22 чэрвеня на трэція ўгодкі сьмерці Васіля Быкава на Ўсходніх могілках сабраліся родныя і блізкія пісьменьніка, прыхільнікі яго творчасьці, каб ушанаваць ягоную памяць.

Уніяцкі сьвятар а. Андрэй Абламейка правёў памінальнае набажэнства. Зьвяртаючыся да прысутных ён адцеміў: «Я рады, што Бог даў Беларусі такога чалавека, як Васіль Быкаў».

Выступілі родныя і сябры Васіля Ўладзімеравіча – Рыгор Барадулін, які прасьпяваў калыханку, тую самую, што пісьменьніку ў маленстве сьпявала мама, жонка Ірына Міхайлаўна, сябар і земляк Валянцін Блакіт, прафэсар Юры Хадыка. Пісьменьнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў распавёў пра сваю гутарку з «міліцыянтам ад літаратуры» генэралам Чаргінцом, які між іншым паведаміў пра эканамічную немэтазгоднасьць друкаваньня твораў Быкава, пра што нібыта сьведчаць маркетынгавыя дасьледваньні. Дый родныя Васіля Быкава ня йдуць з просьбамі і паклонамі да ўладаў. Аднак, як зазначыў У. Сіўчыкаў, попыт на прозу Быкава ёсьць і доказам гэтаму ёсьць выданьне твораў беларускага пісьменьніка за мяжой – у Расеі, Польшчы. Барыс Сачанка паведаміў пра публікацыю ў «Дзеяслове»ў верасьні невядомай дагэтуль аповесьці «Бліндаж» (1987 год напісаньня). Таксама ў плянах працяг «Доўгай дарогі дамоў», які ўжо рыхтуецца ў друк.

Афіцыйныя ўлады гэтым разам былі прадстаўленыя асобамі ў цывільным, якія ўважліва ўслухоўваліся ў словы выступоўцаў. Яны заўважна ажывіліся, калі маладыя людзі ў саколках з надпісамі «Малады фронт» узьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі. У хуткім часе на тэрыторыі могілак зьявілася і патрульная машына. Аднак актыўных дзеяньняў міліцыянты не прадпрымалі.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0