Трывожныя навіны прыходзяць з санаторыя «Пралеска» ў Ждановічах. Учора «Наша Ніва» пісала пра смерць супрацоўніка санаторыя ад пнеўманіі. Электрык Валер Ш. сканаў ў ноч на 2 красавіка ў мінскай інфекцыйнай бальніцы, куды накіроўваюць людзей са станоўчым аналізам на каранавірус.

Санаторый «Пралеска». Фота з сайта санаторыя

Санаторый «Пралеска». Фота з сайта санаторыя

Як расказалі супрацоўнікі «Пралескі», пасля смерці мужчыны іх папрасілі падаць спіс кантактаў першага ўзроўню.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», за некалькі дзён да гэтага каранавірус выявілі ў дзвюх жанчын з аднаго з заездаў. Некаторых работнікаў санаторыя як кантактных асобаў забіралі «хуткія».

Чытайце: «А мы працягвалі прымаць адпачываючых». У інфекцыёнцы памёр супрацоўнік санаторыя «Пралеска» ў Ждановічах

Цяпер паведамляюць, што на каранавірус захварэлі і іншыя адпачывальнікі. Як піша Tut.by, сярод іх — 70-гадовы мужчына. Яму стала дрэнна 20 сакавіка. 26-га з аднабаковай пнеўманіяй мужчыну шпіталізавалі ў 3-ю бальніцу, а праз некалькі дзён, калі тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік, перавялі ў «інфекцыёнку».

«Цяпер ён на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Прагнозы несуцяшальныя», — расказала Tut.by яго дачка.

Таксама ў інфекцыйнай бальніцы ляжаць дзве жанчыны з каранавірусам, якія адпачывалі ў санаторыі. Адна з іх — у цяжкім стане.

Нагадаем, што ў размове з «Нашай Нівай» адміністрацыя санаторыя адмовілася каментаваць выпадкі каранавіруса ці іх адсутнасць.

«Ну што вы, не ведаеце артыкул 46 [артыкул аб медычнай таямніцы закона аб ахове здароўя]? Ніякай інфармацыі даць не магу. Каранціну ў нас няма. Здраўніца працуе ў штатным рэжыме», — адказаў дырэктар «Пралескі» Сяргей Падкавыраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0