26.03.2020 / 18:49

Ці каранавірус Божая кара за людскія грахі? Адказваюць бацюшкі, ксёндз, пастар, равін і імам 34

Каранавірус стаў вялікім выпрабаваннем для чалавецтва. Многія краіны сёння закрытыя на каранцін, уведзеныя надзвычайныя становішчы, закрытыя межы. «Наша Ніва» апытала святароў асноўных канфесій, якія дзейнічаюць у Беларусі: што яны думаюць пра каранавірус і ці не ёсць гэта Божай карай за людскія грахі?

«Можа, не заўсёды трэба прыплятаць «ідэю Бога»?

Сяргей Лепін, кіраўнік Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ

Сяргей Лепін, фота aif.by.

Няслушна ад ідэі ўсеагульнай віны, якая з'яўляецца прычынай няшчасцяў, пераходзіць да выяўлення асабістай віны блізкага. Думаю, будзе правільным кожнаму пакінуць на ягонае ўласнае меркаванне і сумленне, чым з'яўляецца для яго гэтая эпідэмія. Але некаторыя, я ўпэўнены, з’яўляюцца ахвярамі: напрыклад, як пасажыры бываюць ахвярамі памылкі кіроўцы і гінуць разам.

Біблія сапраўды называе некаторыя няшчасці карай Божай, грэх — прычына пакутаў. Але падобнай лексікай трэба карыстацца вельмі асцярожна і дакладна разумець, што існуюць такія абставіны, якія лепш тлумачыць, выкарыстоўваючы іншыя вобразы і ідэі.

Напрыклад, мама забараняе дзіцяці чапаць гарачы прас — будзе «вава», але тое аднойчы ўсё ж дакранаецца да распаленага металу і атрымлівае апёк. Ці можна назваць выніковую траўму малога матчыным пакараннем? Не. Бог таксама дае чалавеку прыказанні і папярэджвае, што ў выпадку парушэння іх чалавек «смерцю памрэ». Чалавек парушае волю Бога, і як вынік — боль, адчай і смерць.

Бог не стварыў зла. У першародным свеце не было хвароб і смерці. Яны з'явіліся як вынік чалавечага граху, як вынік злоўжывання свабодай. Але чалавек — гэта вянец тварэння. Дэградуе чалавек — змяняецца і прырода. Сто гадоў таму не было ж гэтага каранавіруса, праўда? Але ён з'явіўся. Яго не Бог стварыў такім. Напэўна, магчымасць яго з'яўлення абумоўлена антрапагеннымі фактарамі. Можа, гэта дзіўна прагучыць з вуснаў святара, але не заўсёды трэба прыплятаць «ідэю Бога» — асабліва для таго, каб перакласці на Яго адказнасць.

Вірусы — гэта такая адмысловая форма жыцця, інтарэсы якой знаходзяцца на перасячэнні з інтарэсамі жыцця чалавека.

Супярэчнасці адносінаў чалавека з Богам немінуча аказваюцца супярэчнасцю адносін чалавека з прыродай, у якой сваё жыццё і свае інтарэсы. Як і ў чалавека, які ўвесь час цягнецца да «праса».

Але заклік да пакаяння, да пошуку Бога і Ягонай Праўды — гэта «самае тое», аб чым нам усім трэба думаць у першую чаргу. І пра дапамогу і бяспеку адно аднаго.

«Каранавірус не толькі праяўленне зла, але і магчымасць навучыцца салідарнасці»

Вячаслаў Барок, пробашч парафіі ў Расонах

Вячаслаў Барок, фота з facebook.com.

Шукаючы адказ на пытанне, адкуль у свеце ўзяўся каранавірус і ці не ёсць гэта кара ад Бога за грахі, добра было б задаць яго непасрэдна Богу. А такой магчымасці ў гэтым свеце мы, на жаль, не маем. Аднак маем Біблію, і ў ёй можам шукаць і знаходзіць адказы на ўсе пытанні, якія могуць цікавіць чалавека.

Напачатку трэба зазначыць, што каранавірус — гэта хвароба. Хвароба і смерць — гэта аб’ектыўны недахоп дабра (зло). Зло з’явілася ў свеце пасля ўчыненага граху. Аўтарам граху ёсць анёл Люцыфер і сам чалавек.

Калі чалавек паддаўся граху, у яго жыцці з’явіліся хваробы і смерць, чаго напачатку, перад грахом, не было. І вось у дадзеным кантэксце сказаць, што гэта Бог пакараў чалавека, у чалавека, які ацэньвае Бога, ужо менш застаецца імпэту.

У Старым Законе было ўсё проста. У Кнізе Выхаду даведваемся пра логіку Бога: «Гасподзь Бог твой, Бог руплівец, Які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацвёртага калена, што ненавідзяць мяне, і Які чыніць мілату тысячам кален, што любяць Мяне і шануюць прыказанні Мае» (Вых 20, 5-6).

Аднак з прыходам Хрыста мы жывём у Новым Законе. І здзяйсняецца жаданне Бога, а Ён яшчэ праз прарока Езэхіэля казаў: «Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь Бог: не хачу смерці грэшніка, а каб грэшнік адвярнуўся ад шляху свайго і жывы быў» (Ез 33,11).

Хрыстос спрабуе нам патлумачыць, што на існаванне граху і зла ў свеце чалавек можа зірнуць па-іншаму. Асэнсаваць рэчаіснасць глыбей, чым дагэтуль. А таму на пытанне сваіх вучняў, хто зграшыў: ці сам сляпы ад нараджэння, ці бацькі ягоныя, — Ісус адказаў, што не ён і не бацькі ягоныя. Гэта значыць, што не заўсёды трэба бачыць прычынна-выніковую сувязь паміж грахом чалавека і Божым пакараннем, але ва ўсім трэба шукаць славы Божае. І таму Хрыстос патлумачыў, што сталася гэта, каб «выявілася слава Божая» (Ян 9,3).

Асабіста я не спяшаўся б казаць, што сёння прычынай неўтаймаванага распаўсюджвання пандэміі каранавіруса ў свеце ёсць перапоўненая чаша Божага цярпення.

Чалавецтву ёсць, безумоўна, над чым задумацца. У першую чаргу, яшчэ раз можна пераканацца, што не чалавек ёсць Богам на зямлі, якому падуладна трымаць сітуацыю пад кантролем. Таксама можна прыгадваць розныя грахі чалавецтва, сімваламі якіх яшчэ не так даўно з’яўляліся крыжалом у Беларусі і палаючыя святыні ў Еўропе, хоць бы і той самы Нотр-Дам-дэ-Пары.

Аднак, бачачы яскравыя знакі часу, не трэба спяшацца рабіць памылковыя людскія высновы, але варта кожную сітуацыю ўспрымаць як пэўны ўрок, прыпаднесены Богам.

Каранавірус для нас — гэта не толькі праяўленне аблічча зла, але і магчымасць для ўсяго чалавецтва навучыцца большай салідарнасці і разуменню патрэбаў іншага. Немагчыма не заўважыць і тое, што, калі дзякуючы гэтай заразе смерць раз’юшана збірае сваё плады, любоў у людскіх сэрцах перамагае зло.

Напрыклад, узгадаю 72-гадовага святара з Італіі, які, будучы хворым, свой апарат штучнага дыхання аддаў іншаму, больш маладому, сам пры гэтым спакойна памёр. Упэўнены, той святар успрымаў пандэмію не як пакаранне Божае, ад якога трэба хавацца, але як магчымасць для таго, каб праявіць сваю чалавечнасць і ахвяраваць сваё жыццё дзеля іншага. І ён змог гэта зрабіць.

Няхай Бог і нам дасць магчымасць, змяняючы сваё мысленне, не толькі шукаць пытанне, хто ў чым вінаваты, але пайсці далей і задумацца над сэнсам свайго жыцця.

«Мы ўбачылі наколькі ўсё хісткае ў гэтым свеце»

Антоні Бокун, пастар царквы «Ян Прадвеснік»

Антоні Бокун, фота з facebook.com.

Калі людзі або цэлыя народы адварочваюцца ад Бога і Яго закону і жывуць так, нібыта Бога няма, абавязкова за гэта прыйдзецца заплаціць. І ў пэўным сэнсе каранавірус з’яўляецца такім судом, а больш правільна сказаць, папярэджаннем для нас.

Я не магу сказаць, што каранавірус ёсць Божым пакараннем, бо пакуль бачу не вялікую эпідэмію, а вялікую паніку, выкліканую чуткамі пра вялікую эпідэмію. Хоць наступствы гэтай панікі цалкам рэальныя, і ў гэтым ёсць Божае пакаранне. Мы ўбачылі, наколькі ўсё хісткае ў гэтым свеце. На працягу двух тыдняў свет змяніўся непазнавальна: закрыліся межы, спыніліся авіяпералёты, абрынулася індустрыя турызму і адпачынку, спыніліся канцэрты і спартовыя чэмпіянаты, краіны адна за адной уводзяць жорсткія каранціны, і ніхто не ведае, калі і чым гэта ўсё скончыцца.

У такой сітуацыі самым рацыянальным выйсцем з’яўляецца звярнуцца да Таго, Хто трымае гэты свет у Сваіх руках. Звярнуцца да Бога, Які «так палюбіў гэты свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». У нашай культуры мы крыху забылі пра крохкасць жыцця, а сёння смерць нагадвае нам пра сваё існаванне, і многім ад гэтага страшна, і нават жудасна.

Цяпер час напярэдадні Вялікадня, і ўвесь хрысціянскі свет узгадвае смерць і ўваскрасенне Ісуса Хрыста. Ён памёр і ўваскрос, каб «вызваліць тых, якія дзеля страху смерці праз усё жыццё падлягалі няволі». Мы маем добры час, каб адказаць на пытанне: «Якое значэнне мае Ісус Хрыстос для мяне?» І сітуацыя з каранавірусам дае шмат падставаў, каб сур’ёзна задумацца пра гэта.

А што датычыць самога каранавіруса, дык трэба з ім змагацца, мыць рукі, прымаць лекі, выконваць парады лекараў і не глядзець на яго як на смяротную чуму. Мы молімся, каб і гэтая хвароба спынілася, і каб паніка суцішылася, і каб людзі знайшлі сапраўдны мір у сэрцах, які можа даць толькі Бог.

«Гэта не будзе моцным перабольшваннем»

Андрэй Крот, парах грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне

Андрэй Крот. Фота з facebook.com.

Не ведаю, адкуль узяўся каранавірус. Я маю, можа быць, дастаткова нетыповае для святара захапленне: чытаю альбо слухаю фантастычныя раманы. У гэтых кнігах часта ёсць такі матыў: вось навукоўцы нешта нашкодзілі, і штосьці вырвалася з-пад іх кантролю і знішчыла чалавецтва. Гэта можа быць і вірус, і нейкая машына. Матыў такі не новы, але вельмі распаўсюджаны.

Сённяшняя эпідэмія добра паказвае тое нявер’е, якое сёння існуе ў чалавецтва. Нявер’е нават не ў Бога, не рэлігійнае, а салідарна-чалавечае. Няма веры да навукі, няма веры да ўладаў, бо «яны нас падманваюць і хаваюць дакладныя лічбы хворых і памерлых» і г.д.

Калі сказаць, што эпідэмія каранавіруса — гэта пакаранне за грахі, то гэта не будзе моцным перабольшваннем. Бо людзі перасталі давяраць адно аднаму, перасталі давяраць Богу, перасталі верыць у нейкія этычныя нормы.

Калі здараюцца такія непрадбачлівыя чалавекам здарэнні, то яны руйнуюць чалавечае жыццё, здароўе, некаторых забіваюць. Гэта руйнуе нашу штодзённую рэальнасць, Бог дасылае нам такі шанец, каб мы задумаліся, ацанілі тое, што маем. Навучыліся карыстацца тым, што ад Бога атрымалі.

«Каранавірус — добры настаўнік, каб мы задумаліся»

Рыгор Абрамовіч, равін рэлігійнага аб'яднання грамад прагрэсіўнага юдаізму

Рыгор Абрамовіч, фота з facebook.com.

Вельмі добрае і вельмі важнае пытанне. Вельмі асцярожна трэба нам, людзям, з успрыманнем Божага пакарання. Нават калі мы і заслужылі гнеў Усявышняга, то гэта ягоны гнеў, ягонае рашэнне. Нам усё адно важна не накручваць сябе і не прымаць на сябе больш ярма, нашай віны, чым у гэтым ёсць неабходнасць. Гэта калі зірнуць з аднаго боку, з іншага — колькасць заражаных каранавірусам і смерцяў — гэта самы моцны настаўнік, ужыву гэтае слова, каб мы задумаліся аб нашых учынках, аб нашых правінах, а таксама аб тым, што можна змяніць.

Мы разумеем жа, што гэта не першая пандэмія, не першы вірус. Мы памятаем аб «чорнай смерці» ў Сярэднявеччы, калі далёка не заглядваць у гісторыю, то цяпер шмат пішацца пра «іспанку» 1918—1919 гадоў. І канец ХХ стагоддзя таксама даваў нам захворванні. Яшчэ зусім нядаўна мы ўсур’ёз гаварылі аб СНІДзе, які з’яўляецца бічом, хваробай і страхам нашага часу.

Каранавірус — гэта, з гледзішча гісторыі, адзін з вірусаў, які дае нам магчымасць задумацца аб тым, што мы робім, ці робім мы правільна гэта і што такое наша раскаянне.

У яўрэйскай традыцыі ёсць такі дзень адкуплення, ён называецца Ём-Кіпур, а таксама ёсць дзень суда Рош-Ха-Шана (Новы год). Ём-Кіпур — гэта дзесяць дзён раскаяння. На працягу дзевяці дзён мы просім прабачэння ў людзей, якіх мы маглі пакрыўдзіць, а адзін дзень мы просім прабачэння ва Усявышняга. Гэта паказвае, што часам на людзей трэба патраціць больш часу, чым на Усявышняга. Але калі мы трацім дзень на Усявышняга, то прысвяшчаем яго Яму цалкам — гэта пост, раскаяннне.

Ёсць сярэднявечная пазіцыя, калі над намі ёсць злы прысуд, а гэта ёсць, гэта наша жыццё, наша рэальнасць, то злы прысуд аслабляецца ці адсоўваецца за кошт трох фактараў: малітва, вяртанне да Усявышняга (ці раскаянне) і справядлівасць, якую мы вяртаем у гэты свет, калі дапамагаем тым, каму патрэбная дапамога, робім усё, каб свет быў больш справядлівым і гарманічным, такім, як яго задумаў Усявышні. Гэта тры шляхі, з дапамогай якіх мы можа адсунуць ці зменшыць прысуд, які ёсць над намі.

«Кожная хвароба можа быць пакараннем за грахі»

Алі Варановіч, муфтый духоўнага ўпраўлення мусульман Беларусі

Алі Варановіч, фота citydog.by.

Наконт пытання, адкуль узяўся вірус, то шмат версій ёсць: і пра мутацыі, і яшчэ некаторыя. Тое, што нас напаткала з каранавірусам, — гэта натуральна пакаранне за людскія грахі. Кожная хвароба можа быць пакараннем за грахі. Тым больш у нас ёсць такое прадказанне, што перад канцом свету будуць з’яўляцца новыя хваробы, якія будуць забіраць шмат людзей.

Гэта можа давацца для таго, каб людзі вярнуліся да веры, каб адумаліся, бо шмат людзей ужо адмовіліся ад веры.

У Каране ёсць гісторыя, калі людзі плывуць на караблі і пачынаецца шторм, то ўсе яны пачынаюць звяртацца да Бога. А калі людзі выратаваліся і выходзяць на сушу, то адмаўляюцца зноў ад веры. Вось з гэтым штормам і можна параўнаць сённяшнюю сітуацыю. Сёння варта ўспомніць Бога, успомніць ці аднавіць веру.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Зміцер Панкавец

105
хамса / Адказаць
26.03.2020 / 19:07
«Можа, не заўсёды трэба прыплятаць «ідэю Бога»?
чаму адразу проста сумленна не сказаць, што бога проста (элементарна)) няма?
60
Алег С. / Адказаць
26.03.2020 / 19:21
Дэмагогія (па кожным).
33
Аленка / Адказаць
26.03.2020 / 19:30
Лепш за ўсіх сказаў рабін.
Паказаць усе каментары/ 34 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру