02.04.2020 / 16:16

Лукашэнка патлумачыў, чаму не хоча ўводзіць каранцін у Беларусі 48

БелТА

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлекампаніі «Мір» заўважыў, што не крытыкуе кіраўніцтва іншых краін за меры, якія тыя прымаюць, бо не ведае, якая ў іх абстаноўка. Разам з тым для Беларусі ён лічыць падобныя меры залішнімі, паведамляе «Звязда».

«Але ўяві: мы Мінск сёння ізалявалі і ўсіх закрылі ў кватэрах. Як адрэагуюць нашы беларусы? У нас сітуацыі няма, каб такія меры прымаць. І дай Бог, каб гэтай сітуацыі ў нас не было», — патлумачыў ён.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што занадта строгія і бяздумныя меры могуць пагоршыць сітуацыю менавіта ў барацьбе з вірусамі.

«А потым, ты ўпэўнены, што ў цябе няма зараз каранавіруса? І я не ўпэўнены. І ўяві, я цябе зараз з тваёй сям’ёй: малая, жонка, ты, можа, нехта яшчэ — я цябе закрыю ў кватэры. А ты не ведаеш, хворы або не. А калі ў цябе імунная сістэма моцная і ты пераносіш зараз на нагах…

Я ўпэўнены, што ў нас мільёны людзей ужо перахварэлі на вірусы, у тым ліку на каранавірус. І вось я цябе ў кватэры закрыў — ні выйсці, ні прайсці… Галоўнае, яшчэ пропуск трэба выпісаць, каб выйсці і некуды схадзіць — гэта ж да вар’яцтва дайшло, у вайну такога не было, са смерцю калі людзі сутыкаліся! Я цябе туды закрываю, і ў цябе назаўтра ў гэтай тухлай, дохлай кватэры, у 25 або 80 метрах, пачынае актыўна праяўляцца гэты каранавірус. Што адбываецца? Ты ўсіх заразіў. А калі б я цябе не закрыў туды, ты б на нагах перанёс гэты каранавірус. Што, немагчымы такі сцэнарый? Я ведаю, што гэта магчыма, і няхай хоць адзін урач скажа, што я не маю рацыю», — спрагназаваў развіццё падзей у выпадку каранціну кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ўвесці такія меры ў Мінску — не праблема, гэта магчыма зрабіць цягам сутак.

«Гэта зусім не пытанне, але ўва што гэта выльецца? Колькі тады будзе смерцяў? Якая хуткая дапамога справіцца? Мы будзем толькі выхопліваць з кватэр людзей, якія будуць цяжкія, і адразу іх на штучную вентыляцыю лёгкіх. І што, мы выратуем гэтых людзей? Вядома, не. Таму не трэба глупствам займацца»,— рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Арганізм павінен змагацца з інфекцыямі, для гэтага, па словах беларускага лідара, трэба часцей бываць на свежым паветры, а таксама — займацца спортам і добра харчавацца.

«Учора адзін вельмі разумны расіянін, я паслухаў, кажа: трэба фізічна змагацца з ім. Я думаю, як жа фізічна? Трэба сябе засцерагчы ад небяспекі. Спортам займацца трэба і на свежым паветры быць. Трэба лёгкім дапамагчы.

Мы, кажа, на дыеце сядзелі, а патрэбна тлустая ежа. І я таксама абмяжоўваў сябе. А масла трэба зараз есці, аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца з вірусамі.

Калі спецыяліст, вучоны кажа, напэўна, не дурань. Вось я з вопыту свайго яго ў гэтым падтрымліваю», — дадаў Лукашэнка.

Безумоўна, людзі будуць хварэць, у тым ліку і на каранавірус, і на іншыя небяспечныя інфекцыі, як гэта здарылася ўжо з адным хворым, у якога акрамя новага віруса выявілі экзатычны небяспечны грып. 

«У яго быў букет. І малайцы ўрачы — вось за што я іх хвалю зараз (каб не перахваліць) — што яны з камбінацый лекаў розных знайшлі такую, што змагла паставіць чалавека на ногі. Хоць ён быў у найцяжэйшым стане», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Казаць, што ў Беларусі ўсё ціха і спакойна — глупства поўнае. Проста мы не панікуем, мы займаемся кожны сваёй справай. Мы не вырашаем праз каранавірус ніякія палітычныя пытанні, — заявіў ён. — Хоць у нас палітычны год. Ведаеце, калі шчыра, я бы мог сёння ўвесці надзвычайнае становішча (патрулі па вуліцах, усе сядзяць) і паказаць, які я круты хлопец, перад прэзідэнцкімі выбарамі, што магу ўсё ўзяць пад кантроль. Не дай Бог, каб нам рэальна прыйшлося жыць у такой сітуацыі, калі давядзецца абмяжоўваць чалавеку магчымасць хадзіць па вуліцах, вывесці свайго… не сабаку, а дзіця некуды. Не дай Бог! І я ў гэтыя гульні гуляць не хачу!» 

Ён паўтарыў, што мы будзем змагацца з любой хваробай, таму ён не вылучае каранавірус. 

«З любой хваробай трэба змагацца, — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. — Бо чалавечае жыццё, калі яно знікне, не важна, ад чаго. Яго проста не стане. Вось у чым пытанне».

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў аўторак будзе выніковая нарада па шэрагу пытанняў, на якой будзе абнародаваная статыстыка. 

БелТА

«Мы нічога абсалютна не хаваем. Ні-чо-га, — раздзяліў слова па складах лідар. — Але галоўнае, што нас выратавала ад гэтага вар’яцтва (за што нас зараз крытыкуюць) — мы на межах пачалі ўсіх чысціць, мыць, мацаць, тэставаць. Бо ўбачылі, што гэтую заразу нам завозяць збоку. У нас яе ў прынцыпе быць не магло і не павінна, як і ў Расіі».

79
M.O. / Адказаць
02.04.2020 / 16:30
—The Washington post : Если речь идёт о настоящем вирусе COVID-19, мы бы предпочли замедлить его распространение, прежде чем он заразит большую часть населения США. Чтобы замедлить симулит, давайте попробуем создать принудительный карантин —Упс! Как и ожидали эксперты в области здравоохранения, полностью изолировать больное население от здорового оказалось невозможным. —Леана Вэн, бывший комиссар по здравоохранению города Балтимор (штат Мэрилэнд), рассказала The Washington post о нецелесообразности принудительного карантина. «Многие люди работают в городе и живут в соседних округах, и наоборот, — сказала Вэн. — Будут ли люди отделены от своих семей? Будут ли заблокированы дороги? Как будет поставка товаров достигать жителей?» —Как сказал Лоуренс О. Гостин, профессор права в области глобального здравоохранения в Джорджтаунском университете: «Дело в том, что такие блокировки очень редки и никогда не эффективны». —К счастью, есть и другие способы замедлить вспышку. Прежде всего, медицинские работники советуют людям избегать общественных мероприятий, чаще оставаться дома и держаться на расстоянии друг от друга.  —Даже при разных результатах умеренное социальное дистанцирование превосходит попытку карантина, в то время как экстенсивное социальное дистанцирование обычно работает лучше всего. МОЖНА ЗАГУГЛІЦЬ.
9
Ёпрст / Адказаць
02.04.2020 / 16:36
Ну як можна гэтае каментаваць?:
"Я ўпэўнены, што ў нас мільёны людзей ужо перахварэлі на вірусы, у тым ліку на каранавірус. І вось я цябе ў кватэры закрыў — ні выйсці, ні прайсці…Я цябе туды закрываю, і ў цябе назаўтра ў гэтай тухлай, дохлай кватэры, у 25 або 80 метрах, пачынае актыўна праяўляцца гэты каранавірус. Што адбываецца? Ты ўсіх заразіў. А калі б я цябе не закрыў туды, ты б на нагах перанёс гэты каранавірус."
Мамадарагая. Нейкія кавалкі паралельнай рэальнасці!

8
меркаванне / Адказаць
02.04.2020 / 16:36
Па-мойму, наліцо немагчымасць адэкватна ўспрымаць, разумець і рабіць высновы. Тут нават не трэба вынаходзіць "кола", а дастаткова прааналізаваўшы тое, што рабілі іншыя раней зрабіць правільныя высновы і даўно пачаць рабіць. Але тое, як усё трансфармуецца ў гэтых глуздах, нават чытаць жахліва- поўнае трызненне.  А ў крытычнай сітуацыі гэта робіць увесь народ закладнікамі неадэквата, які ўсем кіруе. Толькі звышнатуральны цуд можа выратаваць у такім становішчы, калі пакінуць усё як ёсць. 
Паказаць усе каментары/ 48 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру