У рэдакцыю TUT.BY звярнуліся чытачы. Яны паведамілі, што некаторых пацыентаў аддзялення афтальмалогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, што на Леніна, выпісалі датэрмінова ў нядзелю 29 сакавіка. Пры гэтым у бальніцы таксама падрыхтавалі памяшканні для дактароў, якія там змогуць начаваць. Чытачы задаюцца пытаннем, з чым гэта можа быць звязана?
Галоўная доктарка 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Клумава Наталля Саевіч патлумачыла, што клініка працуе ў штатным рэжыме, а пацыенты афтальмалагічнага аддзялення былі гатовыя да выпіскі: іх прааперавалі, пралячылі, аказалі ўсю магчымую дапамогу, і яны павінны былі выпісвацца раніцай у панядзелак, але каб размежаваць патокі пацыентаў, іх выпісалі ў нядзелю.
— У аддзяленні афтальмалогіі былі выпісаныя тыя пацыенты, якія падлягалі выпісцы ў панядзелак. Улічваючы, што ў нас у панядзелак ідзе вялікая шпіталізацыя, каб патокі не перасякаліся, здаровых пацыентаў выпісалі загадзя. Не быў выпісаны ніводны пацыент, якому не правялі аператыўнае лячэнне, — патлумачыла галоўны ўрач.
З нагоды памяшканняў для медыкаў у бальніцы яна адзначыла, што ў іх клініцы працуе шмат іншагародніх, у тым ліку з Маладзечна. І тым, хто жыве далёка, далі магчымасць у сезон ўздыму ВРВІ заставацца ў шпіталі.
— Улічваючы, што яны жывуць у Маладзечне, што шмат у каго досыць пажылыя бацькі, калі ім трэба, то мы далі магчымасць застацца ў нас. Зараз застаюцца толькі чатыры супрацоўнікі — гэта сярэдні медыцынскі персанал, — заўважыла галоўная доктарка.