01.04.2020 / 16:23

Доктарка з Віцебска б'е трывогу: Медыкі хутка не будуць даваць рады наплыву хворых з пнеўманіямі 51

«Я доктарка, працую ў Віцебску ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. У нашым горадзе сітуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю! Медыкі хутка не будуць даваць рады наплыву хворых. Шмат дактароў знаходзіцца ў бальніцах з запаленнем лёгкіх! Распаўсюдзьце гэтую інфармацыю ў сацыяльных сетках. Лічбы, тыя, што падаюць у СААЗ, абсалютна міфічныя», — напісала 30 сакавіка на сваёй старонцы «УКантакце» Наталля Ларыёнава.

Наталля — доктарка лабараторнай дыягностыкі Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі з 25-гадовым стажам. На цяперашнім месцы работы яна працуе ўжо 18 гадоў.

«Народным навінам Віцебска» Наталля Ларыёнава паведаміла, што яе пост выкліканы «страхам за калег і жыхароў нашай краіны»: «апошнім часам сталі выбываць дактары-рэаніматолагі. Па сярэднім медперсанале я не ў курсе, але там, напэўна, усё ідзе яшчэ горш».

«Калі далей так пойдзе, думаю, мы захлынёмся», — мяркуе лекарка.

Сярод заражаных медыкаў у Віцебску ёсць і супрацоўнікі хуткай дапамогі, якія раней працавалі без неабходных сродкаў індывідуальнай абароны.

На думку Наталлі Ларыёнавай, каб узяць сітуацыю з эпідэміяй пад кантроль, улады павінны ўвесці каранцін:

— У Віцебску і Беларусі павінны ўвесці тыя ж меры абмежавання, што цяпер уведзеныя ў Італіі. Толькі такім чынам, па-мойму, мы зможам пазбегнуць той жахлівай карціны, якая цяпер назіраецца ў гэтай краіне.

Пазней на сваёй старонцы ў сацсетцы Наталля Ларыёнава напісала падзяку ўсім, хто яе падтрымлівае: «Добры дзень, мае добрыя людзі! Столькі цяпла і падтрымкі атрымала ад вас, і парадаў, як захаваць сваю бяспеку. Бо я — звычайны чалавек і пару дзён таму нават і не думала, што здольная на гэта. Вельмі ўдзячная бацькам школы, у якой вучыцца мой сын, за падтрымку. Яны і мае сябры-дактары, мой любімы калектыў лабараторыі натхнілі мяне зрабіць пост пра сітуацыю ў краіне».

Намеснік галоўнага доктара Віцебскай БСМП Аляксандр Віннікаў паведаміў TUT.BY, што «пазіцыя Наталлі Ларыёнавай — гэта пазіцыя не калектыву БСМП, не дактароў БСМП, а толькі прыватнае меркаванне гэтай супрацоўніцы. Маё асабістае меркаванне наконт гэтага: не трэба ратаваць свет, цяпер проста кожны доктар павінен выразна спрацаваць на сваім працоўным месцы — і тады ўсім будзе добра».

У той жа час намеснік галоўнага доктара запэўніў, што да Наталлі Ларыёнавай за яе публічную пазіцыю не будзе прынята ніякіх мер. «А за што? Працоўную дысцыпліну спецыяліст не парушае. А тое, што яна выказвае ў інтэрнэце свае эмоцыі, перажыванні — гэта яе права», — сказаў доктар Віннікаў.

31 сакавіка ўлады пацвердзілі смерць заслужанага артыста Беларусі, акцёра віцебскага Тэатра імя Якуба Коласа 75-гадовага Віктара Дашкевіча. У яго быў выяўлены каранавірус. Тэатр спыніў спектаклі. Паводле інфармацыі ўдавы Дашкевіча, па меншай меры, у пяці супрацоўнікаў тэатра запаленне лёгкіх, іх шпіталізавалі.

Акрамя таго, яшчэ дзве сям'і з Віцебска заявілі, што іх родныя — 73-гадовая Аляксандра Чэпік і 58-гадовая Таццяна Хузеева — памерлі, будучы шпіталізаваныя з цяжкімі пнеўманіямі. Абедзве сям'і сцвярджаюць, што ім тэлефанавалі санслужбы і паведамлялі пра станоўчыя пробы на каранавірус. У дачыненні да Хузеевай Міністэрства аховы здароўя пазней абвергла гэтую інфармацыю.

На жаль, афіцыйная інфармацыя пра колькасць пацыентаў з дыягназам «пнеўманія» у Віцебску і вобласці не публікуецца. Прыватным чынам медыкі кажуць пра тое, што пацыентаў з запаленнем лёгкіх у горадзе нашмат больш, чым звычайна ў гэты час года.

Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка на сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай прызнаў, што ў Віцебскай вобласці назіраецца ўсплёск захворванняў, але не змяніў свайго стаўлення да пандэміі.

«Вы ў мяне чалавек мужны. Салдат такі, што і ў выхадныя адпрацавалі ў праблемным рэгіёне, роднай сваёй вобласці. Я не кажу, што там катастрофа нейкая, не. Проста Віцебская вобласць у нас заўсёды, і па клімаце іншая, і трохі зрушыўся гэты пік захворвання. Сёння там працуе міністр аховы здароўя, я накіроўваў яго туды і спецыялістаў, каб яны звярнулі ўвагу, прааналізавалі і зрабілі высновы».

У сваю чаргу, Качанава заявіла: «Сітуацыя абсалютна кіраваная. Дактары разумеюць, што трэба рабіць».

Запіс Наталлі Ларыёнавай «УКантакце» сабраў больш за 1700 рэпостаў і тысячы лайкаў. Толькі на старонцы самой доктаркі яго прачытала па меншай меры 137 тысяч карыстальнікаў, не ўлічваючы перадрукаў.

СГ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

4
d_freeman / Адказаць
01.04.2020 / 16:26
а председатель говорит, что у нас все хоккей. кому верить? тому, кто никогда не врет?
5
Ёпрст / Адказаць
01.04.2020 / 16:30
У Беларусі жанчыны моцныя і мужныя, той жа спорт аб гэтым яскрава сведчыць! Не Лукашэнкі!
4
счётчик Гейгера / Адказаць
01.04.2020 / 16:33
причина смерти : острая лёгочная недостаточность, источник - заболевание короновирусом, covid-19....
К сожалению так оно и есть....
Паказаць усе каментары/ 51 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру