развіваецца вакол Алеся Смаленчука.

Напярэдадні Дня Волі ў вучэбным корпусе Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта адбылася гутарка «Постаці Беларускай Народнай Рэспублікі», прысвечаная стваральнікам першай беларускай дзяржавы ў ХХ стагоддзі. Яе вёў Алесь Смалянчук, дырэктар Інстытуту гістарычных даследаванняў Беларусі (ЕГУ).

Інстытуту гістарычных даследаванняў Беларусі ўсяго два гады, але ён ужо разгарнуў актыўную дзейнасць,
імкнучыся развіваць такі накірунак як гістарычная антрапалогія. Гэтая дзейнасць праяўляецца ў арганізацыі навуковых канферэнцыяў, прысвечаных праблемам гістарычнай памяці (напрыклад, «Вільня ў памяці народаў рэгіёну» разам з Інстытутам гісторыі Літвы у траўні 2008 году); рэалізацыі некалькіх доўгатэрміновых даследчых праектаў (у іх ліку «Беларусістыка ў архівах і бібліятэках Вільні»); арганізацыі летніх навуковых экспедыцый oral history («ХХ стагоддзе ў вуснай гісторыі жыхароў Беларусі»). І, нарэшце, у рэалізацыі ўласнай выдавецкай праграмы ў межах ЕГУ.
На мінулым тыдні Інстытутам былі прэзентаваныя два выданні — «Гісторыя Беларусі найноўшага часу ў дакументах і матэрыялах» (уклад. Ю.Бачышча) і курс лекцый прафесара Захара Шыбекі «Гарадская цывілізацыя. Беларусь і свет».
Паколькі выданне гэтых кніг на Беларусі праблематычна, друкаваць іх давялося ў Вільні, а ў Мінску іх можна знайсці толькі ў «Акадэмкнізе».

Таксама варта назваць гадавік антрапалагічнай гісторыі Homo Historicus 2008 (рэд. А.Смалянчук і І.Дубянецкая), які, паводле апытання «НН», увайшоў у «пяцёрку» найбольш вартасных навуковых выданняў Беларусі мінулага году.

Пра дзейнасць, праблемы і перспектывы Інстытуту гістарычных даследаванняў «НН» распавёў прафесар Алесь Смалянчук:

Галоўнай мэтай нашай навуковай дзейнасці з’яўляецца пашырэнне такога бачання беларускай гісторыі, у цэнтры якога знаходзяцца тыя, каго вядомы даследчык Арон Гурэвіч аднойчы назваў «маўклівай большасцю гісторыі». Асэнсаванне гісторыі скрозь прызму жыцця людзей, што амаль не пакінулі следу ў архіўных дакументах – складаная, але захапляльная задача. Яна непазбежна паспрыяе разуменню мінулага не як свайго роду «гісторыі палявання, напісанай зайцам», а як выніку дзейнасці жыхароў беларускай зямлі…

Якія тэмы вашыя супрацоўнікі даследуюць зараз?

Калі мы толькі стваралі Інстытут, жаданне супрацоўнічаць выказала каля 30 беларускіх даследчыкаў. Старшынёю Навуковай Рады быў абраны вядомы гісторык Захар Шыбека. Сярод праектаў хацеў бы адзначыць вялікую працу па вывучэнні крыніц, датычных беларускай гісторыі ў віленскіх архівах і бібліятэках.

У прыватнасці, мы пачалі грунтоўна вывучаць матэрыялы былога Архіву КДБ Літоўскай ССР (сёння Літоўскі асаблівы архіў). Вывучаем следчыя справы Антона Луцкевіча (копіі матэрыялаў былі перададзеныя Анатолю Сідарэвічу), Клаўдзія Дуж‑Душэўскага, Адольфа Клімовіча, Адама Станкевіча, Янкі Шутовіча ды іншых беларускіх дзеячаў.

Таксама спрабуем знайсці дакументы, якія пралілі б святло на загадку магілы Каліноўскага ў Вільні.

Падчас гэтай працы сярод матэрыялаў польскага Таварыства прыхільнікаў навукі (пачатак ХХ ст.) былі знойдзеныя лісты яго пляменніц, якія ўтрымліваюць цікавую інфармацыю, што датычыць маладосці Каліноўскага.

У фондзе літоўскага гісторыка Аўгусцінаса Янулайціса знойдзеныя дакументы, звязаныя з яго старэйшым братам Віктарам. На старонках польскага перыядычнага друку міжваенных часоў спрабуем прасачыць лёс мемарыялу паўстанцам, што калісьці знаходзіўся калі вежы Гедыміна на Замкавай гары і г.д. Праведзеныя даследаванні будуць больш шырока прадстаўленыя на канферэнцыі «Кастусь Каліноўскі ў гістарычных дакументах і культурнай традыцыі», якую плануем правесці ў Менску ў верасні гэтага года.

Яшчэ адным накірункам з’яўляецца вывучэнне дакументаў Цэнтральнага Дзяржаўнага архіва Літвы, які ўтрымлівае матэрыялы па гісторыі беларускага руху міжваеннага перыяду і дазваляе грунтоўна даследаваць феномен «Грамады». Прычым з пункту гледзішча яе шараговых сяброў.

Якія задумы маеце на бліжэйшы час?

У нашых планах правядзенне трэцяй гісторыка‑этнаграфічнай экспедыцыі па Беларусі «Шляхам Доўнар‑Запольскага». Паспрабуем прайсці тым маршрутам, якім падарожнічаў малады беларускі даследчык па Палессю ўлетку 1890 г. Дарэчы, чарговы нумар гадавіка «Homo Historicus» апублікуе матэрыялы з таго падарожжа «Заметки из путешествия по Белоруссии»

Ці ўключаныя ў дзейнасць Інстытуту студэнты ЕГУ?

Пад патранажам вядомых гісторыкаў ва універсітэце пачаў дзейнічаць навуковы студэнцкі гурток імя Міколы Улашчыка (старшыня Андрусь Мастыка). Імкнемся заахвочваць студэнтаў да ўдзелу ў навуковых даследаваннях. Гэта карысная школа і для развіцця навуковых здольнасцяў і для разумення каштоўнасці беларускай гісторыі і культуры.

Што стрымлівае развіццё вашага перспектыўнага даследчага цэнтру?

Стрымліваючым фактарам застаецца адсутнасць фінансавання Інстытуту. Амаль усё што было зроблена і што робіцца сёння – вынік самаахвярнай працы яго супрацоўнікаў. Калісьці мы разлічвалі на дапамогу Універсітэту, але пагаршэнне агульнай фінансавай сітуацыі, а таксама тое, што гісторыя Беларусі не належыць да прыярытэтных накірункаў развіцця ЕГУ, развеяла нашы надзеі. Будзем шукаць сродкі самастойна.

…А згаданая напачатку гутарка выклікала нечакана вялікую цікавасць студэнтаў ЕГУ. Аўдыторыя была перапоўненая, студэнты задавалі шмат пытанняў. Запрашэнне на лекцыю было своеасаблівай праверкай, якой колькасці людзей неабыякавая гісторыя. Стала відавочна, што студэнтаў універсітэту хвалююць такія праблемы, як лёс беларускай дзяржаўнасці, мовы і культуры. Сярод моладзі спакваля з’яўляецца разуменне, што немагчыма стаць еўрапейцам, не стаўшы беларусам, не адшукаўшы ўласны дом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?