26.03.2009 / 16:59

Па льготах наносяць паўторны ўдар

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапаноўвае ўвесці дадатковыя абмежаванні на прадастаўленне штомесячнай сацыяльнай дапамогі для асобных катэгорый грамадзян.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі прапаноўвае ўвесці дадатковыя абмежаванні на прадастаўленне штомесячнай сацыяльнай дапамогі для асобных катэгорый грамадзян.

Пра гэта паведаміла намеснік міністра Валянціна Каралёва 26 сакавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, гэта адна з прапаноў па карэкціроўцы асобных палажэнняў указа прэзідэнта ад 14 снежня 2007 года № 638 «Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва».

У прыватнасці, Мінпрацы і сацабароны

прапаноўвае не прызначаць штомесячную сацыяльную дапамогу тым грамадзянам,
якія на працягу апошніх 12 месяцаў, што папярэднічалі звароту па адрасную дапамогу, набылі транспартны сродак. Выключэнне павінны складаць сем’і з дзецьмі‑інвалідамі, інвалідамі першай і другой групы і шматдзетныя сем’і.

У дапамозе, паводле слоў Каралёвай, таксама прапаноўваецца а

дмовіць тым грамадзянам, «якія працуюць на ўмовах няпоўнага працоўнага часу
або не адпрацавалі поўную норму выпрацоўкі па неаб’ектыўных прычынах».

Апрача таго, плануецца змяніць парадак разліку сярэднедушавога даходу сям’і або грамадзяніна для налічэння адраснай сацыяльнай дапамогі. У прыватнасці, для сем’яў, якія складаюцца з двух і больш чалавек, прапаноўваецца прымяняць каэфіцыент, які ўлічвае «эфект сумеснага пражывання».

Як сцвярджае намеснік міністра, цяпер адрасную сацыяльную дапамогу атрымліваюць «трохі больш няпоўных сем’яў, чым маюць патрэбу ў ёй». «Гэта абумоўлена тым, што дастаткова цяжка ўстанавіць факт сумеснага пражывання маці з асобай, якая з’яўляецца бацькам яе дзяцей, але не знаходзіцца з ёю ў шлюбе», — патлумачыла яна.

Мінпрацы таксама прапаноўвае змяніць парадак налічэння сацыяльнай дапамогі.
У прыватнасці, плануецца ўстанавіць адзіны крытэрый патрэбнасці для прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі і безнаяўных жыллёвых субсідый. Гэтыя віды падтрымкі прапанавана ўключыць у адзіную сістэму адраснай сацыяльнай дапамогі.

Падставай для налічэння адраснай дапамогі, на думку распрацоўшчыкаў дакумента, павінен стаць сукупны даход сям’і (грамадзяніна) за 12 месяцаў, што папярэднічалі звароту па падтрымку. Раней такі перыяд складаў тры месяцы.

Разам з тым тэрмін выплаты штомесячнай сацыяльнай дапамогі прапаноўваецца павялічыць да шасці месяцаў (цяпер — тры месяцы).

Для налічэння аднаразовай сацыяльнай дапамогі грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, крытэрый патрэбнасці плануецца павысіць са 120% да 150% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Як лічыць намеснік міністра, рэалізацыя прапанаваных мер дазволіць «павысіць эфектыўнасць сістэмы дзяржпадтрымкі насельніцтва», спрасціць працэдуру прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, а таксама «забяспечыць рацыянальнае расходаванне бюджэтных сродкаў за кошт спынення фінансавання выплат безнаяўнай жыллёвай субсідыі і скарачэння адміністрацыйных расходаў».

Зараз прапановы Мінпрацы знаходзяцца на ўзгадненні з зацікаўленымі органамі.

***

17 снежня 2007 года ў Беларусі ўступіў у сілу закон «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян», які адмяніў ільготы для многіх катэгорый грамадзян, у тым ліку былых вязняў фашысцкіх канцлагераў і асоб, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, студэнтаў, пенсіянераў.

Прыняцце закона выклікала шырокі грамадскі рэзананс: у краіне прайшлі акцыі пратэсту, у парламент былі перададзены тысячы подпісаў грамадзян супраць адмены льготаў.

Адначасова з законам уступіў у сілу ўказ «Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва», падпісаны прэзідэнтам 14 снежня 2007 года. Згодна з указам, падтрымка насельніцтву аказваецца ў форме адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай і (або) аднаразовай сацыяльнай дапамогі.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру