Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Віцебскі гарвыканкам зацвердзіў план дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнню распаўсюджвання каранавіруса і іншых рэспіраторных інфекцый. Гэты дакумент трапіў у распараджэнне «Нашай Нівы».

Кіраўнікоў заклікаюць не дапускаць да працы людзей з прыкметамі рэспіраторных інфекцый і абмежаваць камандзіроўкі. Засядаць і раіцца рэкамендавана ў рэжыме відэа- і аўдыёканферэнцый.

У закрытых памяшканнях нельга будзе праводзіць выставы, прэзентацыі, кірмашы. Чытальныя залы ў бібліятэках закрыюць. Не дазваляюцца дэгустацыі, рэкламныя акцыі, забаўляльныя мерапрыемствы ў крамах і гандлёвых цэнтрах.

Бацькі дзетсадаўцаў могуць пакідаць дзяцей дома па сваім жаданні, за гэтыя дні садок не будзе браць з іх аплату. Школьнікаў рэкамендавана ўвесь дзень трымаць у адным класе, а працу гурткоў арганізуюць так, каб не змешваць дзяцей з розных класаў, у тым ліку падчас канікул. У ВНУ, каледжах і ліцэях іншагародніх студэнтаў не адпусцяць дадому на выходныя, а ў спарткомплексах навучальных устаноў староннія не змогуць займацца разам з навучэнцамі.

У інтэрнаты і дамы састарэлых і інвалідаў не пусцяць наведвальнікаў.

Усе планавыя праверкі жылфонду электрыкамі і сантэхнікамі пераносяцца. У храмах загадана дэзінфікаваць мэблю, дзверы і начынне.

Наведвальнікаў у кафэ, тэатрах, кінатэатрах і філармоніі абавязалі рассаджваць не менш як за паўтара метра адно ад аднаго, у гатэлі будуць засяляць толькі пасля апытання аб стане здароўя і на максімальным аддаленні. Пасля 23.00 будуць закрывацца дыскатэкі, начныя клубы, боўлінг і іншыя забаўляльныя ўстановы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0