Прэм`ер‑міністр Літоўскай Рэспублікі Андрус Кубілюс «упэўнены ў тым, што Беларусі патрэбны перамены».

Пра гэта ён заявіў, выступаючы 27 сакавіка ў Вільнюсе перад студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.

Паводле слоў Кубілюса, Літва бачыць «перспектывы пазітыўнага супрацоўніцтва» з Беларуссю і заўсёды выступала за развіццё дыялогу паміж Еўрасаюзам і рэспублікай, «за месца Беларусі ў Еўропе». Аднак пры гэтым, падкрэсліў прэм`ер‑міністр, Літва ніколі не была згодна з тым, «што для прагматычных мэтаў могуць быць забытыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі».

Кажучы пра ўдзел Беларусі ў ініцыятыве ЕС «Усходняе партнёрства», Кубілюс зазначыў, што «гэтая праграма будзе карысная для рэспублікі». У прыватнасці, паводле яго слоў, у межах «Усходняга партнёрства» плануецца стварэнне зоны свабоднага гандлю, а таксама лібералізацыя візавага рэжыму паміж краінамі Еўрасаюза і дзяржавамі — удзельніцамі гэтай праграмы.

Разам з тым кіраўнік літоўскага ўрада падкрэсліў, што «ёсць сувязь паміж удзелам ва «Усходнім партнёрстве» і тым, як сябе паводзяць улады краіны‑ўдзельніцы».

Кубілюс звярнуў увагу на тое, што пакуль не вырашана пытанне аб запрашэнні Беларусі на саміт «Усходняга партнёрства» ў маі.
«Думаю, што прадстаўнік Беларусі будзе ўдзельнічаць у саміце, але пакуль не вырашана, якога ўзроўню будзе гэты прадстаўнік. Але, думаю, што будзе знойдзена добрае рашэнне», — сказаў літоўскі прэм`ер.

Андрус Кубілюс узначаліў урад Літвы ў канцы лістапада 2008 года. Ён таксама кіруе кансерватыўнай партыяй «Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты», якая разам з некалькімі іншымі партыямі сфармавала кааліцыю паводле вынікаў апошніх парламенцкіх выбараў. Кандыдатуру Кубілюса на пасаду прэм`ер‑міністра падтрымаў прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0