Некаторыя мае калегі, што жывуць у розных краінах свету, любяць называць сябе левымі інтэлектуаламі. Я пра сябе так не кажу.

Прызнацца ў тым, што левы, падобна дарожнаму руху ў Англіі ці Японіі, я яшчэ здольны, а вось у тым, што інтэлектуал… Смеху варта! Які там інтэлектуал, я ж хлопец просты, хлопец з Іўя. Таму я стараюся называць вучнем Дыягена з Сінопу. Гэтага вясёлага мысляра звычайна згадваюць у сувязі з бочкай, у якой ён нібыта жыў. Насамрэч тое была не бочка, а цыліндрычны мур. А галоўны ўнёсак Дыягена ў філасофію — не прапаганда простага ладу жыцця, а крытыка ідэалізму і таксама залішняй заклапочанасці афінскіх грамадзянаў такой лухтой, як сацыяльны статус.

Кінікам, то бок сабакам (пераклад з грэцкай) ён быў не таму, што калі хацеў есці, дык шукаў толькі страву, але не посуд для яе, а таму, што вельмі любіў «кусаць»сваіх суайчыннікаў. І мне, ягонаму, напэўна, не самаму добраму вучню, прыходзіцца займацца тым жа.

Дыяген стаяў у апазіцыі амаль усім, за выключеннем хіба што гетэр, якія, лічачы філосафа «культавай постаццю», абслугоўвалі яго бясплатна, а гэтыя жанчыны кошт сабе ведалі. Яму было ўсё роўна, хто перад ім: ганарысты Аляксандр (што пазней зробіцца Македонскім) ці разумнік з платонаўскай Акадэміі. «Абое рабое!» — прамаўляў нярэдка па‑беларуску Дыяген. І я хачу быць такім задзірлівым.

Днямі меў размову з адным доктарам навук. Ён, у сувязі са службовымі абавязкамі і, можа, пацешу сябе марай, насамрэч зацікавіўшыся маімі неакадэмічнымі артыкуламі, запытаўся мяне: «Вы што, лічыце, што калі б замест дзейнага прэзідэнта намі кіраваў бы, напрыклад, Мілінкевіч, то эканамічная сітуацыя ў краіне была б лепшая?»
Як сапраўдны інтэлектуал (толькі сумнеўна, каб левы) адказваць на сваё пытанне ён стаў сам, і праз колькі хвілін, дзякаваць Богу, наша размова скончылася. Таму я зараз адкажу не гаваркому доктару навук, а непасрэдна спадару Мілінкевічу, хаця і падазраю, што ён мала хвалюецца, не маючы інфармацыі аб маім стаўленні да яго, і асабліва не засмуціцца, калі яе атрымае.

«Паважаны спадар Мілінкевіч, у якасці грамадскага дзеяча і палітыка вы мне недаспадобы. У 2006 годзе падчас прэзідэнтскіх выбараў я быў на вашым баку выключна з прычыны пратэстнага галасавання. Калі б вы перамаглі, то асабіста вас і вашых паплечнікаў я б «кусаў» не радзей, чым цяперашніх «вертыкальшчыкаў». Дзякуй за ўвагу».

Усё вышэйнапісанае нарадзілася ў маёй тлумнай галаве ў 5 гадзін і 28 хвілін 26‑га сакавіка. Не трэба так рана прачынацца, скажаце вы, тады і бязглуздзіца ўсялякая мучыць не будзе. Мо і маеце рацыю, але адкуль узяліся гэткія думкі? Зразумела, з Акадэміі навук. Дакладней, з плошчы каля яе («Насвяткаваўся!» — пакпілі б з мяне недобразычліўцы).

Шкадую, што не адважыўся забраць у Вінцука Вячоркі гукаўзмацняльнік і сказаць: «Наш напрамак — плошча Ванеева!» А так толькі дарэмна роў, стоячы з боку Кардыяхірургічнага цэнтру,
другія ж таксама раўлі, таму ацанілі маю ідэю не больш за два тузіны тых, што былі побач. Парагаталі: «Вось ён — правакатар!» Пазнавата я гэта прыдумаў, іначай бы давёў арганізатарам з БНФ, што яны страцяць, адмовіўшыся ад маёй прапановы. Ну добра, накрэмзаю план для наступнай акцыі.

Усе, хто маецца прыйсці, разбіваюцца прыкладна пароўну на дзве групы.

Першую ўзначальвае спадар Вячорка, і яна збіраецца на Круглай плошчы. Адказнасць за збор другой бярэ на сябе спадар Івашкевіч, і яна дыслакуецца ў раёне станцыі метро «Трактарны завод». Адразу кажу, што асабіста я буду ў першай групе, таму што каля Круглай плошчы месцяцца Завод ігрыстых він і фабрыка «Слодыч», а там збольшага кабеты файныя працуюць: ні адна з іх паўз мяне не пройдзе, далей абавязкова разам парушым. І сп.Івашкевіч другой групай будзе кіраваць не на правах намесніка старшыні партыі БНФ, а з прычыны яго рабочага мінулага.
Збірацца ж на абедзвюх пляцоўках трэба ў 15.00, бо ў 15.20 на прадпрыемствах заканчваецца другая змена. Галоўнае не прапусціць момант, калі рабочыя будуць выходзіць з прахадных.
Тады кіраўнікі груп дакладваюць адзін аднаму аб гатоўнасці груп, і адначасова пачынаецца рух у напрамку да скрыжавання вуліц Ваўпшасава і Даўгабродскай.

Канечне, на плошчы Ванеева нас ужо будуць чакаць сімпатычныя дужыя хлопцы ў камуфляжнай форме. Але ж і мы не такія дурныя: на халеры нам тая плошча Ванеева, калі ў адной калоны злева па ходу, а ў другой наперадзе — лес! Беларусы ж гэта партызаны, чаго ім па праспектах боўтацца. Як жартуюць перакладчыкі з ангельскае мовы: «Пішацца Манчэстэр, чытаецца Ліверпуль». Таксама і мы: у Мінгарвыканкам заяўку на пл.Ванеева, а самі ў лес, і няхай хлопцы ў камуфляжнай форме там за намі гойсаюць.

На гадзінніку ўжо 8.10. Узяўся перачытаць, што напісаў дзе гадзіны таму. Ці не памыліўся я з выбарам прафесіі? Абвяшчаў, што як сапраўдны кінік маю намер «кусаць» каго заўгодна, а сам на пасаду галоўнага стратэга прэтэндую. Можа, міністр абароны ў Генштаб на паўстаўкі возьме? Трэба будзе патэлефанаваць ці ліст на электронны адрас даслаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?