98 смерцяў, спрычыненых каранавірусам, зарэгістравана за апошнія 24 гадзіны ў Бельгіі.
Гэтая 11-мільённая краіна апынулася ў новай чырвонай зоне пандэміі. Аднолькава кепская сітуацыя складваецца таксама ў суседніх Францыі, Нідэрландах і Люксембургу.
У Бельгіі таксама ўдакладнілі лічбу памерлых за мінулыя дні на 94 чалавекі ў бок павелічэння.
Усяго ў краіне, у якой размяшчаюцца кіраўнічыя структуры Еўрасаюза і НАТА, памерлі ўжо 705 чалавек, прытым што эпідэмія, здаецца, дасягнула перыяду стабільна высокага. За апошні дзень у Бельгіі выяўлена 862 новых інфікаваных, паведамляе выданне hln.be.
У Бельгіі з каранавірусам шпіталізавана 4 920 чалавек, 1 021 з іх знаходзіцца ў рэанімацыі. Бельгійская сістэма аховы здароўя пакуль дае рады сітуацыі, краіне ўдалося збіць хвалю заражэнняў, бальніцы, у адрозненне ад поўначы Італіі, Мадрыда, Нью-Ёрка, Нью-Арлеана, Парыжа і Эльзаса, пакуль не перагружаныя. Бельгія нават у рамках еўрапейскай салідарнасці прымае пацыентаў з суседняй Францыі, у якой сітуацыя больш драматычная.
Аднак і ў Бельгіі хапае трагедый. Сярод памерлых — 12-гадовая дзяўчынка.
Бельгія, як і Францыя і Нідэрланды, мае сітуацыю трохі лепшую, чым Італія і Іспанія, але горшую, чым Нямеччына, якой удалося змякчыць ход эпідэміі, дзякуючы хуткаму рэагаванню і масаваму тэставанню.
Бельгія ўвяла строгія каранцінныя меры, у адрозненне ад суседніх Нідэрландаў, дзе каранцін быў уведзены пазней і ён менш строгі. Лічбы смяротнасці ў гэтых дзвюх краінах пакуль супастаўныя.