Кіраўнік БГКЦ, Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек расказаў «Радыё Свабода», зь якімі засьцярогамі царква рыхтуецца адзначыць Вялікдзень 12 красавіка.

Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек

Паводле архімандрыта Гаека, у парафіях БГКЦ рыхтуюцца да сьвяткаваньня Вялікадня ва ўмовах пандэміі. У Вялікі тыдзень у храмах і капліцах праходзяць асноўныя набажэнствы ў скарочаным варыянце. Людзей заклікаюць заставацца дома.

Але некаторыя вернікі, кажа герарх, усё ж хочуць у гэтыя дні маліцца са сьвятарамі. Таму цалкам набажэнствы не спыняюць, але скарачаюць іх.

«Напрыклад, у Вялікі чацьвер вечарам мы ня служым Ютрані 12-ці Эвангельляў Мукаў Хрыстовых і заклікаем вернікаў, каб біблейныя тэксты яны самі прачыталі дома».

Звычайна грэка-католікі сталіцы на Вялікдзень зьбіраюць вернікаў сваіх пяці менскіх парафіяў на агульнае набажэнства ў Чырвоным касьцёле. Звычайна прыходзяць 500 і болей людзей. Сёлета такога ня будзе.

«У нядзелю 12 красавіка самую галоўную Літургію Ўваскрашэньня ў менскіх парафіях служым пяць разоў, каб на кожнай службе не было занадта шмат вернікаў».

У апошнія тыдні, кажа архімандрыт, колькасьць удзельнікаў набажэнстваў рэзка зьнізілася.

«Старэйшых вернікаў і дзяцей просім заставацца дома. На працягу апошніх дзесяці дзён у храмы прыходзіць 20% тых, хто наведвае іх звычайна. На Вербную нядзелю ў Менску на кожнай службе было ўсяго па 10-15 вернікаў».

Кіраўнік Беларускай грэка-каталіцкай царквы кажа, што дазволіў вернікам не наведваць службы і сачыць за імі па інтэрнэце.

«Усе вернікі могуць не прыходзіць на набажэнства, але маюць права дома духоўна далучыцца да службаў, што праходзяць у храмах. Парафія ў Лідзе вядзе анлайн-трансьляцыю асноўных набажэнстваў Вялікага тыдня і Вялікдня».

Паводле архімандрыта Сяргея Гаека, сьвятары і вернікі стараюцца захоўваюць санітарныя нормы. У парафіях ёсьць дэзінфэктары, рэлігійныя цырымоніі адбываюцца без тактыльнага кантакту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?