У Маскве адзначаюць “спробы ціску на Беларусь” у межах яе ўдзелу ў новай праграме ЕС “Усходняе партнёрства”. На гэту тэму выказаўся 26 сакавіка афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Андрэй Несцярэнка.

Раней недатыкальнасцю сінявокай рэспублікі апекаваўся ў Бруселі сам кіраўнік расійскай дыпламатыі Сяргей Лаўроў.

Чым жа можна патлумачыць такі абвостраны клопат?

Сапраўды, і вярхоўны прадстаўнік Хаўер Салана, і чэшскі міністр замежных спраў Карэл Шварцэнберг, і яшчэ хто-кольвек з палітычнага бамонду ЕС перасцерагалі беларускае кіраўніцтва: прызнанне мяцежных грузінскіх правінцый абцяжарыць дыялог Мінска з Бруселем.

Зрэшты, еўрапейскія палітыкі агаворваюцца: гэта не ультыматум, а канстатацыя рэалій. Беларусь выпадзе з кантэксту, як выказаўся сп. Шварцэнберг.

Для Еўропы непрызнанне згаданых рэспублік — справа прынцыпу, бо іншае азначае ўхваленне леташняй вайны Расіі супраць Грузіі. Вайны, што паставіла Еўропу на вушы і, у прыватнасці, змусіла памяняць парадыгму дачыненняў з Беларуссю.

Плюс элементарная акалічнасць: у тое ж самае “Усходняе партнёрства” запрошана Грузія. Калі што такое, то Тбілісі стане на дыбкі — і ўвесь праект ад пачатку будзе скамечаны…

Між тым пазіцыю самой Масквы ў гэтым адчувальным пытанні незалежныя беларускія каментатары дружна характарызуюць як выкручванне рук Лукашэнку. Не аднойчы нагадваў пра саюзніцкія абавязкі Мінска ў гэтым кантэксце амбасадар Расіі Аляксандр Сурыкаў. Свежым прыкладам псіхалагічнай апрацоўкі ўпартага саюзніка, на думку мінскіх каментатараў, стала зладжаная нядаўна ў Сочы “вочная стаўка” Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Абхазіі Сяргеем Багапшам.

“Проста ў Масквы канчаецца цярпенне ў звязку з тым, што беларускі кіраўнік цягне рызіну ў пытанні прызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі” — такой бачыць подбіўку свежай заявы расійскага МЗС мінскі палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Між тым, як прагучала са Смаленскай плошчы, архітэктура супрацы ЕС з суседзямі Расіі не мусіць уваходзіць у супярэчнасць з іх абавязкамі ў межах СНД і АДКБ.

“Пры гэтым, — зазначыў сп. Несцярэнка, — ад нас не хаваецца тая акалічнасць, што перад патэнцыйнымі удзельнікамі “Усходняга партнёрства” часам ставіцца штучны выбар — або вы з Еўрасаюзам, або вы з Расіяй. Цалкам гэта можна дапасаваць і да магчымага ўдзелу Беларусі ў гэтай праграме. У Маскве не праходзяць незаўважанымі спробы ціску на Мінск ў гэтым звязку што да выбранага ім замежна- і ўнутрыпалітычнага курсу”.

“А што менавіта разумеее Масква пад ціскам ў галіне ўнутранай палітыкі? — разважае аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Ёсць вядомыя 12 ўмоў ЕС датычна нармалізацыі дачыненняў з Беларуссю, і ўсе яны так ці іначай звязаны з дэмакратызацыяй. Дык што, Расія супраць дэмакратызацыі краіны-саюзніцы?”.

Дадамо, што сп. Несцярэнка, кажучы пра ўдзел Беларусі ва “Усходнім партнёрстве”, старанна ўжываў эпітэты кшталту “магчымы”, “патэнцыйны”. Між тым Рада ЕС 20 сакавіка афіцыйна ўлучыла краіну ў новую праграму. Але ж, мусіць, некаму надта не хочацца, каб гэты шанец на вяртанне ў Еўропу Беларусь скарыстала.

Заўважце: аб праве суверэннай дзяржавы на геапалітычны і, калі хочаце, цывілізацыйны выбар клапатлівыя маскоўскія дзеячы ні гу-гу. Падтэкст: не лезце ў зону нашых інтарэсаў! Беларусь успрымаецца як нейкая кананічная тэрыторыя Крамля.

І ў гэтым сэнсе перад Мінскам сапраўды абвастраецца пытанне выбару. Бо выказванні прадстаўнікоў Масквы сведчаць, што з дрэйфам Беларусі ў бок Еўропы там мірыцца не хочуць.

Беларускія незалежныя аналітыкі, аднак, сумняюцца, што ў цяперашняга кіраўніцтва краіны стане духу памяняць геапалітычную арыентацыю. Так, палітолаг Валер Карбалевіч прагназуе, што хутчэй супраца Беларусі з ЕС у межах “Усходняга партнёрства” будзе “лакальнай, выбарачнай, пунктавай, у асобных, строга адабраных праектах”.

Праблема тут, зазначым, не толькі ў эканамічнай залежнасці ад Расіі. Еўрапейскі трэнд пагражае расхістаць палітычную сістэму, жорстка скручаную аўтарытарнымі гайкамі.

Таму Лукашэнку застаецца адно: балансаваць. Зыходячы з логікі гэтага палітычнага эквілібру, Карбалевіч прагназуе такі сюжэт: спачатку беларускі афіцыйны кіраўнік злётае ў Прагу (ці Брусель) на ўстаноўчы саміт новай праграмы ЕС, а потым — парадуе таварышаў з Сухумі ды Цхінвалі. Ну а Масква папляскае ў ладкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?