09.04.2020 / 08:31

Расія і Саудаўская Аравія 9 красавіка абмяркуюць шляхі перамір'я ў нафтавай вайне

Краіны АПЕК+ у чацвер адновяць перамовы па рынку нафты пасля правальнай сустрэчы ў Вене ў пачатку сакавіка. Зрэшты, чакаць ад нарады імгненнай здзелкі не варта, бо ў гэты раз абмяркоўваецца аб'ём скарачэння здабычы амаль у тры разы большы, чым месяц таму, кажуць апытаныя tass.ru эксперты. Аднак цяпер рынак супакояць нават сумесныя заявы аб неабходнасці абмежаванняў і сігналы пра тое, што сякера вайны закапаная.

Погляды Расіі і Саудаўскай Аравіі ў нафтавай палітыцы разышліся перад сакавіцкай сустрэчай АПЕК+ у Вене, калі Эр-Рыяд прапанаваў узмацніць квоту па скарачэнні здабычы яшчэ на 1,5 млн б/с. Такім чынам, з красавіка зніжаць здабычу ў АПЕК+ прапаноўвалася ўжо на 3,2 млн б/c. Расія не пагадзілася, перамовы скончыліся нічым. 31 сакавіка пагадненне скончылася. Без яго краіны атрымалі магчымасць аднаўляць здабычу па сваім меркаванні.

З гэтага моманту, як прызнавалі назіральнікі, на рынку нафты пачалася цэнавая вайна. Яна выяўлялася ў заявах саўдзітаў нарасціць здабычу амаль на траціну — да 12,3 млн б/с. Ва ўмовах зніжэння попыту цэны нафты абваліліся да 20-гадовага мінімуму. Аднак пасля ўмяшання ЗША, найбуйнейшага ў свеце вытворцы нафты, каралеўства заявіла пра гатоўнасць аднавіць кансультацыі на базе АПЕК+.

Першапачаткова сустрэча планавалася на 6 красавіка, але з-за прапановы запрасіць да ўдзелу ў перамовах іншых буйных вытворцаў нафты з ліку G20 яе перанеслі на 9 красавіка. Усяго да ўдзелу АПЕК запрасіў 36 краін, сярод якіх ЗША, Канада, Бразілія, Мексіка і Нарвегія.

Мінэнерга РФ ужо пацвердзіла гатоўнасць знізіць здабычу ў рамках новых дамоўленасцяў на 1,6 млн б/с, што складзе прыкладна 14% ад сярэдняга ўзроўню здабычы краіны ў першым квартале, але партнёрам яшчэ ёсць што абмяркоўваць.

Так, калі Расея прапануе скарачаць здабычу ад узроўню першага квартала, то Саудаўская Аравія гатова адрэзаць толькі ад узроўню на пачатак красавіка, калі ён быў максімальным. Няма пакуль кансэнсусу і з нагоды размеркавання квот унутры АПЕК, а таксама аб перыядзе скарачэння. Іншай перашкодай у перамовах можа стаць пазіцыя Ірана, які выступіў супраць арганізацыі сустрэчы, не верачы ў яе паспяховасць.

Калі здзелка сарвецца, то цэны, у тым ліку на фізічным рынку, могуць абваліцца яшчэ ніжэй.

Пачатак перамоваў АПЕК+ запланаваны на 16:00, яны пройдуць у фармаце вебінара.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру