Частка 1

Сёння ўсе мы крыху эксперты, крыху панікёры, крыху скептыкі, крыху фаталісты, крыху простыя смяротныя. Мы па-рознаму рэагуем на новую для нас рэальнасць, але ўсе мы сыходзімся ў адным: адбываецца нешта неардынарнае. Страшнае слова «пандэмія» вылезла з блокбастэраў і пасялілася ў суседстве.

Мне цікава назіраць за рэакцыяй людзей, уладаў, СМІ, грамадзянскай супольнасці ў розных краінах. Так склалася, што мая асабістая рэальнасць у часы такіх маштабных падзей заўсёды мае два бакі: беларускі, адкуль я родам, дзе цяпер мае калегі, сябры і мая сям'я, і нямецкі, дзе я жыву і працую ўжо шмат гадоў. У гэтых дзвюх «рэальнасцях» часта даволі моцна адрозніваюцца крытэрыі правільнасці, разумнасці, відавочнасці. І пандэмія не стала выняткам.

Асабіста ў мяне ўсё пачалося з раздражнення. Паніка, масавая купля масак, амаль пустыя паліцы ў прадуктовых крамах Берліна — яшчэ месяц таму мне гэта здавалася поўнай дурнотай. У маёй галаве выразна сядзела лічба 2 — столькі адсоткаў тых, хто захварэў на той момант, памірала ў свеце ад новага віруса паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

Што такое два працэнты? Гэта ж несур'ёзна. Плюс яўна выявілі не ўсіх тых, хто захварэў, г. зн. рэальная смяротнасць яшчэ і ў разы ніжэйшая.

Далей — размовы з сяброўкай, якая жыве на поўначы Італіі. Пасля гутарак з ёй статыстычныя лічбы ператвараліся ў рэальных людзей: раптам не стала калегі бацькі яе мужа, а мужавых бацькоў пасадзілі на каранцін. Гэта ўжо іншы ўзровень. Пасля гэтага з'яўляецца жаданне ва ўсім разабрацца самой. Вяртаешся на сайт СААЗ, глядзіш статыстыку па краінах, чытаеш і слухаеш каментары экспертаў на розных мовах, шукаеш інфармацыю пра прагнозы, знаходзіш гэтую інфармацыю, жахлівыя лічбы (па розных прагнозах, можа захварэць ад 60 да 80 працэнтаў насельніцтва), уяўляеш сабе, колькі гэта сотняў тысяч смерцяў ад такога адсотка заражаных нават са смяротнасцю два працэнты, зноў жахаешся. Даведваешся, чым новы вірус адрозніваецца ад старых, што такое экспанентны рост заражэнняў, які ўплыў ён можа аказаць на дзеяздольнасць сістэмы аховы здароўя, якая з-за перагрузак не зможа аказаць належнай дапамогі не толькі пацярпелым ад новага віруса, але і вельмі многім іншым. І ўсё. Паніка забяспечана.

І вось на гэтай стадыі вельмі важна мець крыніцы інфармацыі, якім ты давяраеш. І асабліва важна давяраць уладзе, калі яна цябе раптам папросіць сядзець дома ў пагодную веснавую пару або калі яна на няпэўны час закрые твой бізнэс. Я думаю, гэтая пандэмія вельмі добра пакажа, у якіх адносінах знаходзяцца розныя дзяржавы са сваім насельніцтвам: наколькі людзі будуць верыць таму, што кажа ўлада, наколькі яны будуць давяраць таму, што яна пры гэтым робіць, і наколькі сама ўлада будзе ўпэўненая ў тым, што людзі паслухаюцца і падтрымаюць прапанаваную стратэгію, замест таго каб пераправяраць і ставіць пад сумнеў кожны яе крок. На гэтую тэму, дарэчы, якраз робіцца даследаванне, у ім усяго толькі за 10 хвілін можна прыняць удзел.

Я жыву ў Нямеччыне, адпаведна, я слухала прэс-канферэнцыі, арганізаваныя нямецкімі структурамі для людзей, якія пражываюць у Германіі. Гэта лагічна. Нейкая канкрэтная стратэгія ў межах краіны толькі тады мае сэнс, калі людзі прытрымліваюцца менавіта гэтай стратэгіі. Не таму, што вырашылі ў Англіі, ці Швецыі, ці Беларусі, а таму, пра што цябе ўлада просіць тут. Таму што ў яе свае эксперты, свая сістэма аховы здароўя, у яе свой Інстытут імя Коха, свае профільныя міністэрствы са сваімі ацэнкамі і прагнозамі. І яшчэ кантакты з міжнароднымі калегамі. Думаю, менавіта гэты давер паўплываў на тое, што цяпер я выконваю рэкамендацыі па адлегласці ў паўтара метра і сяджу пераважна дома. Не страх памерці, не паніка, не несвядомае падпарадкаванне ўладзе. А наадварот — усведамленне таго, што такім чынам я магу выратаваць жыцці іншых. Мне так патлумачылі на ўзроўні канцлера. І калі гэтыя ацэнкі і прагнозы будуць мяняцца, — бо вірусолагі таксама не богі, — у мяне ёсць унутраная ўпэўненасць у тым, што гэта паўплывае на паводзіны ўлады і што яна зноў сумленна і адкрыта патлумачыць людзям, што адбываецца і што лепш рабіць.

Гэтыя два элементы — давер да крыніц інфармацыі, да ўлады і ўпэўненасць у тым, што ты разумееш, што адбываецца — вельмі патрэбныя людзям у такіх нестандартных сітуацыях. Гэта звязана з патрэбай чалавека кантраляваць сваё жыццё.

Частка 2

Ці ёсць падобны давер і пачуццё інфармаванасці сярод людзей у Беларусі? Няма. З даверам да ўлады ў беларусаў у прынцыпе праблема, а падчас такога, вядома, адразу прыходзіць успамін пра Чарнобыль.

І да мяне прыходзіць. Не сам успамін — я толькі нарадзілася ў 1986-м. Але ўсведамленне таго, што ў красавіку таго года мая мама якраз была цяжарная мной, а на першамайскую дэманстрацыю не пайшла, таму што не вельмі добра сябе адчувала. А калі б пайшла, ці нарадзілася б я наогул? Вось такая тады была ўлада. Наколькі яна змянілася з тых часоў?

Тое нямногае, што я магу назіраць з Германіі — праз СМІ, сацыяльныя сеткі, асабістыя кантакты са сваякамі і знаёмымі, — не пераконвае мяне ў тым, што людзі задаволеныя ступенню сваёй інфармаванасці. Ужо шмат тыдняў адбываюцца «анлайн-бітвы» сярод актыўных і неабыякавых: патрэбен каранцін або не патрэбны, закрываць межы ці не, адпускаць людзей працаваць дадому ці не, ці вытрымае эканоміка жорсткія меры альбо не. Чаму мы зноў не такія, як увесь свет? Чаму мы — адзіныя ў свеце, дзе ўсё яшчэ гуляюць у футбол? Чаму ў нас зноў «свой шлях»?

А сапраўды, чаму? Бо Міністэрства аховы здароўя — не вораг сабе і свайму народу, яно, напэўна, ужо выпрацавала стратэгію барацьбы з новым вірусам у краіне; яно, напэўна, правяло папярэднія кансультацыі з мясцовымі і міжнароднымі экспертамі (балазе, сябруем з Кітаем); яно напэўна лепш за ўсіх нас разбіраецца ў сістэме аховы здароўя Беларусі, у тым, што яна вытрымае, а што не; і ўжо бясспрэчна, яно частка апарату ўлады і раіць яе публічным прадстаўнікам, што гаварыць людзям. Ці ўсё ж не раіць? Або раіць не яно? Ці не ўсім уладам?

Пры падрабязным і максімальна нейтральным аналізе дзеянняў Міністэрства аховы здароўя і іншых органаў улады ў Беларусі ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй сапраўды складваецца ўражанне, што ўсё больш-менш пад кантролем. Такую храналогію дзеянняў я зараз складаю для нямецкамоўнага аналітычнага выдання пра Беларусь Belarus-Analysen, якое я рэдагую. Пацверджаных выпадкаў на больш чым 9,5 мільёнаў насельніцтва — усяго 86. Дарэчы, у Германіі пачалі ўводзіць жорсткія меры, калі лік хворых ішоў ужо на дзясяткі тысяч. Згодна з заявай міністра аховы здароўя, у Беларусі спецыялісты прытрымліваюцца тактыкі максімальна аператыўнай лакалізацыі кантактаў першага ўзроўню хворых на каранавірус. Калі ласка, вось вам доўгачаканая стратэгія. Як выявілася, ёсць нават план В, С і D, калі раптам план А не спрацуе. Абследаванні на COVID-19 праводзяцца і ў аэрапорце, і ў спецыяльных пунктах па ўсёй краіне. Міністэрства аховы здароўя патлумачыла, чаму Беларусь не закрывае межы і школы. А пазней, 16 сакавіка, быў падпісаны загад аб дадатковых захадах у арганізацыях аховы здароўя. Там шмат чаго цікавага напісана — калі ласка, бярыце, чытайце. Міністэрства аховы здароўя запісала ролік пра каранавірус — бярыце, глядзіце, распаўсюджвайце. І нават СААЗ пацвердзіла, што прынятыя Беларуссю меры адпавядаюць міжнародным рэкамендацыям.

То-бок, усё пад кантролем, падстаў для панікі няма. Чаму людзі ўсё роўна не вераць? Чаму тэлеграм-каналы патрабуюць звароту да нацыі і каранціну? Чаму студэнты праводзяць інфа-акцыі і байкот заняткаў? Чаму выкладчыкі ВНУ, ведучы з дому онлайн-заняткі, крытыкуюць уладу і шукаюць падвох? Чаму бізнес і НДА добраахвотна пераходзяць на home office і адмяняюць мерапрыемствы яшчэ да рэкамендацый зверху? Яны ўсе больш праінфармаваныя або адказныя, чым астатнія? У іх ёсць свае эксперты-вірусолагі? Або гэта зноў пытанне даверу?

Бо справа не ў тым, якія меры самыя правільныя — гэтага зараз у свеце не ведае, напэўна, ніхто — а ў тым, ці вераць людзі, што прынятыя дзяржавай захады адэкватныя сітуацыі. Бо рашэнне пра дзеянні павінна прымаць улада, гэта яна на сябе бярэ адказнасць за людзей — не блогеры, не бізнэс. Але выходзіць, што людзі ёй не вераць. Ці то ў прынцыпе не вераць, ці то вераць больш тым, хто на Захадзе, таму што Захад прагрэсіўны. А мы не. Давайце проста рабіць, як яны, і ўсё будзе добра.

Нават калі так. У людзей ёсць на гэта права. Права выбіраць аўтарытэт, калі ўласная ўлада такім аўтарытэтам не з'яўляецца.

Частка 3

Хто шукае — той заўсёды знойдзе. І я знайшла. Нестыкоўкі і неадпаведнасці.

Вось толькі пара прыкладаў.

1) 18 лютага: Міністэрства аховы здароўя ўнесла інфекцыю, выкліканую COVID-19, у спіс захворванняў, небяспечных для насельніцтва, разам з пранцамі, ганарэяй, сухотамі, чумой, халерай, сібірскай язвай, гемарагічным ліхаманкамі Ласі, Марбург, Эбола.

16 сакавіка: Прэзідэнт Лукашэнка: «Былі і складанейшыя вірусы: і свіны, і птушыны, і атыповая пнеўманія».

Пытанне: прэзідэнта не праінфармавалі?

2) 12 лютага: Міністр аховы здароўя Каранік: «Створаны неабходныя рэзервы лекаў, сродкаў індывідуальнай абароны».

19 сакавіка: Прэзідэнт Лукашэнка: «У нас не хапае рэспіратараў… каб праз тыдзень у нас былі рэспіратары».

24 сакавіка: Міністэрства аховы здароўя адкрыла дабрачынныя рахункі для «закупкі абсталявання для лабараторнай дыягностыкі COVID-19, дыягнастычных набораў, ахоўных сродкаў, лекавых прэпаратаў …».

Неабходнасць у пытанні, думаю, адпадае.

Далей — узровень асабістых кантактаў. Згадала, што ёсць знаёмы малады чалавек з астмай, а гэта фактар рызыкі. Расказала яму. Ён пра гэта не ведаў, падзякаваў. Напісаў заяву на працу ў доме па гэтай прычыне — адмовілі. Працуе ў дзяржструктуры.

Знаёмыя лекары. Даведаліся пра змест таго самога распараджэння Міністэрства аховы здароўя ад 16 сакавiка з інтэрнэту (!!!). Не ад начальства, не ад калегаў. Вырашылі самаізалявацца: узрост у групе рызыкі, рэспіратараў на працы няма. Напісалі заяву на адпачынак за свой кошт. У прычынах начальства папрасіла не згадваць пра самаізаляцыю — напісалі «па сямейных абставінах».

Пра гарэлку і трактар я нават пісаць не хачу, хоць разумею, што для шмат каго ў Беларусі гэта таксама цалкам сабе крыніца інфармацыі. «Ну і што? Словы прэзідэнта ў нашай краіне ўжо даўно мала хто ўспрымае ўсур'ёз», сказаў мне нядаўна адзін чалавек, які працуе ў дзяржструктуры. А вось гэта ж небяспечна. Калі словы на вышэйшым узроўні не ўспрымаюцца сур'ёзна, калі тое, што можа быць небяспечна, абмяркоўваецца з лёгкім гумарам — дзе гарантыя, што ў гадзіну-ікс, калі сітуацыя будзе сур'ёзнай нават на погляд вышэйшага кіраўніцтва, людзі раптам павераць? Тут ужо не важна, вірус ці нешта іншае — калі ў людзей няма даверу да ўлады, ва ўлады таксама няма даверу да людзей. Праблема аўтарытарызму. Палітычны фактар, вядома, нікуды не падзеўся.

Чаму я не правяраю дзеянні нямецкага Міністэрства аховы здароўя? Гэта цікавае пытанне. Думаю, зноў пытанне даверу.

Я, вядома, не адзіная, хто робіць такое «міні-расследаванне», такіх людзей шмат у Беларусі, і яны таксама бачаць шмат неадпаведнасцяў, словы пра поўны кантроль над сітуацыяй палохаюць іх у беларускіх рэаліях яшчэ больш, яны пачынаюць перажываць, а недавер узмацняецца. А многія, наадварот, больш думаюць пра курс даляра, чым пра вірус, нічога не робяць, не правяраюць, проста вераць таму, што кажуць зверху:

«Усё павінна быць спакойна, без панікі». У гэтым пасыл уладаў. І гэта правільны пасыл!

Паніка заўсёды шкодзіць. Але людзей трэба не проста супакойваць, ім трэба даносіць максімальную колькасць карыснай інфармацыі, асабліва ва ўмовах нізкага ўзаемнага даверу. Даносіць не проста сухія лічбы, «колькі койкамесцаў і апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх па краіне», а зразумелыя, лагічна пабудаваныя пасланні пра тое, на падставе чаго прынятая стратэгія, з кім раіліся, якія фактары прынялі пад увагу, якія ёсць рызыкі, каму патрэбна асаблівая абарона, якія асаблівасці сітуацыі ў Беларусі, і далей па спісе. Ну чаго не бывае, а раптам у Беларусі і папраўдзе нейкая цудадзейная стратэгія? І быццам Міністэрства аховы здароўя і імкнецца рабіць усё гэта, а ўсё адно атрымліваецца нейкая агрэсіўна-ахоўная рэакцыя ў выглядзе заяў: «Рэальную сітуацыю ад народа ніхто не спрабуе схаваць!»

Дык чаму ж народ усё адно не верыць? Можа, таму што ён не хоча быць «народам»? А хоча адчуваць сябе асобна ўзятым чалавекам, пра жыццё якога турбуюцца тыя, хто жыве за кошт яго падаткаў?

Частка 4

Мне верыцца, што акурат гэта адчувае зараз умоўная 80-гадовая фрау Мюлер, якая жыве ў баварскай вёсачцы. Фрау, якая, даруй, Госпадзі, з пункту гледжання чалавечага капіталу нямецкай дзяржаве мала чым патрэбная. Але дзеля яе дзяржава спыняе транспарт, абмяжоўвае свабоду руху людзей, ставіць пад пагрозу выжывання малы і сярэдні бізнес, зачыняючы рэстараны і іншыя ўстановы. Так, меры па выратаванні бізнесу прымаюцца, але ўсіх гэта наўрад ці выратуе. І ўсё дзеля таго, каб яна дажыла спакойна свае 5-10 гадоў у баварскай вёсцы і не памерла ад неспадзяванага новага віруса.

Хтосьці назаве гэта масавай істэрыяй. Я бачу ў гэтым чалавечнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?