Здарэнне адбылося 20 сакавіка каля 18:00. Інспектары ДАІ няслі службу ў горадзе. Праязджаючы вуліцамі горада, яны заўважылі трохгадовую дзяўчынку, якая ішла па тратуары каля дарогі без дарослых, паведамляе абласная міліцыя.

Праваахоўнікі зразумелі, што такое малое дзіця не можа адно перасоўвацца па горадзе, развярнулі службовы аўтамабіль і паехалі ў бок, куды пайшла дзяўчынка.

Пад'ехалі да дзіцяці, а каля яго ўжо спынілася неабыякавая жанчына, якая ўбачыла, што дзяўчынка ледзь не ўпала на праезную частку. Інспектары ДАІ пацікавіліся ў дзяўчынкі, чаму яна адна і дзе жыве.

Але дзяўчынка з-за ўзросту нічога не змагла патлумачыць. Тады хлопцы вырашылі паехаць у адваротны бок: г.зн. туды, адкуль ішла дзяўчынка. Там быў новы мікрараён.

Прыехаўшы на месца, яны пабачылі занепакоенага мужчыну, які бегаў каля дамоў. Гэта і быў бацька. Ён распавёў, што забраў дачку з дзіцячага садка і прывёў дадому, а затым заняўся хатнімі справамі. Як яна выйшла з кватэры, не заўважыў, такое здарылася ўпершыню. Тата моцна дзякаваў інспектарам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0