Разам з Букмекерскай канторай Леон мы працягваем аглядаць айчынны футбол.

І смех, і грэх, але падчас пандэміі чэмпіянат Беларусі па футболе можа перажыць росквіт. Вядома, што гэта з'ява ненатуральная і часовая, але гэта час магчымасцяў як для клубаў, так і для гульцоў.

Вышэйшая ліга стартавала вельмі нечакана: з буйной перамогі «Энергетыка-БДУ» над БАТЭ. Мінчукі банальна аказаліся хутчэйшымі і лаўчэйшымі, асабліва на полі вылучаўся узбек Джасурбек Яхшыбоеў, які забіў двойчы. Першы гол выйшаў проста шэдэўрам футбольнай тэхнікі.

БАТЭ змог адзначыцца толькі дзякуючы памылцы брамніка «студэнтаў», але гэтага аказалася недастаткова — параза з лікам 1:3.

Але галоўныя канкурэнты не змаглі скарыстацца такім падарункам барысаўцаў. «Шахцёр» прайграў «Тарпеда-БелАЗ», мінскае «Дынама» — «Руху», а брэсцкія «дынамаўцы» згулялі ўнічыю са «Смалявічамі», чым абламалі амаль усе нашыя прагнозы.

У нядзелю ж адбыўся бенефіс арбітра Сяргея Чыстова — той прызначыў ажно пяць пенальці ў гульні «Слуцка» са «Славіяй», усталяваўшы рэкорд чэмпіянатаў Беларусі. З чатырох 11-метровых случчакі рэалізавалі тры, у мазырчукоў адзіная спроба аказалася паспяховай. З гульні мячоў каманды не забівалі.

Сяргей Чыстоў і слуцкі каравай. Фота Ірыны Вечар.

Сяргей Чыстоў і слуцкі каравай. Фота Ірыны Вечар.

Цяпер пераходзім да матчаў другога тура, якія адбудуцца, нягледзячы на каранавірус. Але пандэмія паўплывала на наш футбол: «Іслач» адмовілася ад фан-зоны, а «Слуцк» і «Тарпеда-БелАЗ» будуць прадаваць білеты не на ўсе месцы, рассаджваючы заўзятараў праз адно месца.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Белшына»

З трэцяга разу каманда Юрыя Пунтуса змагла выйграць у «Шахцёра». У Салігорску ўсё цягнулася да нулявой нічыёй, але на 91-й хвіліне бразілец Рамас з лініі штрафной вырашыў прабіць і не дарма. 

«Белшына» на бабруйскай сінтэтыцы хутка павяла ў матчы з «Мінскам» — Леанід Ковель майстарскі скарыстаўся момантам. Але ў другім тайме сказалася розніца ў класе, і мінчукі змаглі пераламіць ход матчу і перамагчы 3:1.

Варта адзначыць, што да пераезду ў Жодзіна Юрый Пунтус трэніраваў менавіта «Белшыну». Паглядзім, ці будзе гэта перавагай на полі.

Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда».

«Рух» — «Энергетык-БДУ»

Тыдзень таму мы пісалі пра дзіўныя стасункі паміж «Рухам» і кіраўніком брэсцкім «Дынама» Аляксандрам Зайцавым. У першым туры той не паехаў у Брэст, дзе ягоны клуб гуляў са «Смалявічамі», а назіраў за першай перамогай «Руха».

Аляксандр Зайцаў глядзеў матч «Руха» разам з Юрыем Вяргейчыкам. Фота Аляксандра Дабрыяна, «Прэсбол».

Аляксандр Зайцаў глядзеў матч «Руха» разам з Юрыем Вяргейчыкам. Фота Аляксандра Дабрыяна, «Прэсбол».

У пятніцу «Рух» будзе прымаць нечаканых лідараў табліцы. З гэтай нагоды два пытанні: ці прыедзе Зайцаў і на хатні матч берасцейцаў, а таксама ці змогуць абаронцы «Руха» стрымаць Яхшыбоева.

Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.

«Слуцк» — «Дынама-Брэст»

Случчакі, якіх мы запісалі на барацьбу за выжыванне, у першым туры ўпэўнена абгулялі мазырскую «Славію». Наперадзе куды больш сур'ёзны іспыт — матч з чэмпіёнамі, злымі пасля матчу са «Смалявічамі».

У сваёй суполцы Укантакце «Слуцк» прапанаваў усім ахвотным кампаніям супрацоўніцтва па рэкламе — сітуацыя ў клубе працягвае пагаршацца. Ці скарыстаецца гэтым «Дынама»?

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Славія» — БАТЭ

Мазыр і Барысаў пасля першага тура аказаліся побач на дне табліцы, насуперак чаканням заўзятараў і прагнозам букмекераў.

БАТЭ едзе выпраўляць «энергетычны» канфуз, але «Славіі» таксама трэба набіраць балы, бо роля аўтсайдара — гэта яўна не тое, на што разлічваюць мазырскія заўзятары.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Мінск» — «Дынама-Мінск»

Гэта беларускі футбол. У той час, калі матч «Смалявічы» — «Іслач» будзе праходзіць на стадыёне «Дынама» (пра гэта крыху ніжэй), мінскае дэрбі будуць гуляць на сінтэтыцы «Камвольшчыка».

Зноў пачалася бяда мінскага «Дынама». Летась падчас дыскваліфікацыі Сяргея Гурэнкі каманда згубіла шмат турнірных балаў і, адпаведна, надзей на медалі, тое ж самае пачало адбывацца і сёлета — «Руху» ўжо прайгралі. А наперадзе матч супраць крэпкага «Мінска», які ўжо ведае смак перамогі.

Прагноз «НН»: «Мінск» не саступіць.

«Гарадзея» — «Шахцёр»

Абедзве каманды скончылі свае матчы стартавага тура мінімальнымі крыўднымі паразамі. «Шахцёр», як мы пісалі, прапусціў у кампенсаваны час, а «Гарадзея» прапусціла гол ад свайго ж футбаліста.

Калі няўдалы старт «цукровых» — з'ява даволі тыповая, то кіраўніцтва салігорцаў доўга трываць няўдачы не стане. Таму Юрыю Вернідубу трэба быць вельмі пільным.

Прагноз «НН»: «Шахцёр» пераможа.

«Іслач» — «Смалявічы»

Заўзятар «Іслачы» з баянам стане трэцім артыстам, які збярэ стадыён «Дынама» пасля Саладухі і Каржа. Першапачаткова матч мусіў адбыцца ў Жодзіне (там пакуль гаспадараць «Смалявічы»), але клубы дамовіліся памяняцца кругамі, а праз занятасць «Камвольшчыка» не засталося нічога іншага, як згуляць на найвялікшай спартыўнай арэне Беларусі.

Фота: ФК «Іслач».

Фота: ФК «Іслач».

«Іслач» у першым туры абгуляла «Нёман» з мінімальным лікам, дзякуючы фантастычнаму стрэлу Мамо Янсанэ. Матч са сціплымі «Смалявічамі» — добрая магчымасць затрымацца на вяршыні табліцы.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Нёман» — «Віцебск»

Як мы і прагназавалі, сезон ад старту не задаўся ў гарадзенцаў. Параза ў першым туры і яшчэ адзін сур'ёзны супернік у другім.

Нягледзячы на сур'ёзныя задачы «Віцебска» на сезон, каманда не губляе аптымізму і пачуцця гумару. Паглядзіце, як футбалісты жартуюць з павышанай увагі да сябе з боку заўзятараў са ўсяго свету. 

Ці дапаможа добры настрой у Гродне?

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку і футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?