25.03.2009 / 18:33

Жывы ланцуг і спіралі Бруна скончана, дадаўся аналіз 29

Некалькі тысяч удзельнікаў святкавання разбрыліся па шырокім праспекце са сцягамі і сцяжочкамі. На гадзіну цэнтральная вуліца сталіцы пагрузілася ў атмасферу нацыянальнага свята.

Некалькі тысяч удзельнікаў святкавання разбрыліся па шырокім праспекце са сцягамі і сцяжочкамі. На гадзіну цэнтральная вуліца сталіцы пагрузілася ў атмасферу нацыянальнага свята.

Улады правялі поўнамаштабную дэманстрацыю сілы. У цэнтр гораду былі сцягнутыя Ўнутраныя войскі. На дахах будынкаў сядзелі снайперы. На відне стаялі дзесяткі аўтазакаў і нават спіралі Бруна. Тым не менш, да 4000 маніфестантаў, пераважна моладзь і пенсіянеры, сабраліся каля Акадэміі навук.

Арганізатары святкавання пайшлі на арыгінальны крок. Каб не ісці на Бангалор, прынізлівы для нацыянальнага свята, і каб не правакаваць ужыцця сілы шэсцем у цэнтр гораду, яны заклікалі ўстаць ланцугом уздоўж праспекту. Людзі зрабілі тое з энтузіязмам. На праспекце запанавала самаарганізацыя.

Група моладзі з некалькіх соцень чалавек скіравалася ў бок цэнтру, але не пайшла на сутыкненні з амонаўцамі. Пры канцы акцыі, вярнуўшыся да Акадэміі навук, моладзь развяла вялікае вогнішча з партрэтаў Лукашэнкі і прапагандысцкае літаратуры.

Арганізатарам удалося па-свойму элегантна перайграць улады. Жывы ланцуг глядзеўся эфектна, людзям падабалася тое, што яны робяць. Ужыццю сілы супраць такой падкрэслена мірнай акцыі немагчыма было б знайсці ніякае абгрунтаванне.

Мяркуючы па складзе ўдзельнікаў свята, палітычнай апазіцыі не ўдалося данесці інфармацыю пра акцыю да шырэйшых колаў, а найманыя работнікі не гатовыя да рызыкі палітычнае актыўнасці. У той жа час транспаранты, прынесеныя звычайнымі людзьмі, мелі пераважна сацыяльны характар — вынік эканамічнага крызісу ў краіне.

Гэты Дзень Волі не паўплывае негатыўна на беларуска-еўрапейскія адносіны. Што датычыць сілы, арганізаванасці і матывацыі незалежнага грамадства, то сённяшняя акцыя была больш маштабнаю за аналагічныя ў міжчассі між прэзідэнцкімі выбарамі 2001 і 2006 гадоў.

20:10 На пляцоўцы каля Акадэміі навук засталіся каля трыццаці чалавек, яны трымаюць сцяг.

19:36 Ланцуг стаіць шчыльна ўздоўж праспекта. Маладыя людзі дасталі гітары і спяваюць сюд-туд — песні НРМ, Беларусь Фрыдам Ляпісаў ды народныя песні. Моладзь прытанцоўвае пад "Жыве Беларусь", старшыя далучаюцца да іх.

19:19 Ля Акадэміі навук расклалі вялікае вогнішча і паляць партрэты Лукашэнкі.

Уздоўж ланцуга выставілі супрацоўнікаў ДАІ. Яны вызваляюць першую паласу для машыны з суперсучаснай відэакамерай на даху.

19:14

Ланцуг дасягнуў будынка па адрасе пр-т Незалежнасці, 76 (палова дарогі між Сурганава і краем Батанічнага саду).

19:06 "Маладая Беларусь", Малады Фронт і астатнія вяртаюцца назад.

19:02 Пра Маладую Беларусь

Выступіў Яўген Афнагель, які сказаў: "Мы не будзем ісці на кардон міліцыі. Мы будзем гуляць па горадзе". Яго падтрымаў Артур Фінькевіч, які сказаў, што супрацьстаяння не трэба.

АМОНаўцы пашыхтаваліся і чакаюць. Тут не толькі "Маладая Беларусь", але і сябры "Еўрапейскай Беларусі", іншых груповак.

Маладая Беларусь і АМОН. Супрацьстаянне на вуліцы Броўкі.

18:59 Ланцуг з асноўнай групай удзельнікаў акцыі расцягнуўся ад вуліцы Броўкі да Сурганава.

Людзі скандуюць "Жыве Беларусь!". Нейкая жанчына высунулася з машыны "Субару" і крычыць "Жыве! Жыве, куды яна дзенецца!".

Многія машыны вітаюць ланцуг сігналамі.

Каля Акадэміі навук запалілі фаеры.

Людзі стаяць са сцягамі ўздоўж праспекта, атмасфера вясёлая. Адны людзі стаяць уздоўж праезнай часткі, іншыя са сцягамі шпацыруюць па тратуарах. Жарты, сех, групкі спяваюць, другія скандуюць. Самаарганізацыя.
Колькасць удзельнікаў акцыі вырасла да 3000-4000 чалавек. Большую частку ўдзельнікаў складаюць студэнцкая, працоўная і школьная моладзь і пенсіянеры. Няшмат людзей сярэдніх гадоў.

18:54

Людзі становяцца на вузкі тратуарчык уздоўж праезжай часткі, выстройваюцца ў ланцуг, машыны сігналяць.

18:45

svaboda.org

Сябры "Маладой Беларусі" збіраюцца ісці праспектам у бок Кастрычніцкай.

Віктар Івашкевіч заклікаў усіх пашыхтавацца ўздоўж праспекта ў ланцуг у бок Нацбібліятэкі.

Ён сказаў, што не трэба ўваходзіць у канфрантацыю з міліцыяй, а лепш адказаць суперпікетам. Мяркуецца, што ланцуг будзе доўжыцца больш за гадзіну.

Леанід Акаловіч - святар непрызнанай з дзіўнай кананічнай юрысдыкцыяй Беларускай народнай праваслаўнай царквы - збіраецца адправіць малітву.

Колькасць удзельнікаў расце.

18:38 Выступіў Павел Севярынец, які заклікаў ўсе правыя палітычныя партыі да адзінства.

Андрэй Кім раздае паштоўкі, а таксама ўлёткі з адрасамі палітвязняў. На адваротным баку ўлёткі — тэкст гімна "Магутны Божа".

Стаіць мужчына з чырвона-зялёным сцягам і надпсіам: "За честь і справедлівость". Увогуле самаробных транспарантаў нямала: "Пенсіянеры і студенты, льгот для нас больше нету, будем ездіть без білета", "Улада для народа, а не для чыноўнікаў", "Пока вы ліхо забіваете шайбы на льду, чіновнікі ліхо і тіхо забівают нас отпіскамі". "Пенсіонерам - дастойную старасць!".

18:31

Два сцягі вывесілі на шматпавярховым будынку па правую руку ад кінатэатра "Кастрычнік" (над кавярняй "Батлейка").

Уладзімір Някляеў чытае верш "Сцяг".

18:29 Група снайпераў знаходзіцца на даху 9-павярховага будынку 1-й больніцы.

Людзі паказваюць на іх пальцам.

Кепскі гук, нават на прыступках нічога не чуваць.

18:27 Выступіў старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, які сказаў, што на Бангалор ніхто не пойдзе.

18:22

Грае музыка з "Я нарадзіўся тут". МФ раздаюць сцяжкі "Дзень Волі. Лепшае - магчыма".

Прысутнічаюць Андрэй Саннікаў са сваёй жонкай Ірынай Халіп, гісторык Валянцін Голубеў, Станіслаў Шушкевіч. Да камуністычнага лідэра Сяргея Вазняка дачапіліся: "А што ён тут тут робіць?" Ён у адказ: "А вы, думаеце, што камуністы не святкуюць Дзень Волі?".

Адна жанчына трымае плакат: "За 35 гадоў працы - сям'ю абакралі. Кіраўнік калгасу пабудаваў чатыры катэджы за нашыя грошы".

Каля Акадэміі навук сабралася ўжо 2 000 чалавек.

18:12

Падвезлі гукаўзмацняльную апаратуру, хутка пачнецца мітынг.

18:10

Віктар Івашкевіч прапануе пасля кароткага мітынгу пашыхтавацца ў даўгі ланцуг па адным чалавеку ад Акадэміі Навук у бок Нацыянальнай бібліятэкі.

18:07

Малады фронт вельмі гучна гукае "Жыве Беларусь", "Улада народу, моладзі свабоду". Вядуць сябе вельмі актыўна. МФ разгарнуў вельмі вялікі свой сцяг.

Асобна стаіць "Моладзь БНФ" у сваіх майках. Шмат БХДшных сцягоў. А таксама бел-чырвона-белыя сцягі. Сцягоў дзесяткі.

Зараз на плошчы каля 1 500 чалавек.

З адваротнага боку вуліцы Акадэмічнай стаяць дыпламаты, міліцыі - мінімум.

18:03

Ядвіга Бяганская трымае плакат: "Яна Палякова - ахвяра лукашызму".

17:54

Зараз на плошчы перад АН каля 300-400 чалавек. Падышлі міліцыянты да Вінцука Вячоркі і папярэджваюць пра адказнасць, калі акцыя не пойдзе па вызначаным Мінгарвыканкамам шляху (на Бангалор).

В. Вячорка кажа, што не можа паўплываць на людзей, паколькі канфіскавана апаратура. "Вярніце апаратуру", - кажа.

Апроч бел-чырвона-белых сцягоў, ёсць пяць сцягоў Еўрасаюза, аранжавыя сцягі "Маладой Беларусі", а таксама бел-чырвона-чорны сцяг.

17:42 На пляцоўцы перад Акадэміяй навук ужо сабраліся каля 150 чалавек. Ёсць старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч, Павел Севярынец.

Восем вялікіх бел-чырвона-белых сцягоў, мноства малых. З'явіўся адзін сцяг ЕС.

Івашкевіч трымае адзін сцяг, бо кажа, што цяпер скептычна ставіцца да ініцыятываў Еўразвязу.

Маладафронтаўцы распавядаюць, што затрыманыя Наста Палажанка і Дзяніс Карноў, у апошняга сёння быў на кватэры ператрус. Іх тэлефоны адключаныя, і дзе знаходзяцца маладыя людзі, невядома.

На пляцоўцы перад Акадэміяй навук пакуль пераважаюць людзі сярэдняга і сталага веку.

17:31

Каля ЦУМа і галоўнага корпусу БНТУ больш за два дзесяткі аўтазакаў. Стаяць аўтазакі на вуліцы Броўкі.

На бульвары Мулявіна стаяць аўтазакі, а таксама —

новае ноў-хаў, навінка рынку-2009 — так званыя спіралі Бруна, вялізныя пераносныя загарадкі з калючага дроту, скручаныя ў маткі.

Яны ўсталяваныя на прычэпах "газікаў". У машынах — спецназаўцы.

Чытачы паведамляюць пра скапленні войскаў таксама ў раёнах вуліц Дарашэвіча, Камуністычнай, парку Горкага, Акадэміі міліцыі, Акадэміі мастацтваў, Кастрычніцкай плошчы.

Але нягледзячы на гэтыя дэманстрацыі сілы пакуль у горадзе ўсё ціха і мірна, ніякіх загараджэнняў няма.

***

91 год таму была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Пачынаючы ад канца 1980-х, штогод на 25 Сакавіка ў Менску арганізуюцца шэсці. Сёлета яно распачалося а 18-й ад Акадэміі навук.

Мінгарвыканкам дазволіў шэсце вуліцай Сурганава да плошчы Бангалор. Заяўнікі акцыі - Партыя БНФ - прасіла дазволу прайсці праспектам у бок Кастрычніцкай плошчы.

Раніцай панядзелка 25 сакавіка 1918 г. Радай БНР была прынята Трэцяя Ўстаўная Грамата, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай.

Знакамітае паседжанне Рады адбылося ў будынку па сённяшнім адрасе Валадарскага, 9.

Рада таксама абвясціла, што Берасцейская мірная дамова страціла сілу і заклікала яе перагледзець.

Немцы, якія паводле Берасцейскай дамовы перанялі ад Расіі кантроль над Беларуссю і Ўкраінай, адказалі на гэта разгонам Рады і Народнага Сакратарыяту. Тым не менш, немцы не мелі магчымасці цалкам спыніць дзейнасць новаўтвораных дзяржаўных органаў. Не магла ігнараваць новую рэальнасць і Расія. Каб перахапіць ініцыятыву, Масква адказала ўтварэннем залежнай ад сябе БССР. Першы ўрад БССР месціўся ў Смаленску, аднак з часам Расія нават не аддасць Беларусі гэтага гораду.

Дзень абвяшчэння Акту 25 Сакавіка, Дзень незалежнасці, ці, як яго сталі з часам называць, Дзень волі святкуецца як галоўнае нацыянальнае, уласнабеларускае свята.

«Нацыянальныя сьвяты кожны народ сьвяткуе радасна і ўрачыста. З глыбіні сэрца жадаю, каб і для ўсіх нас як на Бацькаўшчыне, гэтак і па‑за яе межамі гэты дзень стаўся нагодай выявіць сваю любоў да Бацькаўшчыны», — напісала ў сваім звароце Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР, што працягвае сваю дзейнасць у эміграцыі да тае пары, пакуль Беларусь не дасягне рэальнай незалежнасці.

Пачынаючы ад канца 1980-х, у гэты дзень штогод арганізуюцца шэсці і мітынгі на вуліцах Менску. У іх традыцыйна бяруць удзел тысячы, а часам, як у 1996 ці 2006-м, дзесяткі тысяч людзей.
У 1996-м, калі незалежнасць аказалася пад пагрозай у выніку дамоваў Лукашэнкі-Ельцына, людзі парушылі забарону і прайшлі шэсцем ад плошчы Незалежнасці да Оперы, а пасля спрабавалі прарвацца на тэлебачанне. У 2006-м маніфестанты атачылі цэнтр сталіцы — Кастрычніцкую плошчу, на якой яшчэ два дні раней стаяла намётавае мястэчка.

Штогод святкаванні ў той ці іншай форме адбываюцца таксама ў Гродне, вялікіх гарадах Беларусі, Вільні, Варшаве, Берліне, Лондане, іншых асяродках кампактнага пражывання носьбітаў беларускай ідэі.

Святочнае шэсце сёлета праходзіць пад дэвізам «За свабоду! За праўду! За справядлівасць!»

Зміцер Панкавец, Андрэй Скурко, Андрэй Дынько.

0
Pilny / Адказаць
25.03.2009 / 18:34
А за кінатэатрам "Кастрычнік" ужо з поўгадзіны як сабраліся дысцыплінаваныя маладзёны, апранутыя як "адмарозкі". Вельмі падобныя на патэнцыйных правакатараў. Аператары -- вам праца. Іншфя -- будзьце пільнымі.
0
BELARUS / Адказаць
25.03.2009 / 18:37
Мiлiцыянты ужо прыехалi у дворыкi дамоу, што знаходзяцца каля кАСТРЫЧнiцкай ПЛОШЧЫ! 3 вылiкiх аутобуса i яшчэ некалькi маленькiх!!!
0
ser / Адказаць
25.03.2009 / 19:10
Хартыя піша, што ў 17.55 ужо 1000 чалавек - ржач рабяты
Паказаць усе каментары/ 29 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру