Цэны на сыравіну на галоўным экспартным рынку «Газпрома» падаюць пасля цёплай зімы, на фоне прытоку звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), у тым ліку з ЗША, і боязі падзення попыту на сыравіну ў 2020 годзе з-за каранавіруса, піша vedomosti.ru.

Так, Еўропа завяршыла зіму 2019—2020 гадоў са сховішчамі, запоўненымі на 55,5 працэнта. Гэта самы высокі ўзровень за ўсю гісторыю назіранняў. У асобныя гады такі ўзровень запоўненасці быў перад пачаткам зімовага сезону.

Цана 1 тысячы кубаметраў газу з пастаўкай на месяц наперад на нідэрландскім хабе Title Transfer Facility больш за тыдзень трымаецца ў раёне 90 даляраў, а 25 сакавіка яна апускалася да 86 даляраў. Вядома, што бюджэт «Газпрома» вярстаўся зыходзячы з 200 даляраў за 1 тысячу кубаметраў.

З-за падзення спотавых цэн чакалася, што кампанія скароціць продажы газу праз сваю ўласную еўрапейскую электронную гандлёвую пляцоўку. Аднак «Газпром» нарасціў іх. З пачатку года праз пляцоўку кампанія прадала больш за 8,6 мільярда кубаметраў газу, у тым ліку амаль 2,4 мільярда кубаметраў з пачатку сакавіка. Для параўнання, за ўвесь 2019 год кампанія прадала там 14,1 мільярда кубаметраў.

Сярэдняя цана продажаў упала да мінімуму ў гісторыі платформы — 113 даляраў за 1 тысячу кубаметраў. Год таму газ каштаваў вышэй за 200 даляраў.

На думку аналітыкаў, «Газпром» асцерагаецца, што перыяд нізкіх цэн на газ зацягнецца і спрабуе максімізаваць продажы і гарантаваць сабе аб'ёмы збыту. Пра запуск новых магутнасцяў ва ўмовах нізкіх цэнаў гаворка не ідзе.

Беларусь у гэтым годзе, як паведамлялася, плаціць за газ кантрактную цану 127 даляраў. Упершыню яна нашмат пераўзыходзіць нават цану для Заходняй Еўропы, у якую яшчэ ўключаны і нятанны кошт транзіту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0