстацца ноўтбукам і інтэрнэтам, глядзіць оперу падчас самаізаляцыі, носіць стылёвыя красоўкі. 

Сядзець увесь час дома пенсіянерцы нязвыкла. Яна 15 год спявае ў ветэранскім хоры, ездзіць з канцэртамі па розных установах. Але пакуль не да творчасці — канцэрты праз каранавірус адмянілі.

«Кіраўніца хора нам паведамленні разаслала: калі камусьці патрэбны прадукты, пішыце, я дапамагу. І дадала: верце, што хутка запяюць птушкі і мы таксама запяём».

Дачка пенсіянеркі жыве ў Піцеры. Клікала і маці да сябе, але тая не хоча пераязджаць.

Ганна Якаўлеўна расказвае, як умацоўвае здароўе:

«У мяне ж праблема з каленямі, дык я раблю зарадку — гляджу практыкаванні па інтэрнэце. Пачынаю худзець. А ем натуральныя прадукты — бульбу, моркву, буракі. Мы ж людзі не разбалаваныя»

Пакуль ідзём з Вольгай у краму, абмяркоўваем каранавірус. Жанчына кажа, што ў паніку не ўпадае — здароўе ў яе моцнае. Але дзяцей-школьнікаў пакуль пакінула дома. Вучобе гэта ніяк не замінае: дамашняе заданне, якое Вольга даведваецца праз бацькоўскі чат, дзеці і так робяць.

«Школу малодшага часткова на каранцін закрылі праз ВРВІ, так што лепш дома няхай пабудуць. Яны ў мяне самастойныя. Малодшаму — 9 год, але ён сам можа сабе і макарону адварыць, і курыцу ў духоўцы запячы».

Сацыяльным работнікам Вольга працуе другі год. Дагэтуль была спецыялістам па продажах, але праз тое, што дзіця часта хварэе, вымушана была змяніць работу. Сёння ў яе, апроч гэтай пазапланавай дастаўкі, яшчэ шэсць візітаў.

Вольга перажывае: што насамрэч хвалюе, дык гэта эканоміка.

«У нашай краіны няма такой падушкі бяспекі, як у Еўропы. У мяне сябра ў Баварыі працуе на зводзе БМВ. Іх на месяц адправілі ў адпачынак і на гэты час плацяць 65% ад заробку. А ў нас, напэўна, многія застануцца без працы».

Спіс пакупак тым часам амаль закрыты. Не знайшлі толькі безбялковы хлеб — у бліжэйшых гіпермаркетах яго не аказалася на прылаўках.

Заносім пакеты і рэшту Ганне Якаўлеўне. На развітанне пытаемся, ці сочыць яна за навінамі пра каранавірус (аказалася, чытае «Беларускі партызан»).

«Я да гэтага стаўлюся па-філасофску. Берагчыся, вядома, трэба. Тут ужо ўзнікае грамадзянская адказнасць.

Я засталася дома не таму, што не магу пайсці. Я б ужо дапаўзла на сваю краму… Эпідэмія пройдзе, але адносіны людзей зменяцца. Раней жа толькі пра грошы думалі, а цяпер іншае цаніць пачнуць. Ну і эканоміка пойдзе па іншым шляху», — захоўвае аптымізм пенсіянерка.

***
Заяўкі на дастаўкі прадуктаў і лекаў для пажылых у Мінску прымаюцца па тэлефонах (017) 317-32-32, (029) 367-32-32.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?