Цяпер ідзе пошук кандыдатуры на пасаду генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
Пра гэта паведаміў 26 сакавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску намеснік галоўнага дырэктара па творчых і ідэалагічных пытаннях Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Валерый Гедройц.
19 студзеня аб зыходзе з пасады кіраўніка тэатра балета абвясціў Валянцінаў Елізар’еў. Услед за ім пакінула пасаду кіраўніка тэатра оперы яго жонка Маргарыта Ізворска‑Елізар’ева.Падставай для адстаўкі паслужыла тое, што пры зліцці тэатраў оперы і балета В.Елізар’еву прапанавалі пасаду толькі мастацкага кіраўніка балета. Такім чынам, вядомы дзеяч культуры быў фактычна паніжаны ў пасадзе: апошнія 17 гадоў ён быў дырэктарам — мастацкім кіраўніком тэатра.
Аб’яўляючы аб звальненні, В.Елізар’еў звярнуў увагу на праблемы ў тэатры: нізкія зарплаты артыстаў балета, дрэннае фінансаванне новых пастановак і адсутнасць сродкаў на падтрыманне рэпертуару. Апрача таго, ён падкрэсліў, што работа па рэканструкцыі тэатра праводзілася са шматлікімі парушэннямі.
Цяпер абавязкі генеральнага дырэктара тэатра оперы і балета выконвае Валянцін Пушны. Як паведаміў В.Гедройц, кандыдатуру новага генеральнага дырэктара павінна прапанаваць Міністэрства культуры.
Паводле яго слоў, В.Елізар’еў цяпер у тэатры не працуе. Ён займаецца пастаноўкай спектакляў у Балгарыі.
Як лічыць галоўны дырыжор тэатра, заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна, знайсці новага дырэктара тэатра оперы і балета будзе вельмі складана. «Дырэктараў прафесійных оперных тэатраў практычна няма. Каб выхаваць прафесійнага дырэктара опернага тэатра, трэба шмат часу», — сказаў галоўны дырыжор.
Паводле яго слоў, вялікай памылкай у свой час быў падзел тэатраў.У гэтай сітуацыі выдатна развіваўся балет, але пагаршалася якасць оперных спектакляў. Апошняе ўзмацнялася тым, што оперныя спектаклі ставіліся на не прыстасаванай для іх пляцоўцы ў Доме афіцэраў.
Як лічыць В.Пласкіна, нават пасля рэканструкцыі будынка тэатра выйсці з такой сітуацыі будзе няпроста: «Мы заходзім у тэатр, які мае каласальную апаратуру, але ў нас няма людзей, якія могуць на ёй працаваць.
У нас практычна касмічны карабель, і на ім працуе трактарыст».