08.04.2020 / 19:50

У настаўніцы мінскай школы пацвердзілі каранавірус

Пра гэта стала вядома ад бацькоў вучняў. Ва ўпраўленьні адукацыі Свабодзе пацьвердзілі гэтую інфармацыю.

Гаворка ідзе пра сярэднюю школу № 61, што на вуліцы Кірылы Тураўскага, недалёка ад станцыі мэтро «Ўсход».

Каранавірус пацьвердзілі ў настаўніцы пачатковых клясаў. Цяпер яна чуецца добра.

Кантакты першага ўзроўню выяўленыя, цяпер яны на самаізаляцыі. Пра гэта Свабодзе сказала Людміла Барысенка, начальніца ўпраўленьня адукацыі Першамайскага раёну.

«У нас таксама ёсьць інфармацыя пра выпадак захворваньня ў 61-й школе, — сказала Людміла Барысенка. — У школе праводзяцца ўсе неабходныя мерапрыемствы, як у любой сытуацыі з эпідэміялягічнай нядобранадзейнасьцю».

Начальніца ўпраўленьня адукацыі таксама паведаміла, што вучні пачатковых клясаў у 61-й школе займаюцца ў асобным блёку.

Цяпер школьнікі на вакацыях. Ці адновяцца заняткі ў 61-й школе з 13 красавіка, вырашыць Міністэрства адукацыі. У кожным разе, бацькі маюць права напісаць заяву, каб іх дзіця не наведвала школу. Людміла Барысенка адзначыла, што прапрацоўваюцца варыянты, каб увесьці аддаленае навучаньне з элемэнтамі інфармацыйных тэхналёгій.

Паводле начальніцы ўпраўленьня адукацыі, у іншых школах Першамайскага раёну Менску выпадкаў COVID-19 не было зафіксавана.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру