Феліцыя Шымак больш за трыццаць гадоў адпрацавала ў сістэме аховы здароўя Стаўбцоўскага раёна, была лабаранткай. Цяпер ёй 61 год. 11 красавіка жанчына мелася сысці на пенсію, але якраз цяпер захварэла.

У яе знайшлі правабаковую пнеўманію сярэдняй цяжкасці. Лячылі ў Стаўбцоўскай раённай бальніцы. У пачатку тыдня ёй зрабілі тэст на каранавірус, але вынікаў яшчэ няма. 9 красавіка Феліцыю Вітольдаўну вырашылі перавесці ў Мінскую цэнтральную раённую бальніцу, куды змяшчаюць цяпер людзей з пнеўманіямі.

«Фактычна яе выставілі на вуліцу, а машыны на Мінск не было. Яна мне тэлефанавала, кажа, што ўжо 40 хвілін стаіць на вуліцы. У прыёмны пакой не пускаюць, бо баяцца, што ў яе каранавірус. Калі я стала званіць у бальніцу, то тады ўжо пусцілі. Але агулам чалавек з пнеўманіяй прастаяў на вуліцы амаль гадзіну!» — паскардзілася «Нашай Ніве» нявестка жанчыны.

У прыёмным пакоі Стаўбцоўскай бальніцы пацвердзілі, што такое сапраўды было, але яны сцвярджаюць, што ніхто Феліцыю Вітольдаўну на вуліцу не выганяў. «Яна сама выйшла, мо не зразумела, што машына пазней будзе. Калі ўбачылі, што яна стаіць на вуліцы, то сталі хутчэй клікаць назад. У яе прэтэнзій да нас няма, добра развіталіся, калі яна на Мінск паехала, пажадалі выздараўлення», — сказаў чалавек у прыёмным пакоі, які адмовіўся прадставіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?