09.04.2020 / 15:55

Тэнгіз Думбадзэ, адзіны дэпутат у масцы: Я спытаў у Караніка, ці не будзе нам сорамна праз 2-3 месяцы? 58

Палата прадстаўнікоў 9 красавіка праводзіла чарговае пасяджэнне. Адметна, што толькі адзін дэпутат парламента прыйшоў на пасяджэнне ў масцы — гэта былы тэлевядучы АНТ Тэнгіз Думбадзэ.

Фота Officelife.media.

На гэтым пасяджэнні дэпутат увайшоў у пікіроўку з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам.

«Ці не будзе нам сорамна праз 2-3 месяцы?» — спытаў Думбадзэ. «Нам не будзе», — адказаў Каранік.

«Наша Ніва» папрасіла Тэнгіза Думбадзэ падзяліцца ўражаннямі ад сённяшняга дня ў парламенце.

«Два дні я прымаю актыўны ўдзел у дабрачынных акцыях і наведваю медыцынскія ўстановы. Я рэальна ўбачыў, што гэтая праблема не жартоўная. Я пагаварыў шмат з кім з дактароў, бачу рэальны стан. І самае першае, чым мы можам павысіць уласную бяспеку — гэта сродкі перасцярогі, і маска — гэта самая маленькая дэталь.

Я вітаю, што ў нас у краіне няма панікі сярод насельніцтва — гэта выдатна. Але я рэаліст. Лепш за медыкаў ніхто не можа ведаць, ва што гэта ўсё можа выліцца. На сваім прыкладзе мы павінны паказваць, што трэба рабіць.

Сёння я казаў міністру [аховы здароўя Уладзіміру Караніку — «НН»], што, можа, прыйшоў час для больш жорсткіх мер. Ясная справа, што зачыняць заводы нельга, ва ўсім свеце сёння бачаць, які ўдар гэта па эканоміцы. Але ж могуць быць і іншыя крокі. Напрыклад, часова закрыць нерэнтабельныя прадпрыемствы, якія нічога не даюць, а людзі працягваюць хадзіць на працу. Можа, іх закрыем?

Можа, мы ўжо нарэшце не будзем саромецца і скажам, каб школьнікі і студэнты сядзелі дома? На гэта мне міністр адказвае, што такі эксперымент правялі ў БНТУ, а ў выніку ўсе студэнты сабраліся разам у інтэрнаце. Але што замінае вам зрабіць больш жорсткія меры? Калі знаходзіўся не на сваім месцы, то аж да адлічэння з універсітэта. Гэта жорсткая мера, але, упэўнены, народ бы зразумеў. Калі гэта пагроза для майго здароўя і здароўя маіх блізкіх, то я гатовы на такія меры.

Таму я сёння і спытаў у міністра, ці праўду вы кажаце кіраўніку дзяржавы, бо на вас вялізная адказнасць. На вагах жыцці людзей, а гэта самае галоўнае. Важна, каб нам не было сорамна за сённяшні дзень праз два-тры месяцы. Вы даяце гарантыю, што нам не будзе сорамна? Можа быць, тую альбо гэтую меру ўсё ж трэба прыняць? Усё ж для дабра людзей трэба рабіць.

Я цудоўна разумею, які ціск на Караніка, як ён павінен паспяваць па ўсёй краіне і рабіць вельмі ўзважаныя крокі. Канечне, ён інфармаваў пра нешта, але я хацеў большага. У мяне нават была ініцыятыва: давайце зробім пасяджэнне без прэсы, каб дэпутаты ведалі праўду, але міністр сказаў, што хаваць няма чаго, што ўсё нармальна. Але я застаюся пры сваім меркаванні.

Гэта не жарты, калі ва ўсім свеце ёсць такая эпідэмія, то яна не можа нас абысці. Чаму яшчэ я быў у масцы? Я ж прыйшоў пасля медыцынскай установы. Дзесьці ёсць гарантыя, што сярод 110 дэпутатаў няма хворых на каранавірус? Не, канечне. У нас жа тэсціруюць не ўсіх, а толькі тых, у каго нібыта ёсць рызыка заразіцца.

У нас наперадзе Вялікдзень, а пасля Радаўніца, калі мы ўсе ідзём на могілкі. Гэта ж які паток будзе. Я сам вернік, у мяне дома мноства абразоў. Я стану ля абраза і памалюся. Калі мая прысутнасць у царкве ці на могілках пагражае здароўю хаця б аднаго чалавека, то я гатовы сядзець дома.

Некаторыя калегі нават «бунтаром» назвалі, але я адчуваў падтрымку, бо дэпутаты ведаюць, што адбываецца ў іхніх рэгіёнах.

У нас ёсць інфармацыйны голад. Штодня павінны быць ток-шоу на дзяржаўных каналах з удзелам спецыялістаў. Наш народ жа які — калі ён пачуў, то паверыў. Давайце сваю інфармацыю. Пакажыце людзей, якія выздаравелі.

Мяне ўжо сталі папракаць, што я за жорсткасць. Так, калі гэта неабходна, калі выратуюцца людзі. Ніхто ж не ведае, калі гэта пойдзе на спад. Гэта ж нашы людзі, мы турбуемся за свае сем’і.

Мы праводзілі дабрачынную акцыю ў шостай бальніцы Мінска, і самі дактары надзелі мне маску ды далі некалькі ў запас. Сказалі, што проста так не адпусцім.

Я вельмі ўдзячны медыкам, што яны без спекуляцый робяць сваю справу. Колькі ўжо медыкаў, якія заразіліся хваробай гэтай. Мая прапанова — неяк заахвочваць іх, каб медыкі бачылі, што іх праца патрэбная людзям. Яны ж сёння як тыя ліквідатары ў Чарнобылі, якія першымі туды кінутыя, так цяпер дактары».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

12
Таки вот / Адказаць
09.04.2020 / 16:16
Ну хоть один наверху проявил себя не как манекен, а человек. Молодец Думбадзе.
20
Ляксей / Адказаць
09.04.2020 / 16:20
Ну малайчына
7
crusader / Адказаць
09.04.2020 / 16:20
Вы ўсе разам і кожны на сваём месцы зрабілі такія дзяржаўную, медыцынскую і інфармацыйную сістэмы. 
Вы. Не мы.
Чаму не смяёцеся? Не смешна? Не зразумелі? Гэта - БЕЛАРУСЬ!
Паказаць усе каментары/ 58 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру