У панядзелак, 13 красавіка, актывісты заявілі, што пажар у Чарнобыльскай зоне ва Украіне дабраўся да Прыпяці і набліжаецца да сховішчаў радыеактыўных адходаў. Па іх словах, «сітуацыя склалася крытычная».

Пра гэта паведаміў старшыня «Асацыяцыі чарнобыльскіх тураператараў», член грамадскага савета пры Дзяржагенцтве па кіраванні зонай адчужэння Яраслаў Емяльяненка.

«Сітуацыя крытычная. Зона палае. Мясцовая ўлада дае справаздачу, што ўсё пад кантролем, але насамрэч агонь імкліва захоплівае новыя тэрыторыі. У мяне два варыянты: або ўраду не даводзяць рэальную сітуацыю, або ён абраў палітыку замоўчвання савецкай улады, як у 86 годзе», — напісаў ён.

Па словах Емяльяненкі, зараз агонь дабраўся да Прыпяці і знаходзіцца за два кіламетры ад сховішчаў радыеактыўных адходаў «Падлесны», дзе размешчаны найбольш высокаактыўныя радыяцыйныя адыходы ўсёй Чарнобыльскай зоны.

Паводле ўкраінскіх ратавальнікаў, па стане на 17-ю гадзіну 13 красавіка ў зоне адчужэння працягваецца тушэнне пажараў.

Ратавальнікі запэўніваюць, што пажар, які цяпер палае ў Чарнобыльскай зоне, не пагражае ЧАЭС і сховішчу радыеактыўных адходаў.

Радыяцыйны фон у Кіеве і Кіеўскай вобласці ў межах нормы і не перавышае натуральных фонавых значэнняў.

Ва Украіне ў Чарнобыльскай зоне адчужэння ратавальнікі ўжо больш за тыдзень спрабуюць справіцца з ляснымі пажарамі, што пачаліся 4 красавіка.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?