Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц падае прыклад нашэння маскі. Фота Arno Melicharek, bild.de.

Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц падае прыклад нашэння маскі. Фота Arno Melicharek, bild.de.

Пазітыўная статыстыка прыходзіць з Аўстрыі. Гэтая альпійская краіна апынулася на пярэднім фронце каранавіруса, бо суседнічае з італьянскім эпіцэнтрам. Яна была таксама першай сярод тых, хто ўвёў рашучыя каранцінныя абмежаванні.

Праз 11 дзён пасля ўвядзення строгага каранціну колькасць заражэнняў у Аўстрыі пайшла на спад.

Прыклад Аўстрыі натхняльны, бо паказвае, што каранавірус можна стрымаць і пры гэтым без абмежавання правоў грамадзян, як было ў Кітаі.

4 красавіка ў краіне ўпершыню выздаравела больш людзей (485 чалавек), чым было заражана (257). Гэта не разавы факт. Колькасць новых заражэнняў падае з 26 сакавіка. 

Колькасць выяўленых хворых пачала падаць праз 11 дзён пасля ўвядзення каранцінных абмежаванняў. Інфаграфіка worldometers.info.

Колькасць выяўленых хворых пачала падаць праз 11 дзён пасля ўвядзення каранцінных абмежаванняў. Інфаграфіка worldometers.info.

Колькасць новавыяўленых хворых за дзень (аранжавым) адносна колькасці выздаравелых за дзень (зялёным). Інфаграфіка worldometers.info.

Колькасць новавыяўленых хворых за дзень (аранжавым) адносна колькасці выздаравелых за дзень (зялёным). Інфаграфіка worldometers.info.

Аўстрыя першай у Еўрасаюзе, яшчэ 10 сакавіка, закрыла мяжу — але толькі адну, з Італіяй, дзе было найбольш заражэнняў. Іншыя межы засталіся адкрытыя.

Аўстрыя таксама адной з першых, з 15 сакавіка, перавяла грамадскае і эканамічнае жыццё на «аварыйны рэжым», каб прадухіліць распаўсюд новага каранавіруса. 

Заняткі ва ўсіх навучальных установах былі пераведзеныя на дыстанцыйны рэжым. Пры гэтым некаторыя дзіцячыя сады і школы адкрыты, каб глядзець дзяцей, бацькі якіх працуюць.

Былі спыненыя спартовыя мерапрыемствы.

Былі зачыненыя рэстараны, бары і кафэ, акрамя службы дастаўкі ежы.

Храмы адмянілі царкоўныя службы, хросты і шлюбы.

Зачыніліся музеі і тэатры.

«Універсітэты былі першымі, каго пачалі закрываць. Потым школы і дзіцячыя сады, — расказвае беларуска Кацярына Хольцапфель-Варажун, якая жыве ў Вене. — Мы займаемся з сынам па тых падручніках, якія перадала настаўніца. У нас ёсць план на кожны тыдзень.

Настаўніца таксама запісвае на відэа чытанне дзецям кніг, паказвае, як можна рабіць арыгамі і маляваць кветкі. Даступна для прагляду на юцюбе. Абсалютна спакойна ўсе перайшлі на каранцін, калі ўрад растлумачыў, якім чынам будуць кампенсаваць страты тых, хто не зможа працягваць працаваць», — расказвае спадарыня Хольцапфель-Варажун.

«На вуліцах, у крамах, пякарнях, аптэках людзі вытрымліваюць дыстанцыю. У аптэкі можна заходзіць па 1—2 чалавекі, — кажа яна. — Мой муж працуе дыстанцыйна, з дому. За тры тыдні каранціну я асабіста выходзіла 2 разы ў магазін і 4 разы — падыхаць свежым паветрам. Звычайна гэта кароткія прагулкі. Паліцыя кантралюе, каб не збіраліся вялікімі групамі. Дазволена выходзіць разам на двор толькі з тымі, з кім жывеш у адной кватэры ці ў адным доме», — кажа яна.

У Аўстрыі закрылі крамы адзення, мэблі, бытавой тэхнікі, дзіцячых тавараў, ювелірных вырабаў, цырульні, спартыўныя залы. Выключэнне зроблена для аб'ектаў жыццёва важнага забеспячэння: супермаркетаў, аптэкаў, заправак, пошты, банкаў, пральняў, цэнтраў мабільнай сувязі.

Людзям забаронена збірацца групамі больш за 5 чалавек.

Абмежаванні не закраналі працу грамадскага транспарту, заводаў і органаў дзяржаўнага кіравання.

Канцлер у заяве для аўстрыйскага агенцтва АПА таксама заклікаў людзей максімальна заставацца дома.

За выкананнем новых абмежаванняў сочыць паліцыя.

Каб дабіць каранавірус, з 1 красавіка ўлады Аўстрыі зрабілі нашэнне маскі ў крамах абавязковым.

Каб гарантаваць гэта, Аўстрыя збіраецца раздаваць маскі бясплатна на ўваходах у магазіны.

Усяго за перыяд эпідэміі ў Аўстрыі заразілася амаль 12 тысяч чалавек, 186 чалавек памерлі. Гэта 21 смерць на кожны мільён насельніцтва, нашмат менш, чым у многіх іншых краінах, дзе эпідэмія яшчэ не пайшла на спад.

Міністэрства аховы здароўя Аўстрыя штодзённа публікуе звесткі па хворых і смяротнасці па кожным рэгіёнаў краіны.

Смяротнасць у Аўстрыі набліжаецца да 2% ад колькасці выяўленых выпадкаў. На жаль, гэтая лічба з часам вырасце, бо ў рэанімацыях краіны застаецца шмат людзей з цяжкімі пнеўманіямі.

Аўстрыяй кіруе кааліцыя хрысціянскіх дэмакратаў з Народнай партыі і Зялёных. Насельніцтва Аўстрыі складае каля 9 мільёнаў чалавек.

Кіраўнік краіны, канцлер Себасцьян Курц асабіста паслядоўна тлумачыць грамадзянам сэнс і мэты абмежаванняў.

«У нашай культуры гэтага, вядома, няма, але менавіта так краіны Азіі прыйшлі да таго, што ў іх усяго некалькі хворых за дзень», — так Курц патлумачыў увядзенне абавязковага нашэння масак.

Людзі хутка прывыклі да новых абмежаванняў і ставяцца да іх з разуменнем, кажа Кацярына Хольцапфель-Варажун.

«Усё спакойна. Людзі стараюцца прытрымлівацца правіл. І мыюць рукі», — кажа яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0