8 красавіка ў рэанімацыі 2-й клінічнай бальніцы Барысава памёр Васіль Ліпілін. Яму было 50 гадоў, ён працаваў фельчарам на хуткай дапамозе. Паводле інфармацыі яго калегі, у Васіля была двухбаковая пнеўманія і станоўчы вынік тэсту на каранавірус. У калегаў памерлага медыка таксама ўзялі мазкі на каранавірус, піша Tut.by.

Фота са старонкі Васіля Ліпіліна

Фота са старонкі Васіля Ліпіліна

Васіль Ліпілін з жонкай жыў у аграгарадку Неманіца, за 10 кіламетраў ад Барысава. Разам яны ўтрымлівалі вялікую фермерскую гаспадарку.

Па словах калегі, Васіль адчуў сябе дрэнна 28 сакавіка. У той дзень у яго паднялася высокая тэмпература, таму ён папрасіў аднаго з калегаў памяняцца зменамі.

— Думаў, што адляжыцца за выхадныя — і ўсё будзе ў парадку.

Але ў панядзелак, 30 сакавіка, лепш не стала. Васіль звярнуўся ў паліклініку са скаргамі на тэмпературу і моцныя болі ў цягліцах.

Шпіталізавалі Васіля днём 4 красавіка, у цяжкім стане яго даставілі ў рэанімацыю 2-й клінічнай бальніцы Барысава, увечары таго ж дня падключылі да апарата ШВЛ.

Паколькі ў медыка дыягнаставалі двухбаковую пнеўманію, у яго ўзялі тэст на каранавірус. Першы даў адмоўны вынік, другі — станоўчы. Пра гэта калегам стала вядома 8 красавіка.

У калегаў з хуткай як кантактаў першага ўзроўню таксама ўзялі мазкі, аднак яны працягваюць працаваць. Трое з іх, па словах медыкаў, цяпер знаходзяцца на бальнічным з невялікай тэмпературай і сімптомамі ВРВІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?