02.04.2020 / 21:17

Шведскі падыход: адзіная, акрамя Беларусі, краіна, дзе лічаць, што ўводзіць строгі каранцін зарана 22

Спачатку гэта былі Брытанія, Нідэрланды, Швецыя і Беларусь. Пасля Брытанія крута памяняла тактыку. Нідэрланды паціху ўвялі амаль усе тыя ж абмежаванні, што і краіны-суседзі. Застаюцца толькі Швецыя і Беларусь.

Швецыя абрала зусім іншую стратэгію барацьбы з каранавірусам, чым абсалютная большасць еўрапейскіх краін. Замест каранціну тут рэкамендуюць мыць рукі, працаваць з дому, па магчымасці не падарожнічаць і не кантактаваць з людзьмі без неабходнасці.

Асабліва гэтыя захады рэкамендаваныя асобам у паважным веку і людзям з хранічнымі хваробамі: яны маюць цалкам пазбягаць выхадаў з дому. Закупы рэкамендуецца рабіць праз інтэрнэт або з дапамогай суседзяў. Дома павінен заставацца таксама той, хто мае сімптомы прастуды або грыпу.

Дзіцячыя садкі і школы, аднак, адчыненыя. Толькі вучні старэйшых класаў і студэнты перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. У рэстаранах і барах працуюць афіцыянты, рэкамендавана таксама павялічыць адлегласць паміж столікамі.

Забароненыя візіты ў дамы састарэлых. Але толькі ў мінулую пятніцу зменшаная максімальная колькасць удзельнікаў масавых мерапрыемстваў з 500 да 50 асобаў.

На фоне цалкам закрытай Еўропы зусім дзіўна выглядаюць учорашнія рэкамендацыі ўрада Швецыі спартыўным арганізацыям: па магчымасці праводзіць заняткі на свежым паветры, а таксама перанесці спаборніцтвы на пазнейшы тэрмін і зменшыць колькасць заўзятараў.

Падобныя абмежаванні рэкамендаваныя ў транспарце, крамах і офісах.

Праз тое, што пацыенты масава скупляюць лекі, дазваляецца купіць запас не даўжэй чым на тры месяцы.

Заразны ці незаразны бессімптомны носьбіт?

Не ўся Швецыя падзяляе слушнасць эксперыменту: больш як дзве тысячы навукоўцаў, дактароў і прафесараў падпісалі адкрыты ліст з крытыкай шведскіх уладаў і заклікам, каб у краіне прытрымліваліся рэкамендацый Сусветнай арганізацыяй здароўя.

— Мы не робім дастаткова тэстаў, не даследуем кантакты, не ізалюем інфікаваных. Дазваляем вірусу разгульваць на волі. Урад давядзе нас да катастрофы, — крытыкавала афіцыйныя дзеянні прафесар Цэцылія Содэрберг-Наўклер, спецыялістка па даследаваннях супрацьвіруснага імунітэту Інстытута Каралінска. Без поспехаў, бо ўлады нязменна адказваюць, што трымаюцца рэкамендацый Нацыянальнага агенцтва здароўя, якое ўзначальвае галоўны эпідэміёлаг краіны — Андэрс Тэгнэль.

Штодзённік Dagens Nyheter пісаў пра Крысціяна Шціхлера, карэспандэнта нямецкага тэлебачання, які кожны дзень у канцы прэс-канферэнцыі задае Тэгнэлю адно і тое ж пытанне: ці асоба, заражаная каранавірусам, здольная заражаць іншых падчас інкубацыйнага перыяду?

У артыкуле пад назвай «Што за немец штодня ставіць Тэгнэля да сцяны» яго назвалі «ціхай зоркай» прэс-канферэнцый НАЗ Швецыі.

— На гэтае пытанне спецыялісты ў Германіі і Швецыі адказваюць па-рознаму. Нямецкія абмежаванні апошніх дзён уведзеныя ў перакананні, што асоба можа заражаць іншых, нават калі не мае сімптомаў хваробы. У Швецыі ўлады лічаць інакш. Я б хацеў ведаць, хто мае рацыю, — тлумачыць Шціхлер.

Неадназначная статыстыка

Стакгольмскі штодзённік піша, што яшчэ вельмі рана ацэньваць, якія метады найбольш дзейсныя ў абмежаванні распаўсюджвання хваробы і абароне груп рызыкі.

Немцы ўжо амаль тры тыдні таму пачалі зачыняць школы, а цяпер нельга нават збірацца больш за двое. Таму, паводле нямецкага журналіста, «Германія назірае за развіццём падзей у Швецыі з сумессю здзіўлення і недаверу. Так асцярожныя ва ўсім шведы тым разам вырашылі захаваць халодную кроў. Але ёсць надзея, што суседзі з поўначы маюць рацыю».

Гледзячы на статыстыку, нельга адназначна сказаць, што рашэнні Андэрса Тэгнэля выклікалі хвалю захворванняў. Паводле даных Worldometer, у адкрытай Швецыі ў сераду пацверджана 14 смерцяў у пераліку на мільён жыхароў, у закрытай Даніі — 13 смяротных выпадкаў на мільён, у таксама закрытай Нарвегіі на мільён жыхароў 6 смерцяў.

Швецыя выразна адстае ад суседзяў у лічбе тэстаў: у краіне з дзесяццю мільёнамі насельніцтва зроблена толькі 36 тысяч аналізаў, у той час калі ў два разы меншых Даніі і Нарвегіі — 21 і 90 тысяч адпаведна.

— Урад лічыць, што хваробу не ўдасца затрымаць, і хоча дазволіць людзям памерці, — злуецца прафесар Цэцылія Содэрберг-Наўклер, цытуючы The Guardian, — Іх не цікавяць навуковыя даныя, бо ўрад слепа верыць НАЗ.

Мы бачым прыкметы патэнцыйна большага працэнту заражэнняў, чым у Італіі. У Стакгольме заканчваюцца месцы ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, а яны не разумеюць, што хутка будзе позна што-небудзь рабіць.

Тэгнэль, аднак, пераконвае, што сітуацыя ў Швецыі пад кантролем:

 — Няма ніякіх доказаў, што каб мы прымалі больш мераў у дадзены момант, то сітуацыя неяк змянілася б. Нашмат лепш увесці суровыя абмежаванні толькі на пэўным этапе, каб стасаваць іх як мага карацей. Найважнейшыя захады мы зрабілі. Мо і спатрэбяцца нейкія яшчэ, але пакуль не час, — сказаў Тэгнэль у інтэрв'ю для англійскай газеты.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

35
циник / Адказаць
02.04.2020 / 21:26
зараженных в швеции уже 5466, прирост за этот день 519, умерших 282. 
логично предположить что столько же на самом деле сейчас и у нас?  
25
Вацлаў / Адказаць
02.04.2020 / 21:55
циник, сярэдні заробак у Швецыі пасьля выліку падаткаў -  2 630 эўра.
лягічна выказаць здагадку што столькі ж на самай справе цяпер і ў нас?
7
Axel Justas / Адказаць
02.04.2020 / 22:25
Але трэба адзначыць, что камунікацыя з насельніцтвам, аператыўнае інфармаванне, тлумачэнне чаму захады прамаюцца ці не прымаюцца - на самым высокім узроўні. Можна пагаджацца ці не пагаджацца з абранай стратэгіяй (а відавочна, што ў тых, хто не пагаджаецца, таксама не хапае аргументаў, бо дакладна ня ведае ніхто) - але дакараць, што нешта ўтойваецца не выпадае.
А наконт ліста навукоўцаў - досыць спрэчная ініцыятыва. Запусцілі яго сапраўды даследчыкі са шпіталю, але потым падпісвалі і жук, і жаба... Ну якую вагу мае погляд прафесара фізікі ці дарожнай будоўлі на эпідэміялагічную праблему? Трэба ж усведамляць, у чым ты спецыяліст, а ў чым не лепш за "дзядзьку з вуліцы". Менавіта таму шмат хто з навукоўцаў НЕ падпісаў, хоць і бачылі, і можа і падтрымліваюць.
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру