26 сакавіка ў Мінску прайшла чарговая ярмарка вакансій. У параўнанні з папярэднімі, яна выклікала наплыў наведвальнікаў. Ці то пошукамі працы заняліся ўсе беспрацоўныя, ці то крызіс перавёў столькі людзей у стан беспрацоўных.
Большасць стэндаў (а іх было каля 100) належыла дзяржаўным установам кшталту ЖЭСаў, ЖРЭА. Там шукалі прадстаўнікоў ледзь не ўсіх працоўных прафесій. Таксама вялікі недахоп супрацоўнікаў у бальніцах і паліклікліках. Як заўсёды, шукаюць кіроўцаў і кандуктараў у тралейбусныя і аўтобусныя паркі.
Сярод нечаканых прапаноў вылучаліся вакансіі прапаршчыкаў і афіцэраў, прычым
заробак афіцэра складае 700 тысяч рублёў.«Атлант» выставіў чатыры вакансіі, заробак кожнай з якіх блізу мільёна рублёў. Ён выгадна глядзеўся на фоне астатніх прадпрыемстваў, дзе сустракаліся прапановы нават па 150 тысяч рублёў.
Самая дарагая вакансія з убачаных вакансій - галоўнага бухгалтара за 1,5 мільёна рублёў.
Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт, сярод іншага, шукаў інструктара па фізічнай падрыхтоўцы. Праўда, самі супрацоўнікі адгаворвалі мужчыну, які вырашыў уладкоўвацца:
«Мы б вам не раілі… 220 тысяч – вам гэта трэба?»
На моладзь арыентаваліся супермаркеты «На недельку» і «Прастор». Яны набіралі штат супрацоўнікаў для адкрыцця новых крамаў.
Большасць наведвальнікаў збірала інфармацыю пра ўзровень заробкаў. Флаеры і буклеты арганізацый разыходзіліся на ура. Шмат хто запаўняў адразу некалькі анкет са спадзяваннем, што возьмуць хоць куды.