13 красавіка з сайтаў Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены знікла статыстыка па інфіцыраваных каранавірусам, апублікаваная на мінулым тыдні. На гэта звяртае ўвагу Intex-press.by.

Намесніца галоўнага доктара Баранавіцкага занальнага цэнтра Вольга Аніскевіч сказала, што інфармацыю наконт каранавіруса трэба браць з афіцыйных сайтаў. У адказ на тое, што лічбы не толькі не абнаўляюцца, але і зніклі, чыноўніца сказала, што па статыстыцы нічога новага не дадасць. На яе думку, усе ведаюць, што хворыя на каранавірус у Баранавічах ёсць. А як змяняецца іх колькасць, не надта цікава.

«Гэта ўжо нікому не цікава, у якой колькасці яны павялічацца. Народ пачынае супастаўляць, на якую вуліцу прыязджала машына [хуткай дапамогі]. Пакуль яшчэ не пішуць на платах прозвішчы [хворых], але могуць пачаць гэта рабіць. Статыстыка — гэта не тое, што трэба ведаць людзям. Ім трэба разумець, калі будзе заціхаць працэс, што для гэтага трэба рабіць, каго сёння могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці».

Паводле Аніскевіч, яна мае зводкі, але ў іх распаўсюджванні бачыць толькі шкоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0