26.03.2009 / 12:46

Задумлівы Дзень Волі ў Вільні 3

25 Сакавіка ў Вільні адбыўся шэраг мерапрыемстваў з нагоды святкавання Дня Волі. У адрозненне ад мінскіх прыгодаў, для беларусаў літоўскай сталіцы гэты дзень прайшоў спакойна і троху задумліва.

Зранку мясцовыя беларусы сустрэліся на могілках Росы, каб ускласці вянкі ды кветкі да магіл братоў Луцкевічаў (пахаваны там, дарэчы, толькі Іван), а таксама літоўскага нацыянальнага дзеяча Ёнаса Басанавічуса. Перад прысутнымі з кароткім гістарычным экскурсам выступіў Сяргей Дубавец.

У Свята‑Троіцкай уніяцкай царкве, што побач з былым будынкам беларускай гімназіі, было наладжанае набажэнства з малітвамі па‑беларуску за нашую краіну ды сумеснымі спевамі неафіцыйнага гімну «Магутны Божа».

Святкаванне завяршылася канцэртам гасцей з Беларусі — акадэмічнага хору пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева. Выдатны выступ музыкі скончылі ўсё тым жа гімнам, падчас якога ўсе прысутныя падняліся з месцаў. Хоць свята праходзіла без усялякіх перашкодаў ў вольнай Літве, усе выступоўцы звярталіся ў прамовах да роднай Беларусі і жадалі атрымаць волю і ёй.

Стася Мініч, Вільня

0
Aлесь / Адказаць
26.03.2009 / 17:52
Там і Іван не пахаваны... магіла сімвалічная
0
Geheimnis / Адказаць
26.03.2009 / 20:47
Прах Івана перавезены з Польшчы на Росы. http://knihi.com/10viakou/10v412.html
0
так есць / Адказаць
26.03.2009 / 21:47
Пахаваныя там сын Антона Луцкевіча -Лявон і яго жонкa. Івана перазахавалі сымвалічна. Латышонкі прывязлі зямлі з Закопанага, дзе знайшоу свой вечны спакой Іван Луцкевіч. Магіла яго,здааецца, не захавалася.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру