Лукашэнка ў час наведвання Смалявіцкага раёна звярнуў увагу, што ўвядзенне жорсткага каранціну і каменданцкай гадзіны ў Беларусі не палепшыць сітуацыю ў краіне, піша БелТА.

«Вось нас заўтра пасадзілі ў кватэры і зачынілі. Сям'я па пяць-сем чалавек, і нехта адзін з іх хворы — мы яго зачынілі ў кватэру з усімі. І што адбылося? Каранавірус распаўсюджваецца на працягу некалькіх гадзін сярод усіх. І калі ты быў адзін, хадзіў на паветры, дыхаў, на нагах пераносіў каранавірус, ты заўтра ў гэтай затхлай кватэры перадасі гэты вірус усёй сям'і», — менавіта да такіх наступстваў прывядзе каранцін, перакананы кіраўнік дзяржавы.

«У Маскве пропуск ужо выпісваюць, каб выйсці з дома і кватэры. Што б ты ні выпісваў, людзі ўсё роўна будуць мець зносіны адно з адным — у пад'ездзе не пракантралюеш. І вось сем чалавек у адной сям'і, пяць у іншай: у затхлай прасторы кантакт — і ўсе захварэлі. І трапляюць у шпіталь ужо на штучную вентыляцыю лёгкіх. Гэта што, немагчыма? На 100% магчыма, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Нас заўсёды вучылі: калі чалавек захварэў, вострая рэспіраторная інфекцыя ў яго — у гэты перыяд на вуліцу. Прадыхайся, дзетак вывезі ў лес, парк, а не загані ў квартэру і зачыні. Мы гэтым шляхам не пайшлі».

Лукашэнка падкрэсліў, што ўлады ў Беларусі адмаўляюцца ад масавага каранціну не таму, што, бравіруючы, ацэньваюць сітуацыю. «Справа нават не ў каранавірусе. Мы пераадольваем пік сезонных захворванняў (дзякуй богу, што ў нас падзенне смяротнасці), і ў гэты час трэба засцерагчыся, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Усё ад жыцця, а мы хочам загнаць гэтае жыццё ў нейкую клетку. Не атрымаецца, усё гэта глупства. Чаму гэта робяць? Пагаворым пра гэта пазней».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0