Фота: Heikki Saukkomaa / Lehtikuva
Паліцыя і вайскоўцы выставілі блок-пасты на ўсіх трох дзясятках уездаў і выездаў з раёна Хельсінкі.
Улады Фінляндыі прынялі такія меры, каб стрымаць распаўсюд каранавіруса па краіне. Дагэтуль большасць са 1163 выяўленых выпадкаў адносілася да сталіцы.
Поўная ізаляцыя сталіцы распачалася ўначы з пятніцы на суботу. У апошні вечар свабоднага ўезду і выезду на дарогах утварыліся заторы: усе, хто хацеў пакінуць сталіцу ці вярнуцца ў яе, спяшаліся паспець, паведамляе yle.fi.
Ізаляцыя сталіцы мае доўжыцца тры тыдні. Рашэнне ўрада аднагалосна зацвердзіў парламент краіны. Урадавая кааліцыя і апазіцыя для гэтага аб'ядналіся.
Надалей у раён Хельсінкі зможа заязджаць толькі грузавы транспарт, а таксама людзі па працоўнай неабходнасці.
Акрамя таго, яшчэ тыдзень таму Фінляндыя абмежавала памежны рух, закрыла школы для большасці вучняў і заклікала людзей мінімізаваць перасоўванні.