Сёння — дзень народзінаў беларускага гісторыка і культуролага Вольгі Сабалеўскай. Яна пайшла з жыцця 18 кастрычніка 2019 года з прычыны цяжкай хваробы. Вольга была надзвычай добрым, светлым, сумленным чалавекам. З тонкім пачуццём гумару. З неверагодным аптымізмам і верай у людзей. Таленавіты і працавіты навуковец: адзін з буйнейшых у Беларусі спецыялістаў па гісторыі і культуры ўсходнееўрапейскіх габрэяў. Яе заслужана называюць «Каралева беларускай іўдаікі».

З 1999 па 2013 гады Вольга Сабалеўская працавала дацэнтам кафедры культуралогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Калі ва ўніверсітэце адбывалася палітычна матываваная «чыстка», яна спрабавала адстаяць справядлівасць і законнасць у нашай Альма-Матар. Але ў выніку ёй самой прыйшлося яе пакінуць… Вольга вельмі балюча гэта ўсё ўспрымала.

З верасня 2013 г. і да апошніх дзён жыцця Вольга працавала ў гродзенскім філіяле «Беларускага інстытута правазнаўства» дацэнтам кафедры паліталогіі, псіхалогіі і філасофіі.

Як выдатны навуковец, прызнаны спецыяліст па іўдаіцы Вольга Сабалеўская вядомая не толькі ў Беларусі, але таксама ў Польшчы, Расіі, Украіне, Літве, Ізраілі ды іншых краінах. На сённяшні дзень вынікі даследаванняў Вольгі па праблемах гісторыі і культуры габрэяў Усходняй Еўропы, гістарычнай культуралогіі, урбаністыцы, міжэтнічных узаемадзеянняў — гэта каля 120 публікацый, у тым ліку 4 манаграфіі.

Заўчасная смерць Вольгі Сабалеўскай — велізарная страта для беларускай гістарыяграфіі і культуралогіі. Светлая памяць. R.I.P.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?