У апошні час з многіх краін свету, дзе афіцыйна ўведзены каранцін, прыходзяць звесткі аб апусценні прытулкаў для жывёл, якіх людзі забіраюць дамоў, каб супакоіць нервы ва ўмовах пандэміі. «Наша Ніва» спытала ў беларускіх прытулкаў, ці павялічыўся попыт на гадаванцаў сярод беларусаў у разгар каранавіруса.
«Узровень забірання жывёл у нашым прытулку не вырас, а, наадварот, паменшыўся, — расказваюць у грамадскім аб'яднанні аховы жывёл «Эгіда».
Адзінае, што змянілася ў прытулку — прапаноў ператрымкі жывёл, якія шукаюць новы дом, паступае крыху больш, чым звычайна. Афіцыйна каранцін у Беларусі не ўведзены, але некаторыя могуць дазволіць сабе сысці на самаізаляцыю і патрымаць у гэты час гадаванцаў у сябе.
«Цяпер стала складаней знайсці фізічную дапамогу для жывёл, валанцёраў, якія б іх даглядалі. З прыходам каранавіруса людзі сталі яшчэ менш звяртаць увагу на праблему бяздомных жывёл, таму што вялікія праблемы паўсталі ў саміх людзей, — дадаюць у «Эгідзе».
У прытулку для катоў «Кот у вакенцы» таксама адзначаюць, што піка зацікаўленасці ў жывёлах не назіраюць:
«Вясной кожны год жывёл пачынаюць больш актыўна разбіраць. Але не нашмат. Каранавірус проста супаў з гэтым перыядам», - расказваюць у прытулку.
У грамадскім аб’яднанні аховы жывёл «КіС» распавялі «Нашай Ніве», што цяпер усе прытулкі збянтэжаныя, што рабіць з жывёламі, чыіх гаспадароў паклалі ў бальніцу праз каранавірус.
«Да нас пакуль такіх пытанняў не паступала, але мы рыхтуемся да горшага, - расказалі ў «КіС». - Валанцёраў, якія маглі б даглядаць жывёл падчас пандэміі, мы выдзяліць чалавеку не можам. Забраць іх жывёл да сябе - таксама, таму што месцаў на ўсіх не хапае.
Ва ўсіх прытулках адзначаюць, што дрэнна ўяўляюць, што будзе з жывёламі, калі ў краіне ўвядуць каранцін.
«Попыт на жывёл моцна падае. Забраць жывёлу - гэта і так адказнасць, якую трэба ўзважваць. А ў цяперашняй абстаноўцы людзі наогул не разумеюць, што ім рабіць.
Фінансавая сітуацыя нестабільная. На жывёлу трэба выдаткоўваць грошы, яе трэба карміць, даглядаць.Але і самім людзям трэба неяк выжываць.
Так, мы ведаем, што ў прытулках Польшчы, Італіі, ЗША жывёл актыўна разбіраюць. Але хочацца верыць, што пасля каранціну іх не вернуць назад у прытулкі».