Субота, на гадзінніку 19.00, галоўны ўрач 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Клумава Наталля Саевіч зноў едзе на працу. Ужо другі раз за дзень. Калі яна вернецца дадому, Наталля Іванаўна не ведае. Магчыма, як было не раз, дзверы сваёй кватэры адчыніць толькі ноччу. Але сёння для яе добры дзень: упершыню за тыдзень Наталля Саевіч убачыла сына Андрэя, медбрата аддзялення рэанімацыі 10-й клінічнай бальніцы. Невялікі перапынак дома — і сям'я медыкаў зноў раз'язджаецца па розных бальніцах ратаваць людзей, піша tut.by

На твары Андрэя — чырвоныя палоскі, гэта сляды ад рэспіратара і ахоўных акуляраў, на шыі крыжык. Разгледзець Наталлю Саевіч ў супрацьчумным касцюме немагчыма, але, калі яна яго здыме, там — такія ж сляды. Сляды каласальных нагрузак, і гэтыя шнары на медыках як напамін усім нам, праз што цяпер праходзяць лекары, ратуючы жыцці людзей.

З Наталляй Іванаўнай мы размаўляем у суботу ўвечары, калі яна едзе на працу. Ужо другі раз за дзень. Цяпер, падчас пандэміі, выхадных у дактароў няма, яны практычна жывуць у шпіталях і разумеюць: у найбліжэйшы час нагрузка стане толькі большай. Па прагнозах Міністэрства аховы здароўя, пік каранавіруса ў Беларусі чакаецца ў канцы красавіка — пачатку мая.

— Толькі што адвезла сына на працу ў 10-ю клінічную бальніцу. Андрэй — студэнт 6-га курса медуніверсітэта, два гады працуе медбратам у рэанімацыі і ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. Апошні тыдзень мы не бачыліся: Андрэй жыў на працы. У бальніцы створаны ўсе ўмовы, каб медыкі маглі ізалявацца, — распавядае Наталля Іванаўна.

У яе голасе чуецца радасць: упершыню за гэтыя дні яна змагла ўбачыцца з сынам, пагаварыць, а далей кожны спяшаецца на сваю працу.

— Час напружаны, у нашу 3-ю гарадскую клінічную бальніцу паступае шмат людзей з пнеўманіяй. Уся клініка аддадзена толькі для гэтых пацыентаў. Я сама пульманолаг і цяпер пачынаю працаваць як звычайны доктар, у гэтай сітуацыі няважна, якую ты пасаду займаеш. Важна: калі ты можаш дапамагчы сваім супрацоўнікам, падзяліцца сваімі ведамі, дапамагай! — адзначае Наталля Іванаўна.

— Нядаўна прайшла інфармацыя, што ў вашай бальніцы ляжаць цяжарныя, у якіх выяўлены каранавірус.

— Літаральна сёння наведвала дзяўчат, адчуваюць сябе добра, толькі ў адной з пацыентак пнеўманія. Яны паступілі да нас на працягу тыдня, тэрміны цяжарнасці — ад 15 тыдняў, максімальны — 38. Для дзяўчат мы выдзелілі асобны будынак, і да атрымання выніку аналізу яны ляжалі ў розных палатах. Вядома, непакояцца, як ім нараджаць. Але на здароўі дзіцяці гэта ніяк не адбіваецца, як і на здароўі будучых мам.

— Гэтыя пацыенты адзіныя ў вашай клініцы, у каго пацверджаны каранавірус?

— Так, астатнія пацыенты паступаюць да нас з пнеўманіяй, але на іх мы ўжо глядзім як на заведама інфікаваных. Чаму мы ходзім у ахоўных касцюмах? Таму што ва ўсіх у прыёмным аддзяленні бярэм мазкі на каранавірус. Вынікі прыходзяць праз 24—36 гадзін. Калі бачым клінічную карціну COVID-19, размяжоўваем людзей, каб пазбегнуць кантактаў. Калі вынік станоўчы, пацыенты шпіталізуюцца ў 6-ю і 10-ю бальніцу, інфекцыйную бальніцу.

«Спортам займаюся анлайн, стаўлю добрую музыку — і гэта зарад энергіі на цэлы дзень»

— За апошні час змяніліся і адчуванні медыкаў. Некалькі тыдняў таму, у самым пачатку пашырэння каранавіруса ў Беларусі, была нейкая невядомасць, яна палохала. Бо пачуццё страху ёсць у любога чалавека, усё роўна, доктар ты ці медыцынская сястра. Першыя дні, калі медыкі прымалі хворых людзей, яны не ведалі, як гэты прыём можа скончыцца для іх, ці ёсць у гэтага пацыента каранавірус ці не. Зараз у гэтым плане стала спакойна. Многія сталічныя медыцынскія ўстановы перапрафілююцца, напрыклад хірургі або гінеколагі пачынаюць працаваць пульманолагамі. Але гэта не значыць, што, прымаючы людзей, яны не ведаюць, як іх лячыць, у кожным аддзяленні ёсць пульманолаг, які прызначае лячэнне, — працягвае распавядаць Наталля Саевіч.

— Наталля Іванаўна, за апошні час змянілася ж і нагрузка на медыкаў. Яна цяпер каласальная.

— Так, таму што павялічылася колькасць заражаных людзей, а яшчэ ідзе вялікая плынь людзей, якія баяцца COVID-19 і ВРВІ прымаюць за каранавірус. Гэта таксама нагрузка на нас.

— Вам хоць удаецца паспаць?

— Імкнуся спаць 5—6 гадзін, але, калі прыязджаеш часам дадому а 2-й ночы, а а 6-й раніцы пад'ём, зразумела, часу на сон менш. Ва ўсіх медыкаў змяніўся лад жыцця. Напрыклад, я зараз спортам займаюся анлайн, стаўлю добрую музыку — і гэта зарад энергіі на цэлы дзень. У анлайн сышлі і моўныя курсы, абавязкова трэба надаваць час хобі.

— Вы распавядалі, што сын прыняў рашэнне жыць на працы і тым самым ізалявацца ад сям'і, каб не падвяргаць рызыцы адно аднаго. У вашых падначаленых таксама ёсць такая магчымасць?

— Так, Мінгарвыканкам прадаставіў медыкам гатэль у Серабранцы, там вельмі добрыя ўмовы. Напрыклад, 10 красавіка ў гатэлі спыніліся 12 супрацоўнікаў нашай клінікі. Гэта тыя, хто працуе ў рэанімацыі, у пульманалогіі, а таксама тыя, хто жыве не ў Мінску.

«Маладыя супрацоўнікі сталі браць дадатковыя змены, каб старэйшыя дактары не рызыкавалі»

— Цяпер так шмат людзей, якія хочуць дапамагчы медыкам. Рыхтуюць для іх абеды, збіраюць грошы на сродкі абароны, самі шыюць маскі і хірургічныя халаты. Вы заўважылі, як беларусы аб'ядналіся ў гэтыя дні?

— Думаю, любы галоўны ўрач скажа, што адчувае гэтую згуртаванасць. Гэта не бяда, гэта праблема, і яна раптам паказала найлепшыя якасці людзей. Да мяне прыходзяць незнаёмыя людзі, якія прыносяць пальчаткі, папяровыя ручнікі, пялёнкі. Да дабрачыннасці падключыліся банкі, страхавыя кампаніі, напрыклад прадзюсерскі цэнтр «Спамаш» правёў анлайн-марафон, людзі ахвяравалі нашай клініцы 23 тысячы рублёў. Ведаеце, я была здзіўленая: жыхары Слуцка, Брэста пералічвалі на наш рахунак ад 5 да 200 рублёў. Справа нават не ў грошах, а ў тым, як яны адгукаюцца на гэтую праблему.

А яшчэ з намі звязаўся дырэктар рэстарана Woogly, прапанаваў забяспечыць супрацоўнікаў клінікі гарачай ежай. Пачыналі мы з 50 порцый у дзень, а зараз, калі адкрыліся новыя аддзяленні, на змену выйшла больш персаналу, ужо дастаўляюць 100 порцый ссабоек. Літаральна ўчора патэлефанаваў пасол Грузіі ў РБ Валерый Кварацхелія, ён сам доктар па адукацыі, разумее ўсю сітуацыю, становішча медыкаў і прапанаваў, каб адзін з грузінскіх рэстаранаў прывозіў нам ежу ў вячэрні час, калі нашы супрацоўнікі застаюцца ў начную змену.

Мы ўдзячныя ўсім: ад простага чалавека да бізнэсмена. Дзякуй, што адгукаецеся!

— Многія прызнаюцца: сітуацыя з каранавірусам стала штуршком, каб перагледзець некаторыя каштоўнасці, зразумець, наколькі любіш і беражэш блізкіх, як важны кожны дзень жыцця. Вы лавілі сябе на такіх думках?

— Вядома, а яшчэ я па-іншаму паглядзела на моладзь. Цяпер ведаю: на любога свайго маладога лекара, медсястру магу пакласціся як на сябе. Яны сталі браць дадатковыя змены, каб калегі старэйшага веку не прыходзілі на працу, бо яны больш рызыкуюць.

Гэтая сітуацыя пакажа: яшчэ не ўсё страчана. Апошнім часам людзі былі азлобленымі, ім чагосьці ўвесь час не хапала, а зараз глядзіш сацыяльныя сеткі, і ніхто больш на медыкаў не лаецца. Неяк увечары назірала карціну: у прыёмным аддзяленні чарга, але ніякай незадаволенасці. Усе разумелі: доктар заняты такім жа пацыентам, як ты, ён абавязкова цябе паглядзіць. Не паверыце, за апошні час ніводнай скаргі, толькі падзякі.

— Наталля Іванаўна, што зробіце перш за ўсё, калі каранавірус скончыцца?

— У мяне сарвалася паездка ў сакавіку ў Вену, а я так люблю гэты горад. Напэўна, ажыццяўляючы сваю мару, калі ўсё скончыцца, вярнуся яшчэ раз у Вену. А наогул сітуацыя паказала, наколькі важныя адносіны паміж блізкімі. Калі шчыра, перажываю за бацькоў, прывожу ім прадукты пад дзверы і сыходжу. Нам, медыцынскім работнікам, так хочацца быць побач з сям'ёй у гэты момант, але нельга падвяргаць родных рызыцы, трэба пачакаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?