Ангеліна Себік.

Ангеліна Себік.

Напрыканцы навучальнага года, 23 мая, дзесяць школьнікаў з усёй краіны прадставяць свае ідэі на моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk. Кожная з прапаноў — адказ сучасных падлеткаў на пытанне, як змяніць да лепшага навакольны свет. Дзесяцікласніца з Гомеля Ангеліна Себік прапануе пачаць з вывучэння беларускай мовы. 

Ангеліна Себік — вучаніца гомельскай гімназіі №10. Школьніца цікавіцца беларускай культурай, папулярызуе родную мову, а таксама вывучае замежныя — англійскую і кітайскую.

«Я карыстаюся беларускай мовай штодзень ужо больш за паўгода — дома, у горадзе і нават у школе, хаця там гэта не заўсёды проста. Часта наведваю Цэнтр беларускай мовы і курсы «Мова Нанова», — расказвае дзяўчына. — Родныя ў мяне рускамоўныя, але мне гэта не надта замінае.

У маім класе беларускамоўных людзей таксама няма, але ў гімназіі, натуральна, ёсць людзі, якія часта адказваюць па-беларуску, калі да іх звярнуцца. І хаця, па маіх назіраннях, стаўленне да роднай мовы збольшага станоўчае, я ўсё адно лічу, што яе бракуе ў самых розных сферах жыцця. Асабіста мне хацелася б чуць яе часцей сярод сваіх аднагодкаў».

Ангеліна ўпэўнена, што цяпер, калі большасць людзей праводзіць шмат часу ў сеціве, менавіта там варта рабіць штосьці для папулярызацыі беларускай мовы. Напрыклад, адукацыйныя майстар-класы ад беларускамоўных блогераў у Гомелі, але з трансляцыяй у прамым эфіры на ўсю краіну.

Відэапрэзентацыю сваёй ідэі яна адправіла на конкурс «Першыя», абвешчаны для школьнікаў кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. У выніку Ангеліна трапіла ў дзясятку фіналістаў і дапрацоўвае сваю задуму, каб прэзентаваць яе на вялікую аўдыторыю. 

«Самы час паказаць, што беларуская мова — такая ж, як і іншыя, таму па-беларуску можна гаварыць пра ўсё. Блогінг — выдатная магчымасць гэта давесці, бо маем і стрымераў, і влогераў, і ўрбаністаў, і проста актыўных людзей, што асвятляюць актуальныя навіны ў сваіх сацсетках», — кажа старшакласніца.

Дзяўчына плануе арганізаваць першую імпрэзу ў Гомелі з удзелам 2-3 спікераў і жывой трансляцыяй на некалькі сацсетак. Яе мэта — паказаць з дапамогай вядомых у медыяпрасторы людзей, якія публічна карыстаюцца роднай мовай і за дзейнасцю якіх сочаць сучасныя падлеткі, што гаварыць па-беларуску — гэта сучасна і прыгожа.

У якасці выступоўцаў Ангеліна бачыць блогераў Рэйні, Тутэйшага шляхціча, Яўгена Меркіса, ТВАР ТВАР (YouTube), Ягора Тубялевіча (Instagram) ды іншых. На яе думку, нават некалькі майстар-класаў на тэмы кшталту «Як раскруціць уласны Instagram», «Колькі часу трэба выдаткоўваць на блог», «Разынкі блогу па-беларуску» могуць заахвоціць многіх падлеткаў зрабіць хаця б першы крок да таго, каб адчуць сябе беларусам і гаварыць на роднай мове.

«Я хачу, каб дзякуючы майму праекту людзі зразумелі, што стан і ўспрыманне беларускай мовы залежыць толькі ад нас саміх. І нават проста падпіска на беларускамоўны Tik-Tok ці адзін пост можа паўплываць з часам на агульную сітуацыю», — лічыць Ангеліна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0