Афіцыйны Мінск просіць афіцыйную Вільню перадаць Беларусі дакладныя звесткі пра нейкія «пэўныя ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі смерці». Калі, вядома, такія звесткі ў Літвы маюцца насамрэч. Так у МЗС Беларусі пракаментавалі заяву прэзідэнта Літвы, а раней і кіраўніка МЗС суседняй краіны пра тое, што нельга давяраць афіцыйнай інфармацыі Беларусі аб каранавірусе: сітуацыя ў краіне значна горшая, чым паведамляюць беларускія ўлады, паведамляе Tut.by.

Нагадаем, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў: цалкам магчыма, што сапраўдная статыстыка ў Беларусі па захворваннях COVID-19 значна горшая.

Прэзідэнт Літвы: Нельга давяраць афіцыйнай інфармацыі з Беларусі пра каранавірус. Сітуацыя там значна горшая

— Паколькі мы ведаем пра пэўныя ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі смерці, — сказаў Наўседа.

У МЗС заяўляюць, што Беларусь ужо больш за два тыдні дапамагае літоўцам з усяго свету вярнуцца дадому. Таму заявы афіцыйнай Вільні ў Мінску не разумеюць.

— Вы ведаеце, у дадзенай сітуацыі на розум адразу прыходзіць фраза з аднаго вядомага мультфільма: «Кто людям помогает — тот тратит время зря, хорошими делами прославиться нельзя…»

Гэтак жа і ў гэтым выпадку. Бо пачынаючы з 16 сакавіка Беларусь дае адну з нешматлікіх магчымасцяў для дастаўкі дадому літоўскіх грамадзян. Дзякуючы захаванню рэйсаў «Белавія» за гэты перыяд каля 500 літоўцаў вярнуліся на Радзіму, прытым без афармлення віз. Як склаўся б іх лёс, калі б не было гэтай магчымасці, невядома. Па факце рэйс на 80 адсоткаў служыць менавіта гэтай мэце. Нават сёння каля 20 літоўцаў пройдуць гэтым маршрутам, — сказаў TUT.BY прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

У МЗС заяўляюць: на гэтым фоне зусім незразумела пра які «недавер» казалі прэзідэнт і міністр замежных спраў Літвы. Любыя заявы падобнага роду павінны грунтавацца на дакладнай інфармацыі і фактах, а не на домыслах і чутках.

— Таму мы былі б удзячныя літоўскаму боку за перадачу нам дакладных звестак пра нейкія «пэўныя ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі смерці». Калі, вядома, такія звесткі ў яе маюцца насамрэч, — кажа Глаз.

Прадстаўнік МЗС дадае: аналагічная сітуацыя і з ацэнкамі працы беларускай сістэмы аховы здароўя. Карэктна, калі іх даюць прафесіяналы.

— Але ў гэтым выпадку мы пачулі традыцыйныя спробы нашых суседзяў падмяняць сабой кампетэнтныя міжнародныя арганізацыі. А неаднаразовыя высновы спецыялістаў СААЗ, у тым ліку ў кантэксце мер, што прымае наша краіна, не з'яўляюцца сакрэтам. Пры неабходнасці мы гатовыя дадаткова азнаёміць з імі літоўскае кіраўніцтва.

Кантроль над сітуацыяй, самавалоданне, далейшае забеспячэнне мер па спыненні распаўсюджвання пандэміі, у тым ліку праз эфектыўнае міжнароднае ўзаемадзеянне, — гэта тое, у чым мы ўсе зараз асабліва маем патрэбу. Заклікаем нашых літоўскіх калег прытрымлівацца перш за ўсё гэтых прынцыпаў, — заяўляюць у МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0