07.04.2020 / 22:42

«А я яшчэ дала канцэрт у санаторыі…». У вакалісткі «Верасоў» — каранавірус з цяжкай пнеўманіяй 13

Надзея Мікуліч

Заслужаная артыстка Беларусі, былая вакалістка гуртоў «Чараўніцы» і «Верасы», 67-гадовая сьпявачка і кампазытарка Надзея Мікуліч захварэла на каранавірус. Цяпер яна знаходзіцца ў 6-м шпіталі Менску, паведамляе «Радыё Свабода».

Аналіз на каранавірус узялі таксама ў яе мужа Барыса Белага, у мінулым адміністратара гурту «Верасы». Надзея Мікуліч распавяла «Свабодзе» па тэлефоне пра тое, што зь ёй адбылося.

«Муж, я думаю, таксама трапіць у шпіталь»

Надзея Мікуліч хварэе з 23 сакавіка.

— Лячылі антыбіётыкамі на ўсялякі выпадак, але тэмпэратура не зьніжалася. Я папрасіла, каб мне зрабілі здымак. Рэнтген паказаў, што ў мяне падазрэньне на левабаковую пнэўманію. На наступны дзень зрабілі кампутарную тамаграфію, якая паказала двухбаковую пнэўманіяю, У суботу мяне паклалі ў 2-гі шпіталь Менску. А перад гэтым зрабілі аналіз на каранавірус. У панядзелак мне пазванілі з санэпідэмстанцыі і сказалі, што ў мяне меркаваны каранавірус, і тады мяне перавялі ў 6-ты шпіталь. Цяпер у мяне пнэўманія двухбаковая і каранавірус. Лячуся.

Надзея Мікуліч кажа, што адчувае сябе больш-менш нармальна.

— Тут проста няма руху. Толькі ў палаце і да туалету дайсьці, нікуды нельга хадзіць. Калі я па вуліцы ішла, то задыхалася, не хапала паветра. Цяжка было дыхаць апошнія дні. І дагэтуль цяжка дыхаць. Кожны дзень правяраюць насычанасьць крыві кіслародам. У мяне крыху паніжаная — трэба 100%, а ў мяне 92%.

Сьпявачка распавяла, што ў аўторак аналіз на каранавірус узялі ў яе мужа.

— Сёньня прыяжджалі да мужа, прадэзынфікавалі ўсю кватэру. Праз тры дні будзе вынік. Муж таксама пачынае сябе дрэнна адчуваць. У яго вусны сохнуць. Але ўсё роўна зьбіраецца на дачу зьезьдзіць на некалькі дзён, а потым, я думаю, што ён таксама трапіць у шпіталь. Мы ж разам былі, у адной кватэры жывем.

«Я яшчэ адпрацавала 21 сакавіка канцэрт у санаторыі ў Ўзьдзенскім раёне»

Сьпявачка і рыбачка Надзея Мікуліч. Малюнак Анатоля Гармазы

Надзея дакладна ня ведае, дзе магла заразіцца.

— Муж хадзіў на працу, езьдзіў у мэтро, у грамадзкім транспарце. Можа, ён быў носьбітам. А можа, у гасьцях атрымала, бо я не адзін раз была ў гасьцях. Усе там здаровыя былі, але адна жанчына з той кампаніі, дзе мы былі, цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі ў гэтым жа 6-м шпіталі, як і яе муж. Ці яна мужа заразіла, ці муж яе заразіў. Яна захварэла 21 сакавіка, а я — 23 сакавіка. А ў гасьцях мы былі 18 сакавіка. Я яшчэ адпрацавала 21 сакавіка канцэрт у санаторыі ў Ўзьдзенскім раёне. Тады адчувала сябе добра. А потым узьнялася тэмпэратура, была слабасьць, спаць хацелася ўвесь час. Млявасьць і абыякавасьць. Усе сымптомы дрэнныя.

Надзя Мікуліч кажа, што яна асьцерагалася каранавірусу, адчувала небясьпеку.

— Я нікуды не хадзіла, толькі выгульвала сабачку. На пошту мужа дасылала пасылку забраць. У краму не хадзіла. Праз інтэрнэт замаўляла. Я імкнулася моцна не кантактаваць зь людзьмі. Калі на вуліцы сустракаліся з сабачнікамі, была на адлегласьці, папярэджвала, што ў мяне тэмпэратура і я ня ведаю, што ў мяне.

Сьпявачка кажа, што разам зь ёй ляжаць усе людзі, хворыя на каранавірусную інфэкцыю.

— Тут, напэўна, шпіталь спэцыялізаваны. Маю суседку па палаце ў 2 шпіталі таксама сюды перавезьлі, бо мы разам ляжалі. Потым і ў яе каранавірус знайшлі. Я і яе заразіла. Такая вось гісторыя. У маёй палаце ляжыць жанчына, якую прывезьлі з 3-га шпіталю, і бабулька, якую ўчора з санаторыя «Пралеска» прывезьлі ўначы.

Усе мы ізаляваныя. Усе палаты закрытыя, ніхто ні зь кім не кантактуе. Выйсьці можна ў туалет ці душ. Тут агульныя душ і туалет, у палатах няма. Мэдсёстраў не дачакаесься, дактароў не дачакаесься. Нікога няма на паверсе ўвогуле. Там, дзе павінна сядзець мэдсястра, ляжыць запіска зь яе тэлефонам, каб, калі патрэбна, пазваніць. Была праблема, калі бабулі стала дрэнна з сэрцам, мы пазванілі мэдсястры, і яна прыйшла праз 40 хвілінаў. Тут памрэш і не дачакаесься доктара і мэдсястры. Яны зробяць сваю справу і ўцякаюць… Спачатку не хацела пра гэта расказваць, а потым усё ж вырашыла расказаць…

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Павал / Адказаць
07.04.2020 / 22:53
Здароўя Надзеі!
2
Владимир_Владимирович (не Путин) / Адказаць
07.04.2020 / 23:10
Министр здравоохранения и Президент сегодня высказывали готовность "пойти в народ (больной)" и лечить его. Вот в 6-й госпиталь и надо идти. Певица ведь хорошая, душевная. Надо помочь.
Всем желаю выздороветь!
12
Tuteishi / Адказаць
07.04.2020 / 23:20
Напоминает лечение больных в средневековой Европе лет 500 назад. Закрывали их в сарае, да еду через окно бросали. Да доктор в противочумном костюме приходил, пересчитывал кто помер.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру